Хто з нас не гуляў у школу ў дзяцінстве?.. Пасадзіўшы лялькі за імправізаваныя парты, надзеўшы бабуліны акуляры, правяраць сшыткі, запаўняць журнал і выклікаць да дошкі “вучняў” было неверагодна цікава. З усёй сур’ёзнасцю да гэтай гульні падыходзіла ў свае школьныя гады Алена Чыжэўская. Праўда, замест лялек на яе дзіцячых уроках прысутнічалі сапраўдныя вучні, дзеці-аднавяскоўцы, за якімі прыглядала юная Алена.

Жаданне стаць настаўніцай, якое з’явілася ў дзяцінстве, не азмрочылі ні перасцярогі сваякоў, што гэта эмацыянальна складаная прафесія, ні прапановы прыглядзецца да ўрачэбных спецыяльнасцей. Яна цвёрда вырашыла, што яе шлях – запальваць у дзецях цягу да ведаў, не толькі вучыць іх чытаць і лічыць, але і выхоўваць добрымі людзьмі.
Як важна, каб на пачатку школьнага жыцця дзіцяці сустрэўся добры настаўнік – чулы, уважлівы, цярплівы, здольны зрабіць так, што першыя школьныя гады будуць яркімі, незабыўнымі, насычанымі яскравымі падзеямі, а ўрокі – нясумнымі, цікавымі, пазнавальнымі. Дырэктар Гвозніцкага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад – сярэдняя школа Марыя Міхайлаўна Афанасенка адзначае, што выхаванцам настаўніцы пачатковых класаў Алены Іванаўны Чыжэўскай сапраўды пашчасціла. Бо сваёй справай маладая настаўніца гарыць, ёй аддае ўвесь вольны час і ў навучанне дзяцей укладвае душу.
У Гвозніцу Алена, якая родам з вёскі Ганчары Пінскага раёна, прыехала працаваць па накіраванні ў жніўні гэтага года. Другі клас, у якім навучаецца толькі чатыры вучні, – для яе першы настаўніцкі вопыт. Таму да ўрокаў рыхтуецца доўга і адказна, імкнецца да кожнага хлопчыка і дзяўчынкі знайсці патрэбны падыход, каб раскрыць іх патэнцыял і творчыя здольнасці. Так рабіла і яе першая настаўніца, якая да школьнікаў адносілася з мацярынскай цеплынёй і пяшчотай. Менавіта яе прыклад і стаў для дзяўчыны пуцяводнай зоркай, якая вяла яе да прафесіі настаўніка. Алена з маленства любіла дзяцей і лёгка знаходзіла з імі кантакт, таму яшчэ ў 5-6 класе вызначылася з будучай спецыяльнасцю. Першай ступенню да рэалізацыі яе мары стаў Пінскі дзяржаўны педагагічны каледж. Цяпер яна працягвае навучанне ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна.
...Сняжана, Паліна, Аляксандр і Давід уважліва слухаюць сваю настаўніцу, дапытліва ўглядаюцца ў кожную літару, выведзеную на дошцы. Яны, па словах маладой настаўніцы, – добрыя, адкрытыя, шчодрыя, не распешчаныя. Гэта, як правіла, адрознівае сельскіх дзяцей. Таму працаваць Алена Іванаўна марыла менавіта ў вясковай школе.
- Вучоба ў каледжы для прафесійнага станаўлення мае вялікае значэнне. Там будучыя настаўнікі, як гавораць, праходзяць і агонь, і ваду. За час студэнцтва мы адпрацавалі 10 відаў практыкі. Давялося весці ўрокі ў дзяцей розных узростаў у горадзе. І па свайму, хоць і невялікаму, вопыту скажу, што з сельскімі школьнікамі працаваць – вялікае задавальненне, для іх настаўнік – аўтарытэтная асоба, якую яны паважаюць, і жадаюць засвоіць веды, што яна дае.
Нягледзячы на тое, што Алена толькі пачынае працоўны шлях, дзеці ў школе яе палюбілі. І не адны яе непасрэдныя вучні. Алена яшчэ праводзіць заняткі па дэкаратыўнаму дызайну. Спецыялізацыяй у каледжы ў яе была “творчая дзейнасць”. Заняткі з задавальненнем наведваюць многія зацікаўленыя творчасцю школьнікі.
Дабрыня настаўніцы не азначае, што на яе ўроках вучні могуць сваволіць:
- Безумоўна, строгасць, сканцэнтраванасць – неад’емныя якасці сучаснага настаўніка. Але яны не павінны пераходзіць у аўтарытарны стыль навучання. Дзеці, якія баяцца настаўніка, не змогуць палюбіць прадмет, не стануць праяўляць творчасць. Асноўная задача любога педагога – закласці ў юныя розумы веды, выхаваць у іх чалавечнасць і толькі самыя добрыя якасці.
За сваіх вучняў Алена Іванаўна перажывае ўсёй душой. Пакідае іх на стымулюючыя заняткі пасля ўрокаў , калі бачыць, што дзеці не зусім засвоілі тэму. Кожны ўрок імкнецца зрабіць цікавым і лёгкім для ўспрымання школьнікаў. Немалаважная частка работы настаўніка – зносіны з бацькамі. Па словах маладога спецыяліста, з бацькамі яе вучняў усталяваўся добры кантакт, што вельмі важна для ўсебаковага развіцця школьнікаў.
Маладую настаўніцу Алену ў вёсцы сустрэлі добра. Калегі адносяцца з павагай, дапамагаюць парадамі, дзеляцца каштоўнейшым вопытам. Здымае пакой яна ў мясцовых жыхароў, пенсіянераў, з якімі ладзіць вельмі добра, адчувае клопат і падтрымку. Дом, дзе жыве настаўніца, без гарадскіх выгод, але гэта дзяўчыну ніколькі не засмучае, бо да сельскага ўкладу жыцця яна прывыкла. Адчуваецца толькі недахоп зносін з моладдзю, якой у вёсцы, акрамя школьнікаў, амаль няма. Таму на выхадныя яна часта ездзіць ў Брэст да сваякоў. А ў цэлым жа Алене Чыжэўскай на Маларытчыне спадабалася. Тут і жадае застацца маладая настаўніца жыць і працаваць.

Са старонкі газеты «Голас часу”