На Маларытчыне шмат педагогаў, якія ўжо на заслужаным адпачынку. Нядаўна для іх прайшоў традыцыйны святочны агеньчык. Ініцыятарам і арганізатарам правядзення сустрэчы выступілі старшыня Маларыцкай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Тамара Бурштын і старшыня раённага савета ветэранаў педагагічнай працы Соф’я Якубчык пры падтрымцы начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Маларыцкага райвыканкама Таццяны Лаўрэенка. На базе СШ №2 г.Маларыта традыцыйна сабралася суквецце педагагічных талентаў раёна. Сюды былі запрошаны тыя, хто сваё жыццё прысвяціў настаўніцтву. Розную колькасць гадоў яны адпрацавалі ў школе. Але ўсіх педагогаў, у тым ліку — заслужаных настаўнікаў і выдатнікаў адукацыі, аб’ядноўваюць мудрасць, талент, вопыт, прафесійнае майстэрства, адданасць сваёй справе.

Не страцілі былыя педагогі ні душэўнай прыгажосці, ні творчай энергіі, ні сардэчнай шчырасці, ні дабрыні, ні жыццярадаснасці. Удзельнікі сустрэчы дзяліліся сваімі ўспамінамі аб школьным жыцці, разам жартавалі, смяяліся і нават плакалі. Адчувалася, што многім вельмі хацелася зноў вярнуцца ў любімую школу на ўрок, пастаяць ля дошкі з крэйдай і ўказкай у руках, пагаварыць з вучнямі. У гэтым, напэўна, і заключаецца шчасце, калі хоць на імгненне ўспамінаецца шчаслівая пара маладосці, калі зноў – хоць і ў думках – можаш стаць настаўнікам.
Для ветэранаў педагагічнай працы Ала Шабогіна, культарганізатар Маларыцкага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, і Людміла Хапалюк, выхавальніца дзіцячага сада №2 г.Маларыта, правялі фальклорную праграму “Масленічныя забавы”. Яна была вельмі змястоўнай і насычанай рознымі цікавымі гульнямі і конкурсамі.
Былі накрыты таксама святочныя сталы, у адрас прысутных былых педагогаў на працягу ўсёй сустрэчы прагучала шмат цёплых і шчырых слоў.
Затым адбылося ўшанаванне юбіляраў 2016 года. Кожны з іх атрымаў памятны падарунак, зроблены рукамі вучняў і настаўнікаў СШ №2.
- На змену вясне і лету заўсёды прыходзіць восень, – гаворыць Соф’я Лаўрэнцьеўна. – Змяняюцца поры года і ў жыцці чалавека. У дзяцінстве мы не задумваемся пра тое, якой будзе яна, восень нашага жыцця... Жыццёвую ж восень ветэранаў педагагічнай працы Маларытчыны можна, думаецца, назваць залатой і ўраджайнай. Залатой па каштоўнасці і ладзе жыцця, ураджайнай па ўвазе да тых, хто ўжо на заслужаным адпачынку. Па магчымасці мы, былыя педагогі, збіраемся разам, абмяркоўваем набалелае, праводзім розныя мерапрыемствы, паездкі і экскурсіі.

Мікалай Навумчык,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі

Са старонкі раённай газеты «Голас часу»