15 лютага для Вольгі Канстанцінаўны Дудар з Арэпічаў на працягу ўжо 33 гадоў адгукаецца болем у сэрцы. Яе сын Васіль не вярнуўся жывым з той вайны. Ён назаўжды застаўся ў яе памяці і на фотаздымках маладым, прыгожым хлопцам, з сур’ёзным позіркам і падціснутымі губамі. Яе любімы Васілёк прыходзіць да маці ў снах – стаіць побач, маўчыць. На ім – бялюткая кашуля з некалькімі плямамі крыві, што праступіла на месцы баявога ранення. У вачах сына Вольга Канстанцінаўна бачыць пакуты і боль, ён гаворыць без слоў: прабач, мама, я інакш не мог...

Мацярынскае сэрца сціскаецца ад пакут і гора: шалёная куля забрала ў яе сыночка. Па крупіцах аднавіла апошні дзень жыцця свайго Васіля. У Афганістан Васіль Дудар трапіў у лютым 1983 года. Ён быў намеснікам начальніка штаба палка, дывізіі, камандзірам разведузвода, неаднаразова прымаў удзел у баявых аперацыях.
28 верасня 1983 года пад час чарговага бою Васіль, цяжка паранены, падпоўз да дома, з якога праціўнік вёў кулямётны агонь, і закідаў яго гранатамі. Коштам свайго жыцця ён даў магчымасць разведчыкам дабрацца да кішлака. За мужнасць і адвагу пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.
Імя героя высечана на шыльдзе помніка воінам-інтэрнацыяналістам, што ў Жабінцы, а таксама занесена ў кнігі, прысвечаныя Афганскай вайне.
...Усё далей і далей адыходзіць у гісторыю 15 лютага 1989 года. З гадамі крышку сціхае боль страты дарагіх людзей.
У гэты журботны дзень падтрымаць маці воіна-інтэрнацыяналіста, Вольгу Канстанцінаўну, прыехалі яе маладзейшыя калегі: Наталля Урбан, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, Іна Тарасевіч, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, Наталля Андрасюк, загадчык сектара аховы дзяцінства аддзела. 77-гадовая расчуленая гаспадыня з задавальненнем падзялілася ўспамінамі аб маладосці, сваіх працоўных, настаўніцкіх буднях, параўнала школьнікаў 60-70-ых гадоў і сучасных, бедавала, што школу ў Арэпічах зачынілі...
Доўгімі зімовымі вечарамі жанчына сядзіць ля тэлевізара. Радуецца, калі ў дом заходзяць сыны, нявестка, унучкі і праўнукі (іх чацвёра). Як і многія пажылыя людзі, “змагаецца” са шматлікімі хваробамі. “Ат, жыццё маё – нялёгкае выпала. А ўсе хваробы – ад нерваў”, – гаворыць Вольга Канстанцінаўна. “Васілёк часта сніцца, дый муж-нябожчык таксама. Яны, мабыць, і “адтуль” мяне стараюцца падтрымаць. Як гэта балюча – хаваць блізкіх людзей... А колькі яшчэ такіх, як я, маці дагэтуль аплакваюць сваіх дзетачак. Мы ж іх не для вайны расцілі...”

Са старонкі газеты “Сельская праўда”