Гэты "звычаны цуд" паўтараецца штогод: пакуль улетку навучэнцы Жабінкаўскай спецыяльнай сярэднеадукацыйнай школы-інтэрната адпачываюць, у іх навучальнай установе не спыняюцца рамонтныя работы. Робіцца ўсё, каб святочны верасень сустрэў дзяцей у абноўленай школе, належна падрыхтаванай да новага навучальнага года.
— Так, у прыемную для дзіцячага адпачынку летнюю пару, — гаворыць дырэктар установы Аляксандр Кавальчук, — нашы навучэнцы праходзяць аздараўленне ў летніках, прынамсі, у "Арляняці", размешчаным на тэрыторыі Жабінкаўскага раёна, а таксама ў айчынных санаторыях, частка дзяцей адпачывае ў Італіі. Аднак неўзабаве ўжо і 1 верасня, таму ў гэты самы час ні на адзін дзень не спыняюцца рамонтныя работы.

У пацвярджэнне гэтых слоў дастаткова прайсці па навакольнай тэрыторыі, зазірнуць у карпусы школы-інтэрната, дзе шчыруюць будаўнікі. Дзеля гэтага, як заўсёды з абласнога бюджэту, выдаткаваны немалыя сродкі. Сёлета — гэта 700 мільёнаў (тут і надалей кошты ў недэнамінаваных рублях).
Грошы аказаліся патрэбнымі перш-наперш на добраўпарадкаванне навакольнай тэрыторыі. На гэтыя патрэбы да пачатку навучальнага года будзе асвоена больш за 230 мільёнаў рублёў. Работы праводзяцца сіламі Жабінкаўскага ДРБУ № 103, якое ўзначальвае Алег Марчанка. Пры гэтым улічваюць будаўнікі і асаблівасці навучэнцаў установы. Дзеля стварэння для іх безбар'ернага асяродку на тратуарах пакладзена такцільная плітка, што дазваляе невідушчым дзецям арыентавацца пад час руху, уладкаваны поручні ды пандусы ля ўваходах у спальны і вучэбны карпусы. Акрамя таго наносіцца кантрасная расфарбоўка, што таксама дапамагае навучэнцам лепш арыентавацца ў асяродку.
Наступны крок у абнаўленні, які робіцца адначасова з добраўпарадкаваннем, — бягучы рамонт сталоўкі, што абыдзецца ў 135 мільёнаў рублёў, сіламі працаўнікоў берасцейскай фірмы "Барокабуд".
— Даўно ўжо, — расказвае далей Аляксандр Андрэевіч, — патрабавалася замена старых дзвярных блокаў на супрацьдымныя, як патрабавала служба МНС, і вось зараз, пасля выдаткавання 58 мільёнаў рублёў, стала магчыма правесці гэтыя работы.
Ужо да сярэдзіны жніўня яны цалкам былі выкананы прыватнай фірмай з Кобрына "Шклоліт".
Адначасова праведзена і абнаўленне даху ў гаспадарчым корпусе школы-інтэрната. На гэтых работах былі заняты спецыялісты берасцейскай фірмы "Тэнкан", работы каштавалі больш за 39 мільёнаў рублёў. А бягучы рамонт участкаў дахаў і парапетаў вучэбнага і спальнага карпусоў, што каштаваў больш за 30 мільёнаў, праводзіцца сіламі жабінкаўскай сельгастэхнікі, якую ўзначальвае Уладзімір Дземідзюк.
Не забываюцца будаўнікі і пра абнаўленне вадапровада ў сталоўцы. Для гэтага выдаткавана 48 мільёнаў рублёў, якія асвойваюць працаўнікі кобрынскай фірмы "Беллейдэн". А вось берасцейская арганізацыя "Благамір" сёлета парупілася, каб у школе-інтэрнаце належным чынам была адрамантавана сістэма ацяплення: вядома ж, пра тое, каб утульна было ў зімовую непагадзь ды маразы, думаць патрэбна ўжо ўлетку. Гэтыя работы каштавалі прыблізна 12 мільёнаў рублёў.
Кіраўнік навучальнай установы падкрэслівае:
— Каб на працягу ўсяго навучальнага года дзецям з праблемамі зроку было прыемна і лягчэй было займацца ў прыгожых адрамантаваных класах, у агульнай пачэснай працы не стаяць убаку і працаўнікі самой школы-інтэрната. Каму як не ім ведаць, што добрыя вынікі ў навучанні залежаць таксама і ад прыгажосці, што атуляе дзяцей. І дарослыя сваімі рукамі з ахвотай гэтую прыгажосць ствараюць. У выніку патрачана яшчэ 30 мільёнаў рублёў дзеля набыцця будаўнічых матэрыялаў, неабходных для рамонту ўнутраных памяшканняў. І гэтыя работы паспяхова праводзяцца. З упэўненасцю можна гаварыць, што ў вераснёўскія дні і вучні, і іх педагогі, як заўсёды, завітаюць у клапатліва абноўленыя класы.

Са старонкі газеты "Сельская праўда"