Лета павольна і велічна пераходзіць у восень, а настаўніцкая праца не ведае сезонаў. Мінаюць месяцы, гады, а Сцяпан Пятровіч Куніцкі, настаўнік беларускай мовы і літаратуры, старшыня прафсаюзнага камітэта ДУА "Дабромысленскі дзіцячы сад-сярэдняя школа", вось ужо саракавы год пераступае парог класнага пакоя, вітаецца з дзецьмі і пачынае тварыць, адкрывае ім нязведаны свет.
7 верасня ён адзначыў свой 60-гадовы юбілей. У госці да юбіляра завіталі старшыня Брэсцкага абласного камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Харытановіч В.А., старшыня Івацэвіцкага райкама галіновага прафсаюза Разумейчык В.В., члены райкама. У святочнай атмасферы юбіляра віншавалі сацыяльны партнёр, дырэктар ДУА "Дабромысленскі дзіцячы сад-сярэдняя школа" Казлоўскі М.К., увесь калектыў сада-школы.
Напярэдадні прафесійнага свята Дня настаўніка хочацца расказаць пра жыццёвы і педагагічны шлях гэтага выдатнага настаўніка, прафсаюзнага актывіста, які ўсё сваё жыццё прысвяціў выхаваннню і навучанню падрастаючага пакалення і прафсаюзнай рабоце.

kunitskijПачалася жыццёвая дарога Сцяпана Пятровіча ў вёсцы Крывошын Ляхавіцкага раёна, у сям'і рабочых. Бацька працаваў у мясцовым камбінаце рабочым па рамонту абутку, а маці – санітаркай у псіханеўралагічнай бальніцы. Яго матуля зведала ўсе жахі фашысцкага палону.
У дзяцінстве ён вельмі часта са сваёй сястрычкай-двайняшкай і аднагодкамі любіў гуляць у школу. Неяк маці сказала свайму мужу Пятру: "Мабыць, наш малодшы сынок будзе настаўнікам".
І не памылілася. Ён спраўдзіў іх надзеі. Падчас вучобы ў школе ён вельмі любіў гісторыю, нямецкую мову, беларускую мову і літаратуру. У восьмым класе ў школу прыйшоў працаваць настаўнікам беларускай мовы і літатаруры Мікалай Паўлавіч Юруць. Ён запаліў у сэрцы юнака факел любові да матчынай песні, да гісторыі роднай зямлі. У 10-м класе Сцяпан канчаткова вырашыў: прыкладу ўсе намаганні і стану настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. І ў 1973 годзе паступае ў Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.С.Пушкіна на філалагічны факультэт.
Саракавы год ён працуе на педагагічнай ніве ў нашым раёне. І ўсе гэтыя гады ў яго душы і сэрцы "жывуць словы", якія калісьці яму сказаў яго незабыўны і дарагі настаўнік М.П.Юруць: "Сцяпан, калі хочаш стаць сапраўдным настаўнікам, то вучыся усё жыццё, тады будзеш мець права вучыць іншых". Гэтыя словы для яго як настаўніцкі запавет, якога ён прытрымліваецца на працягу ўсяго свайго педагагічнага шляху.
У студэнцкія гады Сцяпан атрымаў першыя ўрокі прафсаюзнай работы. На першым курсе ён сустрэўся з цудоўным чалавекам, студэнтам 4-га курса Анатолем Наканечнікам ( у той час быў старшынёй студсавета інтэрната). Ён заўважыў актыўнасць першакурсніка і прапанаваў старшыні прафбюро факультэта выбраць яго прафарганізатарам групы. А ўжо на трэцім курсе Сцяпан стане старшынёй прафсаюзнага бюро факультэта.
З 1977 года працуе на педагагічнай ніве ў Івацэвіцкім раёне. Сцяпан Пятровіч успамінае:
- 7 жніўня 1977 года прыйшла тэлеграма з РК КПБ на дамашні адрас, у якой было напісана, каб 8 жніўня прыехаў у райком партыі. Колькі слёз праліла мая матуля, думаючы, што я ў нечым правініўся. Тагачасны загадчык райана Яўген Андрэевіч Крываль павёў мяне на прыём да першага сакратара М.І.Валчэцкага, які адразу паведаміў мне аб тым, што прынята рашэнне аб назначэнні мяне дырэктарам Руднянская васьмігадовай школы. Я не мог зразумець, як мяне маглі адразу са студэнцкай лавы назначыць на такую высокую пасаду. Я быў не згодзен. Цяжка на душы. Што я буду рабіць? Мяне да гэтага не рыхтавалі. Зноў вярнуўся ў прыёмную райана і чакаў накіравання на работу, а вочы былі поўныя слёз. Да мяне падышоў Антон Рыгораыіч Горбач, дырэктар Быценскай СШ, і запытаў: "У чым справа? Чаму ты так расхваляваны?" Суцешыў, даў параду і стаў у будучым маім дарадцам і добрым сябрам.
