Эліна Чарнецкая, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства гарадскога ліцэя разам з вучнямі 10-11 класаў працуе над праектам “Юныя сведкі вайны: гісторыя ад першай асобы”. Ён праводзіўся сумесна з Жабінкаўскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеем і меў на мэце збор успамінаў дзяцей вайны

На першапачатковым этапе праекта быў арганізаваны шэраг краязнаўчых экспедыцый. Пад час адной з іх, якая праходзіла па маршруце Жабінка – Малыя Сяхновічы – Вялікія Сяхновічы – Драмлёва, яе ўдзельнікі сустрэліся з дзецьмі-вязнямі Ганнай Дзмітрыеўнай Пятручык, Зінаідай Маркаўнай Баярчук і Еўдакіяй Пятроўнай Мядзведзь. Наступная экспедыцыя была арганізавана ў старасельскі край. Тут удзельнікам праекта пашчасціла сустрэцца з сувязным партызанскага атрада імя Міхаіла Чарнака Іванам Аляксандравічам Алексіевічам, якога без перабольшвання можна назваць жывой легендай.
Незабыўныя ўражанні пакінула сустрэча з ветэранамі педагагічнай працы і ўспаміны Зоі Мікалаеўны Яроцкай, Веры Іванаўны Вайцюк, Ганны Пракопаўны Давыдоўскай, Яўгеніі Васільеўны Сасноўскай, Раісы Міхайлаўны Маргевіч пра ваеннае ліхалецце.
На прапанову паўдзельнічаць у праекце, якая была апублікавана ў раёнцы, адгукнуліся жыхары Жабінкаўшчыны. Сярод іх Еўдакія Дзяменцьеўна Андрасюк, Рыгор Уласавіч і Фёкла Міхайлаўна Дыдзікі, якія перажылі вайну ў Кардах, былі сведкамі руху мясцовых камсамольцаў-падпольшчыкаў, трагедыі Драмлёва, жахаў акупацыйнага рэжыму. Будучы дзецьмі, яны працавалі нароўні з дарослымі. Сведкамі трагедый “вогненных вёсак” на Гомельшчыне і Міншчыне сталі Надзея Барысаўна Шастак і Зінаіда Рыгораўна Карабан. Цудам засталася ў жывых жыхарка Азятаў Марыя Міхайлаўна Грыцук. Немцы хадзілі па вёсцы і стралялі па людзях. Ад шалёнай кулі яе выратавала бабуля. Пражылі ўсю акупацыю на тэрыторыі раёна Данута Іосіфаўна Мяцечка, Марыя Гаўрылаўна Сарока, Ніна Мікалаеўна Карпук. На іх дзіцячыя плечы лёг цяжар ваеннага часу.
З кожным годам меншае колькасць ветэранаў – франтавых байцоў і партызан. Але жывуць побач з намі дзеці ваенных гадоў, чые ўспаміны такія ж важныя і каштоўныя, як расповеды іх бацькоў. Асабліва цяпер, ва ўмовах, калі спробы перапісаць гісторыю Перамогі сталі частай з’явай. Удзельнікам праекта ўдалося сабраць успаміны 19 юных сведкаў вайны, а таксама поўны варыянт дакументальнага і фотаздымачнага матэрыялу. Дадзеныя звесткі сабраны ў асобны альбом, які атрымаў такую ж назву, як і праект: “Юныя сведкі вайны: гісторыя ад першай асобы”. Ужо пад час яго афармлення паступілі чарговыя заяўкі на ўдзел у праекце, таму сабраныя новыя ўспаміны падштурхнулі да прыняцця рашэння прадоўжыць праект.
Дадзены праект будзе прапанаваны супрацоўнікам музеяў краіны ў сталіцы.


Алена Цаль, старшыня прафкама ДУА “Ліцэй г. Жабінкі”