Ёй падабаецца есці шакалад і насіць прыгожае адзенне. Яна любіць сваю родную вёску Пажэжын, паходы на возера, касцёр з гульнямі, любіць вучыцца, чытаць, разгадваць крыжаванкі, вязаць, хадзіць па грыбы, вандраваць – і абавязкова з фотаапаратам. Любіць добрае сучаснае кіно, музыку. Добразычлівы суразмоўца, якая ўмее проста і шчыра гаварыць з людзьмі, калегамі, пераконваць іх у праўдзівасці і справядлівасці сказанага. Кожнае яе слова даходзіць да розуму і сэрца, выпраменьвае энергію цяпла і чысціні. З першых хвілін размовы выклікае прыхільнасць сваёй шчырасцю, эмацыянальнасцю, энергіяй, якая, здаецца, б’е цераз край.

Знаёмцеся: настаўніца пачатковых класаў Пажэжынскай школы Ганна Калеснік, стройная, маладая жанчына з адкрытым і шчырым позіркам, з добразычлівай шчодрай душой.
Калісьці Ганна Анатольеўна вельмі любіла гуляць у “школу” – задаваць заданні, выпраўляць памылкі чырвоным стрыжнем. Нават чытаць малодшага брата яна навучыла сама. “Наша Ганначка, відаць, вялікім чалавекам будзе. Яна так хораша растлумачыла сваім сяброўкам выкананне хатняга задання, што непісьменны зразумеў бы. Мабыць, лепш за настаўніцу”, – гаварылі суседзі-аднавяскоўцы пра дачку Вольгі Міхайлаўны Чухніной, якая зу¬сім нядаўна пайшла ў школу. Дзяўчынка ад такіх слоў толькі сарамліва чырванела. “Хіба можна параўноўваць мяне з настаўніцай? – шчыра здзіўлялася яна. – Я ж яшчэ так мала ведаю, а настаўніца такая разумная, такая добрая. Такая строгая, але ж справядлівая! Яна такая...такая!.. І я, калі вырасту, таксама стану настаўніцай”.
Праўда, расці давялося далёка не ў лёгкіх умовах. Лёсам было наканавана Вользе Міхайлаўне самой, без мужа, гадаваць і выхоўваць дачушку Ганначку і сына Сашу. Застацца ў вёсцы без гаспадара вельмі цяжка. Аня, вучаніца 2 класа, як старэйшая за брата, добра разумела, што яна павінна быць першай памочніцай ва ўсіх справах па гаспадарцы. Разам з тым дзяўчынка не магла не вучыцца на выдатна, бо мара стаць настаўніцай па-ранейшаму жыла ў яе душы. Дзіцячыя гульні, добрая першая настаўніца, працавітасць маці, якая ніколі не прымушала дзяўчынку нешта рабіць, але ўсё яе жыццё было для дачкі прыкладам, зрабілі сваю справу. Ганна становіцца студэнткай Баранавіцкага вышэйшага педагагічнага каледжа, а пасля яго заканчэння вяртаецца ў родную школу.

З вялікім нецярпеннем чакала маладая настаўніца сваіх першых вучняў. Яны былі такімі адкрытымі, дапытлівымі, ініцыятыўнымі, да таго ж сама настаўніца такая бадзёрая, вясёлая, энергічная. А калі педагог у добрым тонусе, то і ўплыў на вучняў станоўчы, прыемна гля¬дзець, слухаць, а галоўнае, вучыцца ў такога настаўніка. Пасіўных і санлівых на ўроках у час наведвання я і сёння не заўважыла, хоць ішоў апошні ўрок заняткаў. Так і жывуць у адным тэмпе да гэтага часу настаўніца і яе выхаванцы.
Першы год яна працавала па традыцыйнай праграме, хутка пераканалася: на такіх уроках дамінуе педагог, пасля была дальтанаўская тэхналогія, якая таксама не запала ў душу. Ёй хацелася, каб вучні былі актыўнымі ўдзельнікамі вучэбнага працэсу, бо, як мяркуе настаўнік, калі школьнік сам прыйдзе да поўнай высновы, то гэта прынясе максімальны вынік. Сёння ўрокі Ганны Анатольеўны – гэта спалучэнне элементаў розных методык і тэхналогій развіццёвага навучання. З усіх інавацыйных форм работы Ганна Анатольеўна аддала перавагу адукацыйнай мадэлі “Крок за крокам” (мерапрыемства па тэме+навучанне). Ідэя мадэлі – садружнасць “сям’я – школа – дзеці”.
