Ёсць мясціны, якія абавязаны наведаць кожны чалавек. Адна з іх – духоўны цэнтр краіны – Жыровічы, дзе размешчаны буйнейшы на тэрыторыі Беларусі праваслаўны Свята-Успенскі Жыровіцкі мужчынскі манастыр, куды прыязджаюць веруючыя з усіх куточкаў нашай краіны, а таксама блізкага і далёкага замежжа.
На мінулым тыдні, у дзень свята Уздзвіжання Крыжа Гасподня, ветэраны педагагічнай працы Кобрыншчыны на камфартабельным аўтобусе адправіліся на экскурсію ў Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр.

Як адзначылі ўдзельнікі экскурсіі, мерапрыемства аказалася пазнавальным і прыемным адначасова. Ужо напачатку падарожжа мы пазнаёміліся з гісторыяй мястэчка Жыровічы, абставінамі ўзнікнення і лёсам манастыра, дзе ў іканастасе Успенскага сабора захоўваецца цудатворны абраз Жыровіцкай Божай Маці – саамы маленькі з цудатворных абразоў Маці Божай Жыровіцкай.
Экскурсанты – былыя настаўнікі ўстаноў адукацыі, якія свае веды, майстэрства,здароўе на працягу дзесяцігоддзяў аддавалі школе, вучням, і выхавалі шмат цудоўных людзей. Адзін з такіх –былы вучань сярэдняй школы № 4 г. Кобрына Мікалай Камарчук, зараз навучэнец 4 курса Жыровіцкай духоўнай семінарыі, дастойна вытрымаў экзамен у сваіх былых настаўнікаў. Ен правёў для нас цудоўную экскурсію па тэрыторыі манастыра, пазнаёміў з гісторыяй Богаяўленскай, Крыжаўздвіжанскай і Свята-Георгіеўскай цэркваў, кампетэнтна адказаў на самыя розныя пытанні пра побыт і ўклад жыцця манахаў, цуды абраза Жыровіцкай Божай Маці.
Кабрынчане падчас наведвання Жыровіцкага манастыра мелі магчымасць прыняць удзел у святочнай літургіі ва Успенскім саборы, некаторыя наведалі купель, усе набралі асвечанай вады, набылі свечкі, пабывалі ў кнігарні, паспрабавалі манастырскага хлеба.
Такі цудоўны падарунак да Дня настаўніка і, адначасова, да Дня сталых людзей быў зроблены Кобрынскім раённым камітэтам прафсаюза работнікаўадукацыі і навукі ветэранам педагагічнай працы.

Старшыня раённага Савета ветэранаў педагагічнай працы І.К.Сіманава