Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь – свята, якое датычыцца непасрэдна ўсіх і кожнага. У святочныя дні ў краіне праводзіцца ўсебеларуская патрыятычная акцыя “Мы – грамадзяне Беларусі”. Пад час яе юнакам і дзяўчатам, якім споўнілася 14 гадоў, уручаецца пашпарт грамадзяніна Беларусі.
У Жабінцы цырымонія ўручэння пашпартоў адбылася менавіта 15 сакавіка. Святочнае мерапрыемства адбылося ў актавай зале райвыканкама. Шаноўнымі гасцямі ўрачыстасці былі старшыня Жабінкаўскага раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Гарадзецкі і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Жанна Стаціўка.

Дзмітрый Мікалаевіч разам з Жаннай Уладзіміраўнай уручылі пашпарты вучням школ раёна: выдатнікам вучобы, актывістам грамадскага жыцця, пераможцам алімпіяд, таленавітым спартсменам, шчыра павіншавалі іх з Днём Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і атрыманнем дакумента, які засведчвае іх прыналежнасць да нашай суверэннай і незалежнай краіны.
Юнакі і дзяўчаты з удзячнасцю ўспрынялі словы-віншаванні Наталлі Урбан, старшыні Жабінкаўскага райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, мамы Юліі, якая была сярод тых, каму на ўрачыстасці ўручылі сінюю кніжыцу грамадзяніна Беларусі. Наталля Мікалаеўна пажадала маладым людзям упэўненна ісці па жыцці, ганарыцца сваім прозвішчам, запісаным ў пашпарце, каб з гадамі ў гэтым дакуменце з’яўляліся новыя і толькі добрыя запісы: аб стварэнні сям’і, нараджэнні дзяцей, новым месцы жыхарства, а галоўная, каб кожны з іх стаў сапраўдным чалавекам, ніколі не забываў і дапамагаў сваім бацькам, якія падаравалі жыццё.
Цудоўнымі песнямі віталі маладых беларусаў выхаванцы музычнай школы, а затым былі Гімн Рэспублікі Беларусь і фотаздымак на памяць.

Старшыня райкама прафсаюза Н.М.Урбан