6 валейбольных каманд з розных арганізацый і ўстаноў Івацэвіцкага раёна бралі ўдзел у традыцыйным турніры, прысвечаным памяці Уладзіміра Высоцкага, які ў 24 раз прайшоў на базе ДУА “Дабромысленскі дзіцячы сад-сярэдняя школа”. Гэта каманды Дабромысленскага і Святовольскага сельсаветаў, УП “Івацэвіцкая ПМК-18”, вайсковай часці № 7404, філіяла “Дабромысль” ТАА“Брэст-травы”, “Гардэмарыны”.

28 студзеня было шматлюдна ў спартыўнай зале школы.
Пераступіўшы парог спартыўнай залы, капітан валейбольнай каманды УП “Івацэвіцкая ПМК-18” Васіль Бахур сказаў:
- Я ўжо больш за 20 гадоў з вялікім задавальненнем прымаю ўдзел у гэтым турніры. Заўжды рад сустрэцца з спартсменамі, якія нягледзячы на свой узрост, паказваюць моладзі прыклад актыўнага і здаровага ладу жыцця. У Дабромыслі жыве сапраўдны спартыўны дух. Дзякую за добрую арганізацыю турніру кіраўніцтву школы, яе дырэктару Міхаілу Казлоўскаму, старшыні Дабромысленскага сельвыканкама Мікалаю Шаўчуку, старшыні прафкама Сцяпану Куніцкаму, усяму педагагічнаму калектыву, работнікам школьнай сталовай і вучням. Усе валейбалісты ўдзячны арганізатару турніру Аляксандру Сплендзеру, настаўніку фізічнай культуры і здароўя школы.
У фае школы ўсе прысутныя мелі магчымасць пазнаёміцца з жыццёвым і творчым шляхам Уладзіміра Высоцкага, з гісторыяй турніру са стэндаў, якія былі падрыхтаваны дырэктарам школы Міхаілам Казлоўскім і Аляксандрам Сплендзерам, настаўнікам фізічнай культуры і здароўя. Усе жадаючыя маглі паглядзець відэафільм пра жыццё і творчасць Уладзіміра Высоцкага.
Пасля першай гульні адбылося ўрачыстае адкрыццё турніру. Права падняць сцяг спартыўнага свята пад музыку Высоцкага было прадстаўлена пераможцы мінулагодняга турніру - камандзе Дабромысленскага сельскага Савета.
Ганаровымі гасцямі турніру былі старшыня Дабромысленскага сельвыканкама Мікалай Шаўчук, галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму аддзела адукацыі, спорту і турызму Івацэвіцкага райвыканкама Дзмітрый Пятроўскі.
З прывітальным словам да арганізатараў, спартсменаў і балельшчыкаў звярнуўся старшыня Дабромысленскага сельскага Савета Мікалай Шаўчук, галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзмітрый Пятроўскі пажадаў удзельнікам спартыўных поспехаў і ўдалай гульні. Са словамі ўдзячнасці да ўсіх прысутных звярнуўся дырэктар школы Міхаіл Казлоўскі. Арганізатар турніру Аляксандр Сплендзер пазнаёміў з праграмай спартыўнага свята.
І на гэты раз не была парушана традыцыя. Падчас правядзення турніру яго ўдзельнікі, балельшчыкі і госці мелі магчымасць пачаставацца дабромысленскімі прысмакамі, выпіць салодкай гарбаты на травах, пасмакаваць юшку, пачаставацца кандытарскімі вырабамі, якія былі прыгатаваныя настаўніцай працы Наталляй Касянік, работнікамі сталовай Святланай Скрабец, Таццянай Голуб.
Паралельна з валейбольным турнірам чацвёрты раз праходзіў турнір па настольным тэнісе, які правёў настаўнік фізічнай культуры і здароўя нашай школы Аляксей Суржык. У ім удзельнічала 16 тэнісістаў з розных каманд. Пераможцам турніру стаў Яўген Сцепанчук (ТАА “Брэст-травы”), які атрымаў каштоўны прыз, другое месца заняў Яўген Басалай з Святавольскага сельсавета, трэцяе - Дзмітрый Скарупіч з в/ч 7404.
Упартая барацьба разгарнулася ў фінальнай сустрэчы. Інтрыга захоўвалася да канца. У ей сустрэліся валейбольныя каманды Дабромысленскага сельвыканкама і вайсковай часці 7404. З лікам 2:1 перамогу атрымала каманда Дабромысленскага сельскага Савета, якой былі ўручаны грамата, памятныя медалі, пераходны кубок і шыкоўны каравай, падарунак ад РА ГА”БРСМ”.
За трэцяе месца змагаліся каманды Святавольскага сельвыканкама і “Гардэмарыны”. Перамогу атрымала каманда Святавольскага сельскага Савета з лікам 2:1.
Каманды-прызёры былі ўзнагароджаны не толькі граматамі, але і атрымалі караваі, падарунак ад РА ГА “БРСМ”.
Спонсарскую дапамогу ў правядзенні валейбольнага і настольнага турніру аказалі РА ГА “БРСМ”, сектар спорту і турызму аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, Дабромысленскі сельскі Савет , філіял “Дабромысль” ТАА “Брэст-травы”, ДУА “Дабромысленскі дзіцячы сад-сярэдняя школа”. Асаблівую ўдзячнасць арганізатары турніру выказваюць сваім землякам, прадпрымальнікам, братам Віктару і Мікалаю Хвяськам. Дзякуючы іх спонсарскай дапамозе былі набыты прызы, якімі ў розных намінацыях былі ўзнагароджаны ўдзельнікі.
Арганізатары і суддзі вызначылі мацнейшых ігракоў у наступных намінацыях: “Лепшы нападаючы” - Грышчук Станіслаў з каманды вайсковай часці №7404; “Лепшы блакіруючы” - Аляксандр Шэрка з каманды “Гардэмарыны”; “Лепшы звязны” - Ілья Мялік з каманды Святавольскага сельсавета; “Лепшы лібера” - Мікалай Хвясько з каманды Дабромысленскага сельсавета. Усе яны былі ўзнагароджаны граматамі і памятнымі сувенірамі.
За адданасць спорту, за прапаганду здаровага ладу жыцця прызам быў узнагароджаны ветэран турніру Васіль Бахур, капітан каманды УП “Івацэвіцкая ПМК-18”.
Турнір прайшоў на высокім арганізацыйным узроўні.
Пакідаючы яго, капітан каманды “Гардэмарыны” Міхаіл Чачун, участковы інспектар па справах непаўналетніх Івацэвіцкага РАУС сказаў:
- Валейбольны турнір памяці Уладзіміра Высоцкага, які праходзіць у ДУА “Дабромысленскі дзіцячы сад-сярэдняя школа”, мае выключнае значэнне для прапаганды здаровага ладу жыцця сярод моладзі і насельніцтва. Няхай і далей працягваецца яго гісторыя.

Сцяпан Куніцкі, старшыня прафкама
ДУА “Дабромысленскі дзіцячы сад-сярэдняя школа”
Фота Міхаіла Казлоўскага