Гэта ж падумаць: з сярэдзіны мінулага стагоддзя сям’я Небелюкоў жыве на жабінкаўскай зямлі. 31 мая 1955 года ў Азяцкім сельскім Савеце рэгістравалі маладую пару. Хлопец і дзяўчына, педагогі Старасельскай школы, год прыглядаліся адзін да аднаго, а потым вырашылі ўсё жыццё быць разам. Так узнікла маладая сям’я. Аляксей і Надзея не памыліліся: неўзабаве будзе 62 гады, як гэты паруснік плыве па сямейным моры ў любові і павазе, даверы і ўзаемаразуменні. У сям’і выраслі сын Аляксандр і дачка Ларыса.

Далей мой расказ пра ветэрана педагогікі Надзею Яўгенаўну. Каля 40 гадоў мы працавалі ў адным калектыве. На ўсіх сходах сядзелі побач ці насупраць, глядзелі адна адной у вочы, заўсёды адчувалі надзейны локаць калегі.
Нарадзілася Надзея Яўгенаўна Небялюк у вялікае свята – Раство Хрыстова, 7 студзеня 1932 года ў вёсцы Кірава на Міншчыне. Дзяцінства было нялёгкім. Надзея адносілася да пакалення, якое называецца “дзеці вайны”. Яе тата рана памёр, а мама выхоўвала пяцярых дзяцей. Працавала даяркай у калгасе, рукамі даіла 40 кароў (даільных апаратаў тады не было), а таксама ўручную разносіла корм. Дзеці дапамагалі ёй на калгаснай працы, у хатняй гаспадарцы. Цяжкае дзяцінства ў пасляваенны час было добрым урокам у разуменні таго, што ўсё працай ставіцца, усё працай славіцца. Хлопчыкі і дзяўчынкі, калі сталі дарослымі, не баяліся фізічна працаваць. Усе яны атрымалі спецыяльную адукацыю, бо цягнуліся да ведаў. І ў тым заслуга іх мамы.
Надзея Яўгенаўна Небялюк спазнала і жахі вайны, голад, холад, страх. Яе родная вёска знаходзілася недалёка ад Слуцка, фашысцкія самалёты часта над ёю ляталі, таму што бамбілі горад. Там рваліся бомбы, гарэлі дамы, людзі ўцякалі, галасілі, а спалоханыя дзеці сядзелі ў зямлянках і плакалі.
У цяжкія пасляваенныя гады Надзея Яўгенаўна не страціла цікавасці да ведаў, у яе не прапала жаданне вучыцца. За выдатную вучобу ў пачатковай школе атрымала грамату і прыгожы партфель для падручнікаў. Яшчэ ў дзяцінстве дзяўчынка марыла быць педагогам, гуляла з сяброўкамі ў школу. Старэйшая сястра ў той час працавала ўжо настаўніцай пачатковых класаў, прыносіла дадому вучнёўскія сшыткі і ставіла адзнакі, прапісвала літары для чыстапісання. Гэта былі жывыя прыклады працы педагога, што падахвочвалі Надзейку.
І вось пасведчанне аб заканчэнні сямі класаў. Дзяўчына едзе ў Брэст і паступае ў педагагічнае вучылішча. Вынікам яе ўседлівасці быў дыплом педагога пачатковых класаў. Першая прыступка ў ажыццяўленні мары ўзятая. Атрымала накіраванне на працу ў Жабінкаўскі раён. Загадчык раённага аддзела народнай адукацыі Аляксандр Ігнацьевіч Іпатаў прапанаваў работу ў сямігодцы ў Старым Сяле. Так Надзея Яўгенаўна аказалася ў маладым калектыве, дзе і сустрэла свой лёс – маладога прыгожага чалавека ў цяльняшцы Аляксея Пятровіча Небелюка (служыў у марфлоце). Маладосць, энергія, працавітасць бралі верх, цяжкасці не страшылі, а таму гаспадыня маладой сям’і вырашыла працягваць вучобу і паступіла на завочнае аддзяленне Брэсцкага педагагічнага інстытута імя Аляксандра Пушкіна, выбрала біялагічны факультэт, таму што ў школе яе любімым прадметам была біялогія.
