На базе Маларыцкай раённай гімназіі прайшлі заключныя выпрабаванні раённага этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў “Настаўнік года”.
Самым відовішчным, яркім і запамінальным стаў фінальны тур спаборніцтваў, ва ўрачыстым адкрыцці якога ўдзельнічаў намеснік старшыні Маларыцкага райвыканкама Вадзім Шпетны, пераможца Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года — 2001”. Ён шчыра пажадаў усім канкурсантам поспехаў, бадзёрасці духу, сілы волі, далейшых дасягненняў на педагагічнай ніве, прызнання і павагі калег, бацькоў і вучняў.

На сцэне гімназіі канкурсанты рабілі самапрэзентацыю, абаранялі адукацыйныя праекты, праходзілі педагагічную размінку. Заключны этап спаборніцтваў уключаў таксама прадстаўленне фіналістаў іх педагагічнымі калектывамі.
Конкурс яшчэ раз пераканаў, што на Маларытчыне працуе шмат таленавітых, творчых і эрудзіраваных педагогаў, шчыра адданых сваёй справе, здольных працаваць на высокім узроўні.
Журы пад кіраўніцтвам начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Маларыцкага райвыканкама Таццяны Лаўрэенка вызначала лепшых педагогаў у некалькіх прадметных намінацыях. У намінацыі “Выхавальнік дашкольнай установы” пераможцай стала кіраўнік фізічнага выхавання ясляў-сада № 4 Маларыты Вольга Сымонік. У намінацыі “Замежная мова” перамагла настаўніца сярэдняй школы № 1 Маларыты Аксана Ярмалюк. Лепшым у намінацыі “Хімія, біялогія” прызнаны настаўнік Лукаўскай сярэдняй школы Вячаслаў Пацук.
Усе фіналісты конкурсу атрымалі заслужаныя ўзнагароды і падарункі.


Мікалай Навумчык,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Са старонкі «Настаўніцкай газеты»