Ірына Аляксандраўна Пятручык (у дзявоцтве Зарэмба) з дзяцінства марыла быць педагогам. Першая яе настаўніца Валянціна Філімонаўна Кірылюк гаварыла маме: “У вас, Галіна, расце будучы педагог”. Пасля заканчэння трэцяй гарадской школы Ірына паступіла ў Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна. Педагагічную сцяжынку пачала пракладваць з 2003 года настаўнікам пачатковых класаў у Вежкаўскай школе-садзе. У Якаўчыцкую адзінаццацігодку перайшла ў 2009-ым. Пастаянна ўдасканальвае тонкасці сваёй працы. Яна з усмешкай прызнаецца: “Сваю справу я вельмі люблю”. Гэта пацвярджаюць набыткі педагога і школьнікаў.

Пад яе кіраўніцтвам вучаніца Дзіяна Валасюк прыняла ўдзел у раённай навукова-практычнай канферэнцыі пачатковых класаў “Я – даследчык” і была ўзнагароджана дыпломам ІІІ ступені. Летась Ірына Аляксандраўна на раённых педагагічных чытаннях выступіла з цікавай тэмай “Віды адаптацыі і шляхі іх рэалізацыі”. Актыўнасць настаўніцы заўважана кіраўніцтвам. Летась яна была ўзнагароджана граматай раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Цяпер у Ірыны Аляксандраўны трэці клас. Спадзяецца, што і сёлетні навучальны год будзе багатым на набыткі і перамогі.
У педагога двое сваіх уласных дзетак. Дачушка Ганначка навучаецца ў 11 класе трэцяй гарадской школы. Дарэчы, з выбарам прафесіі вызначылася. Як і мама, марыць быць педагогам пачатковых класаў. Сын Станіслаў у наступным годзе пойдзе ў першы клас. Ірына нямала сіл і душэўнай цеплыні аддае не толькі выхаванцам-школьнікам, але і сям’і. Яна лічыць: галоўнае, каб у доме панавала шчырае сяброўства, узаемапавага, каб жылі без сварак. Для гэтага важна ісці на кантакт, часам “падстройвацца” пад іншых. Словам, у сямейных адносінах важны кампраміс.
Ірына Аляксандраўна Пятручык педагагічную справу сумяшчае з грамадскай дзейнасцю. Калегі адзначаюць, што як старшыня прафсаюзнай арганізацыі яна заўсёды адстойвае інтарэсы калектыву, клапоціцца пра кожнага ў школьным асяродку. Займацца прафсаюзнымі справамі пачала яшчэ ў Вежках. “Кожны год дзеці работнікаў школы ездзяць адпачываць у дзіцячыя здраўніцы Беларусі паводле заяў бацькоў і даведак медыцынскіх устаноў, – расказала Ірына Аляксандраўна. – Гэтым летам я таксама адпачывала ў санаторыі “Надзея”. Нават і не думала, што мой адпачынак пера-творыцца ў казку, якая побач з домам. Знаёмства з цікавымі людзьмі, сустрэча і фотаздымак на памяць з вядомым расійскім дызайнерам Вячаславам Зайцавым, які таксама выбраў для свайго адпачынку беларускі санаторый, зрабілі на мяне незабыўнае ўражанне. Гэта мой першы адпачынак у санаторыі”.
Што яна актыўны грамадскі лідар, пацвярджае Ганаровая грамата райкама прафсаюза, якую атрымала ў 2014 годзе. Сёлета ўзнагароджана таксама дыпломам трэцяй ступені за ўдзел у раённым конкурсе на лепшы матывацыйны буклет пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі. У маі група педагогаў Якаўчыцкай школы за ўдзел у раённым фестывалі творчасці работнікаў устаноў адукацыі “Песня застаецца з чалавекам” атрымала грамату раённага камітэта галіновага прафсаюза. Прысвячаўся ён юбілею Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі і Дню Перамогі. Штогод разам з калегамі Ірына Пятучык удзельнічае ў турыстычных злётах.
Мая суразмоўніца прытрымліваецца думкі, што ад мікраклімату ў калектыве залежаць вынікі працы. “Пазітыву мне не займаць, – заўважае Ірына Аляксандраўна. – У жыцці я вельмі актыўны чалавек. Не люблю сумаваць, сядзець ля тэлевізара. Вяду здаровы лад жыцця”.
Са слоў намесніка дырэктара ў вучэбна-выхаваўчай рабоце Якаўчыцкай адзінаццацігодкі Галіны Сцяпанаўны Брэнь даведалася, што гераіня аповеду надзелена такімі якасцямі, як таварыскасць, цярпімасць, дабрыня. Канечне, найперш цудоўна ведае свае прадметы, выкарыстоўвае метады і прыёмы, якія дазваляюць падвесці вучняў ад цікавага да творчасці. На ўроках стварае праблемныя сітуацыі, калі дзеці трапляюць у ролю даследчыкаў, дзеляцца ўласнымі думкамі, здагадкамі і гіпотэзамі, творча падыходзяць да пазнання свету.
Сваім пазітывам і творчым патэнцыялам Ірына Пятручык натхняе ўсіх навокал. А калі ў некага дрэнны настрой, то абавязкова прапануе дапамогу ці проста рассмешыць удалым жартам.
“Галоўная ўмова для дасягнення мэты – выканаць работу добрасумленна, творча і натхнёна”, – упэўнена Ірына Аляксандраўна.

Лідзія Іваніхіна, ветэран педагагічнай працы