Вучэбны дзень у класе пачынаецца з ранішняй сустрэчы, якая праводзіцца да пачатку заняткаў з мэтай настроіць вучняў на работу, стварыць псіхалагічны камфорт, адкрытую сяброўскую атмасферу ў класе. Вучні па-рознаму вітаюць адзін аднаго, дзеляцца навінамі, падзеямі мінулага дня, асабліва значнымі для іх, сваімі радасцямі, няўдачамі. Пры падрыхтоўцы да ранішняй сустрэчы настаўніца выкарыстоўвае псіхалагічныя праграмы, трэнінгі па адаптацыі першакласнікаў, па развіцці згуртаванасці ў калектыве. Пры гэтым яна мае магчымасць зазірнуць у вочы кожнаму дзіцяці, кожнага пачуць. Падчас ранішніх сустрэч арганізуюцца разнастайныя гульні: “Нашы імёны”, “Кніга запрашае ў падарожжа”, “Не паўтарай” і інш. Ставяцца задачы праблемнага характару. Пачаткоўцы разгадваюць загадкі, крыжаванкі, рашаюць галаваломкі. Працуючы з такімі матэрыяламі, дзеці без асобых намаганняў развіваюць увагу, памяць, кругагляд. І нягледзячы на тое, што малодшым школьнікам даводзіцца раней за сваіх равеснікаў прыходзіць у школу, адмаўляцца ад ранішніх сустрэч яны не хочуць. Такое дэмакратычнае навучанне садзейнічае раскамплексаванасці малодшых школьнікаў, дае магчымасць кожнаму дзіцяці адчуць сваё “я”. Пасля таго, як усё абмеркавана, пачынаюцца заняткі. Работа класа вядзецца ў цэнтрах, якія дзеці выбіраюць у залежнасці ад інтарэсаў. У класе Ганны Анатольеўны ёсць цэнтры пісьма, матэматыкі, чытання, працоўнага навучання. Кожны цэнтр працуе па сваіх заданнях, пасля чаго праходзіць мультымедыйная прэзентацыя. Працуючы ў цэнтрах, дзеці вучацца слухаць адзін аднаго, супрацоўнічаць, прымаць меркаванні членаў групы, выказваць свае думкі. І самае галоўнае – кожны вучань адчувае сябе камфортна і ўпэўнена, незалежна ад узроўню развіцця і паспяховасці.
У сістэме работы Ганна Анатольеўна асаблівае значэнне надае праектна-даследчай дзейнасці. Распрацаваны праекты “Мы школь¬нікамі сталі”, “У гасцях у казкі”, “Імя мамы маёй нібы сонца прамяністае”, “Падарожжа дзяўчынкі Весялушкі” (пра здаровы лад жыцця).
А як цікава праходзіць абарона праектаў! Зайшоўшы ў клас, ужо адразу бачыш, над якім праектам працуюць дзеці: сцены пакоя аформлены плакатамі, малюнкамі, разнастайнымі выра¬бамі па тэме праекта. Вось і падчас майго наведвання школы падалося, што я трапіла на далёкія астравы св. Маўрыкія, Цэлябес, Барнэа.
Ганна Анатольеўна імкнецца рабіць усё магчымае, каб у яе выхаванцаў засталося як мага больш светлых успамінаў з дзяцінства. “Калі ёсць у кожнага чалавека прызванне на зямлі, я ўпэўнена, што маё ў тым, каб быць настаўнікам”, – гаворыць Ганна Калеснік.
І гэта сапраўды так. Яна адносіцца да дзіцяці з най¬вя¬лікшай павагай і разуменнем, што ён чалавек і адчувае адносіны да сябе. Галоўнае, на думку настаўніцы, не выхоўваць дзяцей, а пражыць з імі той адрэзак часу, які выпала быць разам. Яна катэгарычна не прымае метад бізуна і перніка, затое ўпэўнена, што ву¬чыць дзяцей трэба ўласным прыкладам. Гэта атрымліваецца, бо яе дзяцей пазнаеш адразу – такія ж адкрытыя, светлыя. Чалавечнасць – адметная рыса характару Ганны Анатольеўны. У свае 30 гадоў яна ўжо ведае, што людзі бываюць неразумнымі, эгаістычнамі, падманваюць і зай¬здросцяць, усё роўна праяўляе дабрыню, сумленнасць, шчырасць і працягвае працаваць. Акрамя таго, што існуюць патрабаванні да вучняў, Ганна Калеснік прад’яў¬ляе пэўныя патрабаванні да сябе.
Кожны дзень школьных каніку¬лаў у яе таксама распісаны: наведванне праблемных сем’яў, культурная паездка са сваім класам, удзел у раённым семінары. Настаўніца дзеліцца сваімі поспехамі з калегамі. Адносіны з калегамі іншых школ раёна, уражанні ад сустрэч напаўняюць работу педагога новым сэнсам, узбагачаюць яго. Ёй неабходна атрымліваць новыя веды, дзяліцца сваім вопытам, жыць трэба цікава і радасна, інакш пачнецца згаранне. Для самаадукацыі Ганна Анатольеўна выкарыстоўвае тэлебачанне, перыядычны друк, метадычную літаратуру, багатую хатнюю бібліятэку. Карыстаецца інтэрнэтам і камп’ютарным варыянтам энцыклапедый і даведнікаў. Калі ёсць “фортачка”, Ганна Анатольеўна не будзе туляцца па калідорах школах, а заўсёды прыйдзе ў бібліятэку, каб плённа скарыстаць вольны час. Яна называе бібліятэку кабінетам № 1 ва ўсёй установе – і ў сэнсе фондаў, і ў сэнсе створаных там умоў, і ў сэнсе прафесіяналізму яе загадчыцы Алены Барысюк. Адны кнігі будзе чытаць, іншыя проста паглядзіць, патрымае ў руках, толькі так яна іх запомніць. Магчыма, калі ёй некалі спатрэбяцца кнігі, то яна іх будзе ведаць. З кнігай, як з чалавекам, трэба знаёміцца ў твар, а не па візітнай картцы. І бібліятэка якраз мае тую магчымасць, што дазваляе гэта рабіць.
