Шчасце кожнай жанчыны – яе дзеці. У Аксаны Міхайлаўны Ляўковіч, экспедытара адзела адукацыі, спорту і турызму Жабінкаўскага райвыканкама шчасця “больш, чым пальцаў на адной руцэ!”
- Ніколі і не думала раней, што стану я матуляй для шасці дзяцей, — даверліва гаворыць Аксана Міхайлаўна. - Хоць добры прыклад заўжды быў перад вачамі: у мамы Валянціны Пятроўны і таты Міхаіла Міхайлавіча Катовіча ў нас было трое. Спачатку, як гаворыцца, “нянька” нарадзілася, а потым і “лялькі” - мае малодшыя брат Вячаслаў ды сястра Ірына. Дарэчы, у Славы цяпер сям’я таксама шматдзетная - у ёй гадуюцца трое любых маіх пляменнікаў.

Ад сваіх дзетак жанчына ў захапленні і ў іх бачыць сэнс свайго жыцця. На шчасце, сыны і дочкі пакуль прыносяць толькі добрыя эмоцыі. Найстарэйшаму Арцёму дваццаць адзін год. Сур’ёзны і адказны малады чалавек. Ён ва ўзросце станаўлення, калі наперадзе сто дарог, а трэба адшукаць сваю! “Новаспечаны” тэхнік-будаўнік пасля Брэсцкага політэхнічнага каледжа быў прызваны на службу ў армію, абараняе межы роднай краіны.У планах – стаць інжынерам-будаўніком. Ён мэтанакіраваны і адказны. Бо галоўны свой экзамен - на працавітасць, на думку маці, даўно здаў на “выдатна”.
Старэйшая дачка Аліна рухаецца братавай дарогай - закончыла політэхнічны каледж. Дзяўчына лёгка асвоіла найноўшую камп’ютарную тэхніку, стварае складаныя і цікавыя праекты. На іх - макеты будынкаў. Хоць пакуль і віртуальна яе рукамі ўзводзіцца жытло будучага, у якім - так хочацца паверыць! – абавязкова будзе мець прапіску шчасце. Асабліва падабаецца Аліне “маляваць” гістарычныя будынкі, што неўзабаве пад наглядам архітэктараў і рэстаўратараў атрымаюць сваё другое жыццё. Калі бацькі ўладкоўвалі ўласны дом, на плечы дзяўчыны ўсклалася няпростая ноша - догляд за самымі малодшымі. І з гэтым, заверыла матуля, старэйшая дачка выдатна справілася. Пры гэтым дадала з усмешкай: - Цяпер у Аліны — стопрацэнты вопыт, які ей дапаможа, бо ў верасні яна стварыла ўласную сям’ю!
Вялікі і прыгожы дом на вуліцы Касманаўтаў — асаблівы гонар і радасць для Аксаны Міхайлаўны і яе вялікай сям’і. Ён вырас літаральна за год. У гэтым перш-наперш мужава заслуга. Каб мара стала яваю, Сяргей Мікалаевіч разам са сваім бацькам Мікалаем Мікалаевічам Прыступам прыклалі і розум, і рукі. Тут для кожнага - і дарослага, і дзіцяці - ёсць свой куток, аднак найбольш любяць яны збірацца разам. Бо сакрэтаў паміж роднымі амаль няма, а вось навінаў, якімі хочацца дзяліцца, - безліч.
Васьмікласніца Ліза пасля заняткаў у школе амаль штодня спяшаецца ў цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. Сярод сяброў, такіхжа ўлюбёных у мастацтва, гатова Лізавета бавіць увесь свой вольны час. Захапленняў у юнай умеліцы шмат. Прыслухоўваецца да парадаў вопытных выкладчыкаў Тамары Міхайлаўны Казловай і Алены Мікалаеўны Філіповіч, калі шчыруе над пляценнямі з саломкі, карцінамі з семак ды рознымі спосабамі малюнка. І вось ўжо ўвесь дом на вуліцы Касманаўтаў - нібыта першая асабістая Лізіна выстава.
Следам за дзяўчынкай - па сцяжынцы, што вядзе да творчасці, -пацягнуўся і васьмігадовы Мацвей. Ён таксама любіць нешта майстраваць, а найбольш – займацца лепкай.Родныя даўно заўважылі, наколькі (нягледзячы на зусім “дробны” ўзрост) хлопчык цягнецца да працы. Бывае, за сваімі заняткамі забываецца нават пра абед ці вячэру.
- Так, не толькі для старэйшых кожны дзень важны, праходзіць у працы, вучобе, захапленнях, - гаворыць маці. - І ў малых увесь час распісаны. Кожны ведае: мама сама з усім не справіцца, таму наводзяць чысціню наўкола. Мо таму і не стае паміж імі вялікіх спрэчак і канфліктаў. Мне радасна, калі я бачу, як весела гуляюць і робяць справы разам Мацвей, Назарка і Давід.
У гэтым годзе Назар стаў першакласнікам трэцяй гарадской школы. Відаць, і ў ім калісь прачнецца будучы канструктар? Гэткім пытаннем міжволі задаешся пасля нядоўгага назірання за Назаркам. Рухавы хлопчык увесь час пры нейкім занятку, нешта складае са шматлікіх сваіх канструктараў, пры гэтым мае добрую фантазію. Яна дапамагае хутка з’явіцца з-пад яго маленькіх рук то хаткам, то караблям, то нейкім дзіўным сродкам тэхнікі.
Самы малодшы жыхар дома на вуліцы Касманаўтаў, чатырохгадовы Давід, як і ўсе дзеці ў ягоным узросце, у вялікім пошуку. Нездарма вельмі даспадобы яму шырокі падворак, дзе сярод аккуратных газонаў, створаных дарослымі на радасць сваім дзецям, прапіску атрымала непадзельнае і ўзважанае шчасце.IMG 99581

Са старонкі газеты “Сельская праўда”