Стварыць святочны настрой і ўнесці радасць у жыццё сваіх былых калег у адзін з зімовых дзён пастараліся старшыні: савета ветэранаў працы сістэмы адукацыі – Таццяна Шпак і райкама прафсаюза работнікаў аддзела адукацыі і навукі – Нэлі Рафаловіч, якія запрасілі юбіляраў 2016 года ў ЦДТ г.Лунінца.

А пачалося ўсё з песні “Настаўнікі” ў выкананні ўзорнага ансамбля “Залатое птушаня”. Адораныя ўсмешкамі і апладысментамі, юныя артысты на працягу двух гадзін танцамі, песнямі і інсцэніроўкамі суправаджалі віншаванні арганізатараў свята і з задавальненнем дарылі музычныя падарункі гасцям.
Іх першае выступленне прысвячалася 80-гадовым юбілярам – таленавітым і творчым педагогам Аляксандру Гардзеевічу і Ліліі Васільеўне Гнедзькам, Валянціне Рыгораўне Неўдах, Аляксандру Міхайлавічу Барадзінскаму, медсястры Ірыне Міхайлаўне Бачаровай. У якіх бы калектывах яны не працавалі, усюды карысталіся вялікай павагай калег і любоўю дзяцей.
75 сустрэтых зім і вёсен запісалі ці яшчэ запішуць сёлета на свой рахунак настаўніца беларускай мовы і літаратуры Софія Міхайлаўна Гуз, выхавальнік Міхаіл Сцяпанавіч Юнкевіч, настаўніца гісторыі Валянціна Міхайлаўна Ярмушэвіч. Яны вучаць любіць і цаніць родную мову, ганарыцца Беларуссю, захоўваць яе традыцыі. Асаблівыя словы ўдзячнасці прагучалі ў адрас Наталлі Іванаўны Казанковай, якая на працягу 12 год з’яўлялася старшынёй раённага савета ветэранаў педагагічнай працы.20161028 115946 1478234599929
Сярод 70-гадовых юбіляраў Аляксандра Георгіеўна Кулага – цудоўны чалавек, выдатны педагог і таленавіты кіраўнік. Разам з ёю віншаванні і шчырыя пажаданні дабрабыту прымалі не менш паважаныя былыя настаўнікі Іна Васільеўна Гнедзька і Алена Паўлаўна Бусько, выхавальнікі Зінаіда Рыгораўна Бусель і Вера Сцяпанаўна Курыловіч.
...Яго крэда – нестамляльны, штодзённытворчы шлях. Педагог, улюбёны ў сваю прафесію, з такімі цудоўнымі якасцямі як высокая арганізаванасць, дысцыплінаванасць, патрабавальнасць да сябе і вучняў, якія на яго ўроках падарожнічалі ў цудоўны свет лічбаў, лагарыфмаў і інтэгралаў. Яны станавіліся пераможцамі абласных і рэспубліканскіх алімпіяд... Гэтыя словы адрасавалі 65-гадоваму юбіляру, былому настаўніку матэматыкі Паўлу Іосіфавічу Зылевічу. А колькі падобных, поўных удзячнасці выказванняў, прагучала ў адрас яго аднагодкаў педагогаў і выхавальнікаў Ніны Барысаўны Качановіч, Дзіны Ігараўны Мальцавай, Тамары Аляксандраўны Свеклісценкавай, Мікалая Васільевіча Шаболдава, Галіны Мікалаеўны Грыгор’евай, Івана Паўлавіча Сергіевіча, Людмілы Емяльянаўны Кірыковіч, Галіны Браніславаўны Коўшык, Ніны Аляксандраўны Аляшкевіч.
Выдатны педагог і выхавальнік... Крэатыўны, творчы, актыўны, жыццярадасны і чулычалавек – гэта толькі невялікая частка эпітэтаў, якія прызначаліся прадстаўнікам самай “маладой” катэгорыі ветэранаў – 60-гадовым юбілярам Антанідзе Уладзіміраўне Вячорка, Лідзіі Барысаўне Рашэцкай, Раісе Мікалаеўне Шырчанка, Сяргею Іванавічу Яраховічу, Святлане Аляксееўне Баярчук, Але Аляксандраўне Цыбулька, Галіне Іванаўне Шкіндзер, Таццяне Фёдараўне Піліпцэвіч...
Час праляцеў хутка. У віхуры выступленняў неяк незаўважана пад песню “Каравай” на сцэне апынуўся святочны торт і ўсе зразумелі, што свята падышло да свайго завяршэння. Усіх юбіляраў запрасілі сфатаграфавацца на памяць і перайсці ў суседнюю залу, дзе пад кубачак гарачага чаю яшчэ доўга ліліся ўспаміны людзей, якіх на ўсё жыццё аб’яднала агульная справа – вучыць і выхоўваць дзяцей.


Таццяна Шпак, старшыня Лунінецкага савета ветэранаў працы сістэмы адукацыі