У дзяржаўнай ўстанове дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Цэнтр дзіцячай творчасці горада Івацэвічы”, якой кіруе дырэктар Алёшынава Ірына Арсеньеўна, працуе шмат цікавых і таленавітых педагогаў. Амаль пасля кожнай выставы ці конкурсу работы аб’яднанняў па інтарэсах гэтай дзяржаўнай установы адзначаюцца граматамі і дыпломамі. Але такой асаблівай узнагароды яшчэ ў гісторыі Цэнтра дзіцячай творчасці г.Івацэвічы не было. Аб’яднанню па інтарэсах “Скарбонак” (мастацкі кіраўнік Алёшынава І.А.) у пачатку гэтага года прысвоена найменне “Узорны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь” за дасягнутыя поспехі ў развіцці аматарскай мастацкай творчасці, папулярызацыі нацыянальных культурных традыцый, высокі ўзровень і актыўную выставачную дзейнасць.

На працягу сямі гадоў педагог са сваім вучнямі (ад 6 да 16 гадоў) ішла да гэтага выніку праз народныя рамёслы: бісерапляценне, выцінанку, вышыўку, вязанне, выраб саламяных павукоў, тэкстыльных лялек. Праграма дзейнасці аб’яднання па інтарэсах “Скарбонак”, распрацаваная педагогам і разлічаная на два ўзроўні навучання, прадугледжвае індывідуальны падыход да творчага развіцця кожнага навучэнца. Дзеці дасканала вывучаюць гісторыю сваёй мясцовасці, знаёмяцца з народнымі святамі і абрадамі, цікавяцца народнымі лялькамі і робяць сваім рукамі шэдэўры мастацтва.
Ірына Арсеньеўна не толькі працуе з вучнямі, але і дзеліцца сваім вопытам на старонках часопісаў “Выхаванне і дадатковая адукацыя”, “Ксюша”. А яшчэ мае поспех на абласных, рэспубліканскіх і міжнародных аглядах, конкурсах, фестывалях: 44 абласная выстава “Вясёлкавы калейдаскоп” (г.Брэст, 2014 г.), дыплом ІІІ ступені ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама; раённы этап XVIII рэспубліканскай выставы - конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Калядная зорка” (г.Івацэвічы, 2014 г.), грамата І ступені; Х абласная выстава мяккай цацкі (г.Брэст, 2015 г.), дыплом ІІ ступені ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама; 45 абласная выстава “Вясёлкавы калейдаскоп” (г.Брэст, 2015 г.), дыплом ІІ ступені ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама; ХІХ Рэспубліканская выстава-конкурс дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў “Калядная зорка” (г.Мінск, 2015 г.), дыплом ІІІ ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Ірына Арсеньеўна з задавальнненем супрацоўнічае з рознымі грамадскімі аб’яднаннямі, у тым ліку і з прафсаюзам, за што і атрымала узнагароды райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, раённага аб’яднання прафсаюзаў. Удзельнікам розных семінараў, гасцям раёна яна з дзецьмі рыхтуе цікавыя сувеніры. Іх беларускія куклы ёсць нават у музеях Германіі і Італіі. У хуткім часе адправяцца і ў Польшчу.
Па выніках работы за 2016 год калектыў дзяржаўнай ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Цэнтр дзіцячай творчасці горада Івацэвічы” стаў пераможцам і ўзнагароджаны Граматай аддзела адукацыі, спорту і турызму Івацэвіцкага райвыканкама.
Віншуем з перамогамі і жадаем творчых поспехаў у будучым.

Старшыня райкама прафсаюза В.В.Разумейчык