У актавай зале трэцяй гарадской школы сабраліся людзі, для якіх паняцці “клас”, “вучань”, “настаўнік” былі неад’емнай часткай іх працяглай працоўнай біяграфіі. Ветэраны-педагогі, якія сёлета адзначылі важныя вехі жыцця – 65, 70, 75 і нават 85-годовыя юбілеі, мелі цудоўную магчымасць у цёплых, сяброўскіх абставінах сустрэцца разам, успомніць маладыя гады, паслухаць мілагучныя песні ў выкананні юных салістак “Вясёлкавага міксу”.
Сустрэча гэтая адбылася акурат напярэдадні святкавання Дня настаўніка і Дня пажылых людзей.

– Вельмі прыемна бачыць вас, калегі, бадзёрымі і радаснымі, са светлым позіркам у вачах, – звяртаючыся да прысутных у зале, сказала вядучая сустрэчы Тамара Дзмітрыеўна Барысюк, старшыня раённага совета ветэранаў педагагічнай працы.
– Прафесія настаўніка бадай самая важная і цікавая. Вы многа-многа гадоў запар аддавалі сябе дзецям, “ляпілі” з іх падатлівых душ Людзей, дапамагалі вучням вызначыцца з прафесіяй, знайсці сваё месца ў жыцці. І калі настаўніка памятаюць вучні, – гэта дарагога каштуе...
Каб узгадаць гады маладыя, падзяліцца сваімі разважаннямі наконт ролі настаўніка ў жыцці сучаснай моладзі, даць парады маладому пакаленню педагогаў да мікрафона запрасілі настаўнікаў ветэранаў Аліну Вітольдаўну Давідзюк, Марыю Рыгораўну Марковіч, Васіля Мікалаевіча Амельчука. Яны цёпла, ад душы, павіншавалі калег з надыходзячым святам, пажадалі ім здароўя, аптымізму, бадзёрасці, радасных сустрэч з былымі ўжо вучнямі. Эстафету віншаванняў перахапіла настаўніца другой гарадской школы Дар’я Юр’еўна Дзіўнова. Яна ад імя маладога пакалення падарыла ветэранам-педагогам лірычную кампазіцыю. А як хораша прачытала верш “15 вучняў па спісе” Іна Уладзіміраўна Тарасевіч! Ад яе пранікнёнага чытання рыфмаваных радкоў на вачах многіх педагогаў з’явіліся слёзы, таму што гэты верш нагадаў ім пра маладосць, педагагічныя будні, іх вучняў.
З рук зусім юнага пакалення – блакітнавокай Галі Мустафаевай ветэраны атрымалі кветкі і саладосці. Пра гэта паклапаціўся райкам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.
Напрыклад, сёлета 65-гадовы юбілей адзначылі Зінаіда Піліпаўна Бурбіцкая, Валянціна Васільеўна Гарбацюк, Галіна Іосіфаўна Гук, Таццяна Аляксандраўна Навумік, Марыя Пятроўна Свістун, Настасся Васільеўна Тарасевіч і інш. Салодкія падарункі і кветкі дарылі таксама 70-гадовым юбілярам-педагогам Яўгену Георгіевічу Гуку, Вользе Апанасаўне Кузіч, Марыі Рыгораўне Марковіч, Валянціне Мартынаўне Раманавай, Ліліі Уладзіміраўне Храмцовай і інш. Прыгожыя словы ўдзячнасці гаварыліся 75-гадовым Ніне Андрэеўне Бжоска, Соф’і Васільеўне Арэйка, Яўгеніі Данілаўне Дзмітрук, Эдуарду Пятровічу Маргевічу, Людміле Міхайлаўне Мялешка, Настассі Фёдараўне Фядэнка і інш.
Прысутнічалі ў зале і педагогі, якія сёлета адзначылі 85-гадовы юбілей. Гэта Аляксандра Дзям’янаўна Зазуля, Зінаіда Аляксееўна Маразевіч, Валянціна Аляксандраўна Лабушава, Васіль Мікалаевіч Амяльчук.IMG 9067
На свяце 20 працаўнікоў сістэмы адукацыі раёна атрымалі граматы ад аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Падзячным пісьмом райвыканкама ўзнагароджана настаўніца пачатковых класаў Ракітніцкай школы Алена Пятроўна Кузьміч, а Ганаровай граматай – настаўнік фізічнай культуры і здароўя Ленінскай сярэдняй школы Аляксандр Уладзіміравіч Філіманюк.
Па ўзнагароды – Граматы Брэсцкага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі – на сцэну падымаліся таксама дырэктар РЦТДіМ Галіна Іванаўна Іванова і інжынер-праграміст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ірына Вячаславаўна Жук. А старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Наталля Мікалаеўна Урбан атрымала Грамату Цэнтральнага камітэта галіновага прафсаюза.
Праходзяць гады, тускнеюць успаміны аб дзяцінстве і юнацтве, аднак памяць пра любімых настаўнікаў непадуладна часу!

 

Святлана Кіслая, газета “Сельская праўда”