Нядаўна споўнілася 80 гадоў Станіславу Сяргеевічу Юмашаву, выдатніку асветы, былому настаўніку фізічнай культуры ДУА “Сярэдняя школа №1 г.Івацэвічы”.

Станіслаў Сяргеевіч – высакакласны настаўнік-прафесіянал, нястомны арганізатар, строгі суддзя, стваральнік перамог і рэкордаў, прыхільнік і аматар няспыннага руху, здаровага азарту і ладу жыцця. Больш за 40 гадоў натхнёна, нават фантастычна ён выкладаў фізічную культуру ў нашай СШ№1, гуртаваў вакол сябе ўвішных, вынослівых, здольных перамагаць лёгкаатлетаў, гімнастаў, баскетбалістаў, футбалістаў і турыстаў. Ствараў канкурэнцыю, вяртаўся з кубкамі, прызамі і заслужанымі ўзнагародамі з абласных, рэспубліканскіх, саюзных спаборніцтваў. Пад яго ўплывам, асабістым прыкладам нараджаліся юныя разраднікі і майстры вялікага спорту. Пра яго нават створаны дакументальны фільм, а колішнія адкрытыя заняткі з’яўляліся ўзорам для пераймання маладымі педагогамі. Ён здолеў у свой час звярнуць на сябе ўвагу, уразіць міністра адукацыі БССР, які асабіста параіў і зрабіў захады, каб гэты настаўнік фізкультуры атрымаў нагрудны знак і званне “Выдатнік асветы”.
Яго рукамі ствараўся і абсталёўваўся школьны спартыўны гарадок і фізкультурная зала. Тут і цяпер чуецца здаровая гамана, робяцца заяўкі на прызнанне і гадуюцца пераможцы ў стылі і манеры Юмашава. Яго прозвішча і імя не толькі ведаюць у школе і раёне, яны працуюць, не даюць паслабунку, абавязваюць быць ў адказе за вынік ў любімай справе сучасным настаўнікам.

Жывіневіч В.І., дырэктар ДУА “Сярэдняя школа №1 г.Івацэвічы”
Іванова Л.В., старшыня прафкама школы