У канцы лютага ў ДУА “Аброўскі дзіцячы сад” Івацэвіцкага раёна ладзілася ўрачыстае мерапрыемства знагоды святкавання 40-годдзя з дня адкрыцця. Прычына ўзнікнення дашкольнай ўстановы – высокая нараджальнасць і спрос на дзіцячы сад ў насельніцтва. Спісачны склад дзяцей ва ўсіх узроставых групах у той час складаў 30-32 дзіцяці, агульная колькасць дзяцей – 132.

Пры ўваходзе ў музычную залу, якая была ўпрыгожана па-святочнаму, былых супрацоўнікаў і гасцей віталі выхавальнікі і дзеці старшай групы, апранутыя ў нацыянальныя касцюмы. Кожнаму з гасцей уручаўся памятны сувенір з пажаданнямі, зроблены сваімі рукамі.
Добрый день, дорогие друзья!
Мы собрались сегодня в зале,
Чтоб отпраздновать наш юбилей,
Чтоб сегодня ещё раз сказали,
Что нет краше и нет веселей,
Нет любимее нашего сада.
Гэтымі словамі пачалі святочны канцэрт вядучыя Цымбаліст Л.С. і Крыштопчык Н.М. (старшыня прафсаюзнай арганізацыі), якія працуюць выхавальнікамі ў дзіцячым садку. А дзень быў сапраўды добры, таму што на свяце сабраліся старыя, добрыя сябры, якіх аб’яднаў Аброўскі дзіцячы сад. І вось ужо 40 гадоў растуць і развіваюцца ў дзіцячым садку, як каласкі, маленькія дзеткі. І тыя, хто дасягаюць майстэрства, не зрываюць іх, а беражліва перадаюць у іншыя рукі. А вырасла ў дзіцячым садзе за чатыры дзясятка гадоў крыху менш 1000 дзяцей.
Вітала іх цяперашняя загадчыца, чацвёртая па ліку з моманту заснавання ўстановы дашкольнай адукацыі, якая вось ўжо на працягу 12 гадоў займае даную пасаду (да гэтага працавала выхавальнікам з 1991года) – Папечыц Галіна Фёдараўна. Яна дала дзіцячаму садку жыццё і росквіт. Гэта выдатны, высокакваліфікаваны кіраўнік. Яе прафесійны падыход, яе патрабавальная, прынцыпіяльная пазіцыя у рашэнні ўсіх пытанняў унеслі змяненні ў жыццё дзіцячага сада.
Дзіцячы сад прыняў першы набор дзятвы ў лютым 1977 года. Тады дашкольнай установай кіравала Д. М. Шалюціна – выдатны педагог, шчодрай душы чалавек. Яна здолела злучыць усё каштоўнае, пазітыўнае, што было ў савецкай педагогіцы і накіраваць на карысць выхаванцаў дзіцячага сада.
У калектыве пад яе ўмелым кіраўніцтвам працавалі Тысевіч Ніна Мікалаеўна, якая звязала ўсё сваё жыццё з выхаваннем дзяцей, прыйшоўшы на працу зусім юнай дзяўчынай, працавала тут да пенсіі 36 гадоў; Сухарослава Валянціна Паўлаўна адпрацавала 25 гадоў; Шыбайка Мікалай Сяргеевіч, музычны кіраўнік, 40 гадоў таму, зусім юнаком прыйшоў на працу, і хоць ён ужо на пенсіі, але працягвае працаваць. Гэта энергічныя, адказныя людзі, якія аддалі любімай справе нямала гадоў. У 1984 г. Сухарослава В.П. становіцца кіраўніком установы.
За даўгалецце ў прафесіі, за плённую шматгадовую педагагічную працу ў дашкольнай установе галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Івацэвіцкага райвыканкама Равенка А.П. уручыла ім пісьмо падзякі і ганаровыя граматы. А дзіцячаму садку ад аддзела адукацыі, спорту і турызму Аксана Паўлаўна падарыла тэлевізар. Аксанай Паўлаўнай было адзначана, што наша ўстанова не аднойчы займала першыя месцы па рэйтынгу сярод сельскіх устаноў дашкольнай адукацыі, у тым ліку і па выніках работы за 2016 год.
