Сёння адзначае свой 90-гадовы юбілей ветэран педагагічнай працы ДУА “Амяльнянская сярэдняя школа”, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл Емяльянавіч Куратнік.

Нарадзіўся Міхаіл Емяльянавіч 14 лістапада 1926 года ў вёсцы Гошча Івацэвіцкага раёна. Цяпер жыве ў вёсцы Глінная. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Воінскае званне - сяржант. Баявы шлях: ліпень-верасень 1944 года –запасны стралковы полк г.Шуя Іванаўскай вобласці; верасень-май 1944г. – 11-ы Украінскі фронт 1-я паветрана-дэсантная дывізія; май-верасень 1945 года – Забайкальскі фронт 1-я паветрана-дэсантная дывізія, камандзір мінамётнага разліку. Узнагароджаны медалямі «За адвагу», «За Перамогу над Германіяй», «За Перамогу над Японіяй», юбілейнымі медалямі.
Высокі, стройны, прыгожы і цяпер, нягледзячы на свой узрост. Можна ўявіць, якім ён быў у маладосці. А тады, у ліпені 1944 года, яму яшчэ і васямнаццаці не было, як пачалася мабілізацыя ў Чырвоную Армію. Многія яго аднагодкі не пайшлі на фронт. Мог бы і ён застацца дома, але юнак быў не такі: ён марыў пра подзвігі, хацелася хутчэй перамагчы ворага і зноў пачаць мірнае жыццё.
Добра памятае ён, як сабралі іх у вёсцы Глінная і пехатой яны пайшлі на зборны пункт у Ганцавічы. А адтуль у таварным вагоне павезлі ў Баранавічы, пасля – за Маскву на вучобу. Праз два месяцы наш салдат трапіў на другі Украінскі Фронт (г. Шуя Іванаўскай вобласці).
На размеркавальным пункце атрымаў зброю і быў накіраваны ў першую паветрана-дэсантную дывізію, якая была вядома як стралковая. У ёй пры штабе была сфарміравана вучэбная рота з васьмідзесяці двух чалавек. Ноччу абаранялі штаб дывізіі, а днём вучыліся.
Успомніў Міхаіл Емяльянавіч адзін эпізод:
- Аднойчы, пад вечар, у час бою з фашыстамі наша рота пайшла ў наступленне. Быў узяты ў палон нямецкі кулямётчык. Міхаіл Емяльянавіч быў сувязным пры штабе батальёна. Камбат даручыў мне весці допыт, бо немец крыху ведаў польскую мову. Палонны даў каштоўныя паказанні, якія былі неабходны для штаба.
Голас у Міхаіла Емяльянавіча задрыжаў. На вачах з’явіліся слёзы. Ён не мог стрымаць свайго хвалявання: з васьмідзесяці двух чалавек з роты ў жывых засталіся толькі шаснаццаць чалавек. Сярод загінуўшых быў яго сябар, зямляк, які быў родам з Піншчыны. Міна трапіла яму ў галаву. Як балюча было ўсведамляць Міхаілу Емяльянавічу, што больш ніколі не будзе яго сябар побач. Не забывае ён гэтага і цяпер. Такое ніколі не сатрэцца з памяці. І сэрца заўсёды будзе балець.
Пасля лёс закінуў маладога салдата на тэрыторыі Румыніі, Венгрыі, Чэхаславакіі. Давялося ўдзельнічаць у баях, вызваляючы народ гэтых краін ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Але вайна для яго не закончылася.
Пасля перамогі над фашысцкай Германіяй у саставе Забайкальскага фронту прымаў удзел у вайне з Японіяй. Прайшоў бязводныя стэпы Маньчжурыі. На працягу трохсот кіламетраў нідзе не было вады. Як прыходзілася пакутаваць нашым салдатам на чужой зямлі! Давялося пераадольваць хрыбет Вялікага Хінгана. За 1500-кіламетровы пераход Манголія – Кітай, Міхаіл Емяльянавіч атрымаў Падзяку Сталіна. Ды і не толькі падзяку. Пазней быў узнагароджаны медалямі: “За адвагу”, “За Перамогу над Германіяй”, “За Перамогу над Японіяй”.
Знаходзячыся далёка ад дому, сумаваў па родных мясцінах, па сваіх бацьках, земляках. Аж у 1950 годзе дэмабілізаваўся з арміі. Так і застаўся ў вёсцы. Вывучыўся. Працаваў увесь час настаўнікам у Амяльнянскай сярэдняй школе. У яго скарбонцы шмат узнагарод. Зараз Міхаіл Емяльянавіч на заслужаным адпачынку, узначальвае Савет ветэранаў.
Ён часты госць Амяльнянскай сярэдняй школы, актыўны ўдзельнік усіх школьных мерапрыемстваў.
Пакуль жывуць ветэраны, мы маем магчымасць з іх вуснаў пачуць пра жахі вайны, пра злачынствы ворагаў, пра подзвігі ветэранаў. І мы павінны гэта ўсё памятаць, каб расказваць пра гэта сваім дзецям. Каб яны таксама маглі ганарыцца сваімі продкамі, сваёй Радзімай.
Калектыў щколы сардэчна віншуе Міхаіла Емяльянавіча з юбілеем! Моцнага здароўя Вам і даўгалецця, шчасця і дабрабыту!


Галіна Куратнік, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі,
Ірына Каверчык, педагог-арганізатар
ДУА” Амяльнянская сярэдняя школа”