На дварэ ўжо не першыя суткі ішоў дождж і снег, але гэта нікога не засмучала. У першыя дні восеньскіх канікул вучні і настаўнікі ДУА “Дабромысленскі дзіцячы сад-сярэдняя школа” ў сем гадзін раніцы адправіліся ў цікавае падарожжа на экскурсійным аўтобусе па памятным культурным і гістарычным мясцінам роднай Айчыны. Каля Міра да нас далучыўся экскурсавод Аляксей Анатольевіч Савошчык.

Дарога прывяла нас у пачатку нашага цікавага падарожжа ў прыгожую Налібоцкую пошчу, у Валожынскі раён. У вёсцы Барок, у якой усяго налічваецца дзесяць хат, знаходзіцца аграсядзіба “Свет пчол”. Нас радушна сустрэлі гаспадары сядзібы Васіль Аляксеевіч і Ала Уладзіміраўна Фраловы, былыя настаўнікі геаграфіі адной з мінскіх школ, прыроджаныя пчаляры ў пятым пакаленні, якія працягваюць справу сваіх нашчадкаў. З цікавасцю вучні і настаўнікі слухалі аповед Васіля Аляксеевіча пра гісторыю развіцця пчалярства на Беларусі ў мінулыя часы. Гаспадар сядзібы правёў пазнавальна-інтэлектуальную гульню “Свет пчалярства” сярод вучняў. Усе ўдзельнікі гульні атрымалі салодкі прыз – лыжку мёду. Пасля гаспадыня аграсядзібы Ала Уладзіміраўна пачаставала нас араматным чаем на травах і блінамі з мёдам. Усе жадаючыя на памяць купілі сувеніры і мёд. Экскурсія ў аграсядзібу была карыснай і пазнавальнай. Уражанняў у дзяцей засталося мноства. Многія жадалі сфатаграфавацца з казлом, па мянушцы Гаша. У сядзібе праводзяцца святы “Масленіца”, “Новы год”, “Гуканне вясны”, “Прысвячэнне ў першакласнікі”.
Заварожаныя гасціннасцю гаспадароў аграсядзібы, мы адправіліся ў вёску Баравая, дзе наведалі музей авіяцыйнай тэхнікі пад адкрытым небам. Нас ветліва сустрэлі тры бярозкі, якія пасаджаны беларускімі касманаўтамі Пятром Клімуком, Уладзімірам Кавалёнкам, Алегам Навіцкім. Дальнейшы наш шлях – павільён “Космас”. Мы мелі магчымасць бачыць спускаемы апарат карабля “Саюз” для спуску касманаўтаў з арбіты, скафандр Пятра Ільіча Клімука, асабістыя рэчы касманаўтаў, трэніровачны касцюм Алега Навіцкага і амерыканскага астранаўта, кіцелі са Звёздамі Герояў Савецкага Саюза Пятра Клімука і Уладзіміра Кавалёнка, а таксама кіцель са Звяздой Героя Расіі Алега Навіцкага, мадэлі лятальных апаратаў, кнігі касманаўтаў і цудоўна аформленую экспазіцыю “Касмічнае харчаванне”. Пасля экскурсавод правёў нас па музеі авіяцыйнай тэхнікі пад адкрытым небам на базе Цэнтральнага аэраклуба ДТСААФ. У адрозненні ад зарубежных музеяў гэты музей розніцца тым, што тут дазволена не проста разглядаць і фатаграфаваць экспанаты, але і пасядзець у кабіне верталёта, які прымаў удзел у Афганскай вайне, адчуць сябе сапраўдным пілотам. Як гарэлі вочы ў хлопчыкаў і дзяўчынак, якім выпала ўдача ўзяцца за ручку ўпраўлення самалёта Мі-24. У музеі налічваецца 38 ваенных і пасажырскіх самалётаў і верталётаў.
Наступны наш маршрут – прыгожыя краявіды Лагойшчыны, якую часта называюць беларускай Швейцарыяй. Як прыгожа апеў гэтыя мясціны ўражэнец Лагойшчыны, народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч:
Зямля бацькоў, Лагойшчына мая,
Край неўміручай партызанскай славы!
На ўсё жыццё ўвабраў у сэрца я
Тваіх кастроў і боек дым гаркавы.
Тут знаходзіцца мемарыяльны комплекс “Хатынь”. Не даязджаючы да гэтага месца смутку і болю беларускага народа, экскурсавод расказаў пра трагедыю Хатыні.
Хатынь... Гэта страшны помнік трагедыі нашага народа. Ступіўшы на гэтую зямлю, усіх нас ахапіў жах, зжалася сэрца, холад прабег па спіне і на вочы накатываліся слёзы. Нягледзячы на снежнае надвор’е, позні час, а дарослыя і дзеці з розных куточкаў нашай Радзімы ішлі і ішлі ў Хатынь, каб пакланіцца гэтай святой зямлі. Хатынь – светлая і вечная памяць аб тых, хто мог жыць, але каго няма з намі. Зямля вёсак нашага раёна Вяда, Красніца, Тупічыцы таксама захавана на мемарыяльных могілках Хатыні. Мы ўшанавалі памяць аб іх хвілінай маўчання. А на “Сімвалічным дрэве жыцця” чытаем назвы вёсак нашага раёна, якія былі адноўлены пасля вайны: Бабровічы, Вулька-Аброўская ...
Вярнуўшыся з экскурсіі, у аўтобусе панавала цішыня. Чуліся словы вучаніцы Алены Вінаградавай:
- Няхай на нашай планеце чуецца толькі смех дзетвары і ззяюць на твары радасныя ўсмешкі. Калі стану дарослай, абавязкова прыеду зноў сюды пакланіцца гэтай святой зямлі. Людзі, пракляніце вайну!
Завяршылася наша экскурсія ўжо позна. На гадзінніку было 18.45. Мы пад’ехалі да мемарыяльнага комплексу “Курган Славы”. Экскурсавод Аляксей Анатольевіч расказаў у час нашага маршрута да яго вучням пра наступальную аперацыю “Баграціён”, пазнаёміў з гісторыяй стварэння гэтага велічнага помніка – сімвала гераізму і мужнасці воінаў-вызваліцеляў. Пасля ўбачанага і пачутага вучаніца Дар’я Касянік скажа:
- Мы падняліся па вінтавой лесніцы, убачылі стэлу з чатырох штыкоў і своеасаблівым кальцом з надпісам аб Арміі-вызваліцельніцы. Унутры кальца некалькі вобразаў людзей: партызаны, летчык, матрос, салдаты. Гэта велічны помнік мужнасці і гераізму людзей. Няхай на зямлі заўжды будзе мір!
Падчас экскурсіі Аляксей Анатольевіч расказаў цікавыя легенды і паданні аб паходжанні старажытных гарадоў Дзяржынск і Лагойск, пра спартыўныя аб’екты Раўбічы і Сілічы, пра развіццё ганчарства ў мястэчку Ракаў. Усім было цікава.
З вялікім задавальненнем мы наведалі МакДональс.
Напрыканцы экускурсіі яе ўдзельнікі падзякавалі экскурсаводу Аляксею Анатольевічу Савошчыку, шафёру Валерыю Барысавічу Сімакову, а таксама намесніку дырэктара па выхаваўчай рабоце Вікторыі Аляксандраўне Заноўскай, педагогу-арганізатару Наталлі Мікалаеўне Касянік за цудоўную арганізацыю цікавага мерапрыемства.


Таццяна Голік, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце,
Сцяпан Куніцкі, старшыня прафкама
ДУА “Дабромысленскі дзіцячы сад-сярэдняя школа”