Віталі на свяце і ветэранаў працы, супрацоўнікаў, якія адпрацавалі ў дзіцячым садзе ад 25-ці гадоў і вышэй, і з установы адукацыі пайшлі на пенсію: Рындзіна М. Гр., Грыцэвіч Т. С., Грыцэвіч М. М., Люшкевіч Н.Дз., Лучыц Г. В., Трусевіч Н. В., Тысевіч В. М. У гэты дзень, у гэтай зале было іх спатканне з юнацтвам. Кожная з іх, азірнуўшыся назад, магла сказаць: «Як маладыя мы былі...». Усе ветэраны працы ад калектыву работнікаў дзіцячага сада атрымалі памятная сувеніры.
Віншавала былых работнікаў старшыня раённага Савета ветэранаў педагагічнай працы, у былым галоўны спецыяліст аддзела адукацыі па дашкольнай адукацыі, якая стаяла ў істокаў адкрыцця ўстановы, Барысік Ларыса Уладзіміраўна. Хаця, калі ідзеш за Прызваннем, калі гарыць ў табе іскра Божая, калі аддаешся любімай справе ўсёй душой, то, нават пайшоўшы на пенсію, – не становішся былым.
Граматай Івацэвіцкага раённага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі ўзнагароджана Крыштопчык Н.М., выхавальнік дашкольнай адукацыі, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ДУА “Аброўскі дзіцячы сад”. За добрасумленную працу і ў сувязі з святкаваннем 40-годдзя ўстановы граматы аддзела адукацыі, спорту і турызму Івацэвіцкага райвыканкама атрымалі Крыштопчык Г.І., выхавальнік дашкольнай адукацыі, і Калтуневіч В.М, памочнік выхавальніка.
Павіншавала калег са святам і Мікульская Наталля Уладзіміраўна, якая з 1978 года працавала тут медыцынскай сястрой, а з 1992 г. заняла пасаду загадчыцы – аж да 2004 года.
Віншавалі дзіцячы сад з юбілеем і ўручылі падарункі дырэктар ААТ “Аброўскі” А.В. Палуяновіч, які падарыў юбіляру ноўтбук і пыласос, і старшыня Аброўскага сельвыканкама З.А. Шалюціна.
Шмат цёплых слоў было сказана ў адрас юбіляра і настаяцелем Свята-Міхайлаўскай царквы Радзько Расціславам. Дзіцячаму садку айцец Расціслаў падараваў ікону.
І, вядома ж, у гэты дзень было сказана шмат добрых слоў у адрас тых, хто, не шкадуючы сябе, не думаючы ні пра славу, ні пра ўзнагароды, без астатку раствараючыся ў працы, ствараючы ў гэтых добрых сценах непаўторную атмасферу дабра, назаўжды пакінуў у гэтым дзіцячым садзе часцінку сваёй душы. Усё сваё жыццё звязаў з гэтай нялёгкай працай – з выхаваннем дзяцей.
Уручэнне Дыпломаў супрацоўнікам дзіцячага садка па намінацыях «Будзе ўсё, што патрэбна», «Адна нага тут, другая – там», «Містэр ля-ля-фа», «Буль-буль, ці шыта-крыта», «Усё ўмею, усё магу», і іншых (усяго было васямнаццаць жартаўлівых намінацый) дадалі святу станоўчага эмацыйнага настрою.
Юбілей дзіцячага садка атрымаўся на славу. А добры настрой нам вельмі патрэбны ў дзетсадаўскіх буднях, у якіх заўжды прысутнічае крыху свята!
Квітней і развівайся, наш любы садок!

Людміла Цымбаліст, выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Аброўскі дзіцячы сад”