22 гады адпрацавала настаўнікам біялогіі і працы ў Жабінкаўскай спецшколе-інтэрнаце. Спраў было многа: аформіць кабінет, правесці ўрокі, дагледзець прышкольны ўчастак у 50 сотак, кветнікі ля школы. Педагог старалася тэарэтычныя веды замацаваць на практыцы. Разам з вучнямі вырошчвалі гародніну, вучыла іх, як правільна сеяць, садзіць, як працаваць на зямлі. У цяпліцы да сонца цягнуліся кветкі і расада, а ўрокі абслуговай працы былі прысвечаны навучанню і выпрацоўцы ўменняў шыць на машынцы, вышываць і вязаць спіцамі і кручком. Вучні любілі гэтыя ўрокі, стараліся ўсяму навучыцца.
З успамінаў былой выпускніцы школы-інтэрната для дзяцей са слабым зрокам Зоі Кісель: “Пасля школы пайшла працаваць у Брэсцкі зелянгас (цяплічная гаспадарка), было лёгка, таму што ўжо шмат ведала, навучылася ў школе на ўроках працы і на прышкольным участку”. Іна Праднюк, выпускніца школы-інтэрната, жыве ў Жабінцы, мае дачу, хоць ва ўзросце ўжо, але да цяперашняга часу ўдзячная Надзеі Яўгенаўне за тыя ўменні і навыкі, якія атрымала ад сваёй настаўніцы.
Вось што расказала пра нашу гераіню былая намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Яўгенія Сасноўская: “Надзею Небялюк можна было бачыць на працы ў цяпліцы і на ўчастку раніцай, днём і вечарам. Школа патанала ў кветках з ранняй вясны і да позняй восені. На ўчастку вырошчвалі розную гародніну, праводзілі вопыты. Быў аформлены кабінет біялогіі з рознымі тэхнічнымі сродкамі. Вялікі акварыум з рыбкамі патрабаваў дасканалага навуковага догляду. Вучні пастаянна збіраліся ля яго, назіралі за жывой прыродай. Праводзіліся розныя тэматычныя святы, вечары, дні ўраджаю і птушак, восеньскія балі. Ля школы на дрэвах было многа шпакоўняў, домікаў для птушак, кармушак. Хлопчыкі і дзяўчынкі любілі сваю настаўніцу і рабіліся прадаўжальнікамі. Творчая праца біёлага, яе руплівасць былі заўважаны і ўзнагароджаны граматамі Брэсцкага абласнога аддзела народнай адукацыі і райана. Сама Надзея Яўгенаўна ветэран працы, адзначана аналагічным медалём.Н.Е.Небелюк
Але спецыфіка работы ў спецшколе патрабавала асаблівых ведаў: трэба было ведаць хваробы вачэй, спадарожныя адхіленні пры кожнай з іх, асаблівасці ўспрыняцця вывучаемага матэрыялу, фізічны і псіхалагічны стан вучняў і г. д. Надзея Небялюк не мяняе свае перакананні і ў 1972 годзе едзе ў Ленінград па новыя веды, паступае ў педінстытут імя Герцэна на дэфекталагічны факультэт тыфлааддзялення. Яна лічыць, што тыфлапедагогіка, тыфлапсіхалогія, хваробы вачэй і спосабы іх лячэння ў працэсе вучобы, шрыфт Брайля, лагапедыя, карэкцыйная праца і іншае – гэта той матэрыял, якім павінен валодаць кожны настаўнік, які працуе з вучнем, што дрэнна бачыць ці наогул не мае зроку. Каб здаць сесіі, напісаць курсавыя работы, вывучыць шрыфт Брайля, навучыцца чытаць і пісаць на ім, разумець, што можна, а чаго нельга – трэба было многа працаваць, каб давесці вучня да ВНУ і да поўнай адаптацыі ў грамадстве. Калі гаварыць пра Надзею Яўгенаўну Небялюк як чалавека, то трэба адзначыць, што яна вельмі сціплая, шчырая, працавітая і паважаны сябра ў калектыве. У яе не было ніколі ніякіх канфліктаў з вучнямі, з калегамі. Яна любіла свой прадмет і мела глыбокія па ім веды.
Цяпер уся ў сваіх унуках, якія, як і бабуля, таксама маюць вышэйшую адукацыю – інжынеры. Калі пра гераіню гаварыць мастацкай мовай, то яе можна параўнаць з беластволай бярозкай, карані якой глыбока ў зямлі.

Раіса Маргевіч, ветэран педагагічнай працы