З 1977 па 1979 год працуе дырэктарам Руднянскай восьмігадовай школы і настаўнікам беларускай мовы і літатратуры. На першае працоўнае месца ён дабіраўся і аўтобусам, і пешшу. Тады было вельмі даждлівае лета. Дарога ад Целяхан да Рудні была разбіта. Аўтобус давёз толькі да Целяхан. А з сабою быў толькі чамадан і сакваяж са студэнцкімі канспектамі. 20 км ішоў пешшу. У душы панаваў неспакой. Як яго сустрэне былы дырэктар школы? Што падумае аб ім? Але ўжо пры першай сустрэчы знік трывожны стан. Ён (Мікалай Нікіфаравіч Роля) абняў Сцяпана Пятровмча па-бацькоўску, пажадаў плёну ў працы і запрасіў у школу. Счяпан Пятровіч з вялікай павагай успамінае настаўнікаў гэтай школы, у якіх вучыўся педагагічнаму майстэрству. Гэта Надзея Трафімаўна Роля, Антаніна Антонаўна Татарэвіч, Надзея Пятроўна Шляжка, Марыя Вікенцьеўна Шляжка.
Адпрацаваўшы два гады, хацеў пераехаць на працу ў Ляхавіцкі раён: цяжка хварэлі бацькі, вельмі далёка ад раённага цэнтра, клікала на працу родная школа. Новы загадчык райана Аляксей Ульянавіч Пархута прапанаваў яму работу дырэктарам Турнянскай васьмігадовай школы. Пасля доўгіх разваг згадзіўся. І з 1979 па люты 1981 працаваў у гэтай школе. Быў праведзены капітальны рамонт школы, сам Сцяпан Пятровіч разам з вучнямі хадзіў у паходы. Школьны даследча-вопытны ўчастак быў адным з лепшым у раёне. І ў гэтай школе сустрэўся з вопытнымі і цудоўнымі настаўнікамі, у якіх вучыўся і ўдасканальваў сваё педагагічнае майстэртства: Мікалай Арцёмавіч Дзядок (былы дырэктар), Марыя Іларыёнаўна Котава, Надзея Аляксееўна Ігнацюк, Кацярына Андрэеўна Барысава, Кацярына Аляксандраўна Чабатар.
Затым с лютага 1981 года па верасень 1983 года – дырэктар Святавольская СШ. Пад яго кіраўніцтвам быў адрамантаваны дах школы, праведзена праточная вада. Сцяпан Пятровіч быў арганізатарам і кіраўніком лагера працы і адпачынку. Вучні разам з настаўнікамі даглядалі 5 га кармавых буракоў у калгасе імя Калініна, зарабілі 1000 рублёў. Для вучняў была арганізована 10-дзённая экскурсія ў Крым. З вялікай любоўю Сцяпан Пятровіч успамінае настаўнікаў школы Мікалая Давыдавіча Зінкевіча, Веру Васільеўну Туманік, Паліну Міхайлаўну Чарнуху, Еўдакію Герасімаўну Каленік, Уладзіміра Дзмітрыевіча Каленіка, Паліну Піліпаўну Федарцову, Марыю Пятроўну Янковіч, Надзею Аляксееўну Радзіонаву, Валянціну Мікалаеўну Джэжора, Глафіру Дзянісаўну Вярбіцкую.
З верасня 1983 года па студзень 1990 года працуе выхавальнікам і настаўнікам рускай мовы і літературы ў Югалінскай дапаможнай школе-інтэрнаце. Калектыў школы ў кастрычніку 1983 года выбірае яго старшынёй прфсаюзнага камітэта. У 1987 годзе Сцяпан Пятровіч завочна закончыў Мінскі педагагічны інстытут імя Горкага па спецыяльнасці дэфекталогія і лагапедыя. Як старшыня прафкама, праводзіў значную работу з калектывам і ветэранамі працы, клапаціўся аб стварэнні добрага мікраклімату ў калектыве. У сваю чаргу адчуваў падтрымку ад калег: Мікалая Уладзіміравіча Случаноўскага, Георгія Васільевіча Міхеева, Івана Міхайлавіча Сяледчыка, Ганны Антонаўны Ляўчук, Сяргея Васільевіча Койды і інш.
У 1989 годзе сустракае сваю дарагую і любімую сяброўку жыцця Таццяну, з якой пабудуюць сваю хату у Дабромыслі, выгадуюць цудоўную дачушку Вікторыю.
