Спяшае час, і ліст шасцідзесяты
Адгорнуты ў жыццёвай кнізе Вашай.
З нагоды гэтай юбілейнай даты
Дазвольце, сёння мы пра Вас раскажам...

З чаго пачынаецца школа?! Нам здаецца, што кожная школа пачынаецца з дырэктара! Менавіта дырэктар падобны рэжысёру, які стварае спектакль, хоць сам не заўсёды з’яўляецца на сцэне. Яго роля больш творчая, чым адміністратыўная. Яго ўпэўненасць ў поспеху зараджае аптымізмам і жаданнем працаваць натхнёна і творча.

Сямнаццаты год педагагічны калектыў ДУА “Сярэдняя школа №1 г. Івацэвічы” ўзначальвае Віктар Іванавіч Жывіневіч – чалавек плённай працы і адданасці, дабрыні і сумленнасці, бескарыслівасці і прыстойнасці.
Прапануем чытачам перагарнуць некалькі старонак жыццёвай кнігі гэтага цудоўнага чалавека і калегі.
Старонка першая. Сцяжынкі дзяцінства...
1957 год. За акном зіма... Студзень... Дваццаць сёмага... У сям’і Івана Андрэевіча і Любові Кандрацьеўны Жывіневічаў, якія жылі ў вёсцы Гошчава Івацэвіцкага раёна, нарадзіліся блізняты – Аляксандр і Віктар. Хлапчукі раслі гаваркімі, вяселымі, спагадлівымі. Гулялі, як усе дзеці, бывала, і шкоднічалі. З дзяцінства шмат працавалі. Вучыліся добра, але хто б мог прадказаць, што адзін з іх стане афіцэрам, а другі – настаўнікам...Фото
Старонка другая. Педагагічная...
У сістэме адукацыі Віктар Іванавіч працуе з 1978 года.
Маладым юнаком пасля заканчэння Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С. Пушкіна вярнуўся Віктар Іванавіч у родны Івацэвіцкі раён у якасці настаўніка беларускай мовы і літаратуры Чамялоўскай васьмігодкі. А праз год ён становіцца маладым дырэктарам Селецкай школы. Менавіта з гэтай школы і пачаўся дырэктарскі стаж Жывіневіча. Узначальваў Віктар Іванавіч сярэднія школы вёскі Рэчкі, гарадскога паселка Целяханы, другую гарадскую школу, і нарэшце, нашу, першую...
Старонка трэцяя. Пра каханне і сям’ю...
Усё пачыналася проста і звыкла, можна сказаць, як ва ўсіх. Працуючы ў Рэчках, пазнаёміўся з малодзенькай настаўніцай матэматыкі Алай Сцяпанаўнай, яна і стала той другой палавінкай адной шчаслівай сям’і. Выгадавалі дваіх дзяцей – сына Андрэя і дачку Наталлю. Не нарадуюцца ўнучаткам Насцечцы і Уладзіку. Ці не ў гэтым сэнс жыцця і сапраўднае шчасце?! А той вялікі скарб, які называецца каханнем, Жывіневічы з цягам часу не толькі здолелі зберагчы, але і напоўнілі новымі каштоўнасцямі, адшліфавалі, зрабілі яшчэ больш прыгожым і дарагім...
Старонка чацвёртая. Па шляху станаўлення і ўзыходжання...
Кожны ранак Віктара Іванавіча пачынаецца са школьнага ганку, куды ён ступае першым, і не губляе ні хвіліны: яшчэ па дарозе аглядвае тэрыторыю і будынак школы. Далей – словы прывітання дзяцей, калег, шмат упраўленчых пытанняў, што патрабуюць вырашэння... І так з дня ў дзень, з году ў год. І гады, пражытыя ў школе, – гэта не проста перыяд жыцця, а вялікі доўгі шлях, на якім былі падзенні і ўзлёты, няўдачы і дасягненні, паражэнні і перамогі. Гэта шлях пастаяннай і крапатлівай, мэтанакіраванай працы па фарміраванні адзінай адукацыйнай прасторы. Віктар Іванавіч не баіцца спрабаваць новае ў адукацыйным працэсе, таму навучальная ўстанова паспяхова асвойвае сучасныя педагагічныя тэхналогіі, інавацыйныя праекты. Пры гэтым імкнецца, каб лепшыя традыцыі школы абавязкова захоўваліся. Адным словам, школа для нашага дырэктара – гэта яго жыццё, прызванне і ўцеха...
Старонка пятая. Выніковая...
За гады педагагічнай дзейнасці з простага вясковага настаўніка Віктар Іванавіч стаў высокакваліфікаваным, граматным, умелым кіраўніком.
За добрасумленную і творчую працу, прадуктыўную адукацыйную і ўпраўленчую дзейнасць ўзнагароджаны нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі”, граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Івацэвіцкага райвыканкама, раённага Савета дэпутатаў, аддзела адукацыі.
Старонка шостая. Віншавальная...
2017 год. І зноў за акном зіма... Студзень... Дваццаць сёмага...

Спяшае час, і ліст шасцідзесяты
Адгорнуты ў жыццёвай кнізе Вашай.
З нагоды гэтай юбілейнай даты
Мы віншавання сёння словы кажам:
Імклівы час мацней ў руках трымайце,
Не паддавайцеся хваробам і нягодам,
Няхай заўжды сябруе з Вамі шчасце,
I кожны дзень Ваш будзе толькі добрым.

З павагай і ўдзячнасцю
калектыў ДУА “Сярэдняя школа №1 г.Івацэвічы”