З імі ў горадзе Полацку, самым старэйшым горадзе нашай Беларусі, знаёміліся нядаўна педагогі-ветэраны з Маларытчыны, якія пабывалі там на экскурсіі.

“Гісторыя – настаўнік жыцця”. І ў гэтым мы, ветэраны педагагічнай працы, яшчэ раз пераканаліся ў час экскурсіі ў адзін са старэйшых беларускіх гарадоў – Полацк, якому больш чым 1150 гадоў. Менавіта з полацкіх земляў пачыналіся карані беларускай дзяржаўнасці і культуры. Тут нарадзілася і жыла Еўфрасіння Полацкая, унучка полацкага князя Усяслава Брачыслававіча (Чара¬дзея). Ёй было 12 гадоў, калі яна збегла ў манастыр, дзе займалася перапісваннем кніг, навучаннем і выхаваннем малодшых. Еўфрасіння Полацкая заснавала два манастыры: мужчынскі і жаночы. І мы пабывалі ў адным з іх – Спаса-Еўфрасіннеўскім, дзе знаходзяцца мошчы Еўфрасінні Полацкай. Яна – першая жанчына на ўсходне-славянскіх землях, кананізаваная ў лік святых і лічыцца заступніцай беларускага народа. У Спаса-Еўфрасіннеўскім храме, што на тэрыторыі манастыра, знаходзіцца крыж Еўфрасінні Полацкай – сімвал хрысціянскай веры і іншыя святыні, звязаныя з яе імем.
У Полацку, дзе цяпер пражывае 80 тысяч чалавек, ёсць што пагля¬дзець. Зрабіўшы экскурсію па гэтым старажытным горадзе, мы пабывалі ў Сафійскім саборы і на працягу 30 хвілін слухалі там арганную музыку.

З цікавасцю знаёміліся таксама экскурсанты і з Полацкім дзяржаўным універсітэтам, вучэбныя карпусы якога размешчаны ў будынку полацкага калегіума XVI стагоддзя. Там убачылі цікавы вонкавы насценны гадзіннік. У час бою з гадзінніка выходзяць у музычным суправаджэнні фігуры Францыска Скарыны, Сімяона Полацкага, Еўфрасінні Полацкай, педагога і студэнта.
А ў адной з аўдыторый убачылі галаву, якая гаворыць, і сімвалізуе галаву старажытнагрэчаскага філосафа Сакрата. На многія пытанні, што хвалявалі экскурсантаў, мудра адказвала галава.

Наведалі мы і музеі Сімяона Полацкага, кнігадрукавання, бачылі рукапісныя кнігі, даведаліся пра гісторыю іх стварэння.
У Полацку шмат помнікаў, у тым ліку і Усяславу Чарадзею, пры якім Полацкае княства дасягнула найбольшага росквіту, Еўфрасінні Полацкай, Сімяону Полацкаму, Францыску Скарыне, помнікі героям Айчыннай вайны 1812 года, героям Вялікай Айчыннай вайны, помнік літары “Ў” і іншыя.
А яшчэ мы пабывалі каля памятнага знака “Геаграфічны цэнтр Еўропы”, дзе ўсім удзельнікам нашай экскурсіі, а гэта каля 40 ветэранаў педагагічнай працы, уручылі сертыфікат наведвальніка “Геаграфічнага цэнтра Еўропы”.
Экскурсія ў Полацк узбагаціла нас духоўна, маральна і эмацыянальна, бо кожны гістарычны помнік – гэта маўклівы сведка мінулага, а дзякуючы экскурсаводу помнікі гавораць, і мы шмат даведаліся пра нашу шматвекавую гісторыю.
Ветэраны-педагогі, удзельнікі экскурсіі, выказваюць шчырую падзяку райкаму прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі на чале са старшынёй Тамарай Сцяпанаўнай Бурштын за фінансавую і арганізацыйную дапамогу ў экскурсіі. Нам быў прадастаўлены камфартабельны аўтобус з тэлевізарам, гарачым чаем, кавай і ўважлівымі, клапатлівымі вадзіцелямі, эру¬дзіраваным экскурсаводам, якая прыехала ў Маларыту з Полацка, каб нас суправаджаць.


Соф’я Якубчык, старшыня савета ветэранаў педагагічнай працы