З студзеня 1990 года і па сённяшні дзень працуе настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў ДУА"Дабромысленскі дзіцячы сад-сярэдняя школа", з'яўляецца старшынёй прафсаюзнага камітэта. Школа на працягу многіх гадоў прымае актыўны ўдзел у культурна-массавых і спартыўных мерапрыемствах, якія праводзіць райкам прафсаюза. У 2010 годзе заняла першае месца ў раённым турыстычным злёце сярод устаноў адукацыі раёна, у 2014 – 3 месца ў раённай спартакіядзе па розных відах спорту. У 2015 годзе прафсаюзны камітэт школы стаў пераможцам у раённым, абласным і рэспубліканскім аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю па ахове працы. Усё гэта не было б магчыма без педагогаў, з якімі давялося працаваць Сцяпану Пятровічу: Таццянай Ігнатаўнай Казлоўскай, Таццянай Рыгораўнай бегунец, ірынай Міхайлаўнай Сцепанчук, Пятром Мікалаевічам Мінюком, Марыяй Іванаўнай Ляўко, Вольгай Аляксандраўнай Гардзіеўскай, Ларысай Георгіеўнай Сплендзер і інш. Асаблівыя словы падзякі ён адрасуе былому дырэктару школы Віктару Пятровічу Гардзіеўскаму і цяперашняму калектыву установы адукацыі.
З цеплынёй Сцяпан Пятровіч успамінае былых старшынь райкама прафсаюза Міхаіла Фёдаравіча Мельнікава, Уладзіміра Мікалаевіча Васілеўскага, Мікалая Андрэевіча Кузьмара. Яму заўжды прыемна наведваць Брэсцкі абкам галіновага прафсаюза (старшыня Віктар Андрэвіч Харытановіч), бо там працуюць людзі, якія заўжды прыйдуць на дапамогу чалавеку.
Як і ў кожнага чалавека, у Сцяпана Пятровіча ёсць свае захапленні. Ён больш за 30 гадоў з'яўляецца членам Рэспубліканскага клуба аматараў кнігі. Любіць чытаць мастацкую і гістарычную літаратуру, ім выпісана ўжо не адна сотня любімых кніг. Ён вялікі аматар збору ягад, грыбоў. Разам з калегамі па рабоце і вучнямі здзейсніў не адзін дзесятак пешых і веласіпедных паходаў па розных гістарычных мясцінах шаноўнай Бацькаўшчыны. У апошнія гады цесна супрацоўнічае з газетай "Івацэвіцкі веснік", "Настаўніцкай газетай". Нямала напісана ім артыкулаў разам з настўніцай гісторыі Таццянай Анатольеўнай Голік. Прымае актыўны удзел у грамадскім жыцці сельскага Савета. Усё сваё працоўнае жыццё з'яўляецца старшынёй выбарчай камісіі па правядзені выбараў і рэферэндумаў.
Неаднаразова ўзнагароджваўся Граматамі раённага, абласнога камітэтаў прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, у 2014 годзе – Грамай ЦК галіновага прафсаюза. У 2015 годзе атрымаў нагрудны знак "За адданасць галіноваму прафсаюзу", Грамату раённага аб'яднання прафсаюзаў.
Сцяпан Пятровіч Куніцкі быў дэлегатам VI, VII, VIII з'ездаў галіновага прафсаюза, VII з'езда Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. У сваім выступленнні на VIII з'ездзе галіновага прафсаюза разам з іншымі дэлегатамі выказаў канкрэтныя прапановы па павышэнні сацыяльнага статусу педагагічных кадраў, што знайшло сваё адлюстраванне ў Праграме дзейнасці ФПБ на 2015-2020 гады. Ён з'яўляецца членам ЦК галіновага прафсаюза, членам прэзідыума раённага і абласнога камітэтаў.
– Праца настаўніка і прафсаюзная работа – гэта сэнс майго жыцця і настаўніцкага лёсу. Прафесію настаўніка я нясу заўжды годна, ганаруся ёю, таму што люблю дзяцей і праца з імі прыносіць мне радасць і задавальненне. Ніколі не быў кар'ерыстам, выконваў сваю работу добрасумленна. Я ганаруся тым, што дзесяць маіх былых вучняў працуюць настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры. У маім жыцці было шмат усяго, не было толькі аднаго: шкадавання аб тым, што выбраў педагагічны шлях, што прыйшоў працаваць у школу, – гаворыць Сцяпан Пятровіч. За сваю педагагічную дзейнасць ён узнагароджаны Граматамі райана і аблана, Міністэрства адукацыі.
У сваім жыцці ён кіруецца запаветам сваіх бацькоў: "Дзе б ты ні быў, у якую б жыццёвую сітуацыю не трапіў, заставайся заўсёды справядлівым і чэсным, нікому не хлусі, і ў тым ліку свайму сумленню, чаго б табе гэта не каштавала".

Старшыня райкама прафсаюза Разумейчык В.В.