Нягледзячы на шматлікія абавязкі, мая гераіня не выглядае стомлена. Ганна Анатольеўна – аптымістка, сама стараецца зрабіць сваё жыццё прыгожым і радасным. Яна знайшла сябе не толькі ў прафесіі, у яе ёсць час для зносін з роднымі, пачытаць цікавую кніжку. Дома яе заўсёды чакаюць любімы муж і трое дзяцей: Максім, Маргарыта і Рэната, якія з году ў год патрабуюць усё больш увагі. Менавіта з імі яна не развучылася адной з важных якасцей, якая адрознівае дзіця ад дарослага, – здольнасці здзіўляцца. Таму не перастае мая гераіня здзіўляцца, як многа ў прыро¬дзе, у кожным асобным чалавеку ўсяго незвычайнага, пра што нават і не здагадваешся. І гэта вельмі дапамагае ёй у працы. Ганна Анатольеўна не паважае нядбалых настаўнікаў, якія толькі і робяць, што абвінавачваюць то кіраўніцтва, то ўрад. Грубасць, раздражняльнасць, недахоп культуры – гэта тое, за што, лічыць яна, можна звальняць педагога. Яна ўпэўнена, што павінны існаваць крытэрыі адбору на прафесійную прыдатнасць сярод абітурыентаў педагагічных ВНУ. Чаму б не ўвесці спецыяльны конкурс, як ва ўстановы па творчых спецыяльнасцях. Настаўніку на 50% неабходны артыстычныя здольнасці, уменне назіраць, слухаць, адчуваць, кантактаваць. Месца ля дошкі – гэта тая ж сцэна, на якой штодзённа разгортваюцца дзеянні, але ў настаўніка няма часу на рэпетыцыі.
Ганна Анатольеўна адгортвае партфоліа, дзе пазначаны прозвішчы дзяцей, якія вучацца ў старэйшых класах, удзельнічаюць у алімпіядах, школьных канферэнцыях. На твары – радасць, задавальненне, калі яна расказвае пра іх, ведае ўжо, хто з іх будзе настаўнікам. “Яны для мяне ўсе дарагія, бо ў кожным ёсць мая часцінка, – прызнаецца Ганна Анатольеўна. – Марына Семянюк – зорачка мая, з ёй я атрымала ўсё, чаго ў сваім настаўніцкім жыцці жадала. Цяпер Марына вучыцца ў ліцэі г. Брэста”.
Шмат добрых, цікавых лю¬дзей сустракалася на жыццёвай дарозе Ганны Калеснік. Яна лічыць, што заўсёды шанцавала на добрых, па-сапраўднаму ўлюбёных у сваю працу настаўнікаў, але ж шанцуе, згадзіцеся, лепшым: актыўным, вынаходлівым, апантаным. Сярод іх – першая настаўніца Ганна Андрэеўна, класны кіраўнік, выкладчык рускай мовы і літаратуры Марыя Якаўлеўна, урокі якіх, па прызнанні Ганны Анатольеўны, запамінальныя, непаўторныя, кожны з іх, на яе думку, меў сваю іскрынку, што засталася ў памяці, стала крынічкай жыццёвай мудрасці на будучае.
Асобыя словы падзякі Ганна Анатольеўна адрасуе начальніку аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяне Лаўрэенка, якая так праніклася яе зусім не лёгкімі на той момант жыццёвымі абставінамі і дапамагла ўладкавацца ў школу. Няхай не на клас спачатку, але ўсё ж бліжэй да маці. Для яе Таццяна Міхайлаўна – прыклад чулага, добразычлівага, сумленнага кіраўніка, які ўважліва адносіцца да чалавека, памятае пра настаўніка. Таццяна Міхайлаўна, дзякуючы свайму педагагічнаму вопыту, прафесійнай інтуіцыі змагла распазнаць, адчуць у настаўніцы вялікі душэўны запал, гарачае жаданне тварыць і не памылілася. Нядаўна Ганна Калеснік ужо атрымала прафесійную кваліфікацыю настаўніка першай катэгорыі. Цёплыя словы гучалі з вуснаў настаўніцы пра калег Любоў Сяргееўну, Алену Паўлаўну, Алену Андрэеўну як слушных дарадчыкаў і першых памочнікаў у авалодванні прафесійнымі навыкамі.
Захапляюцца гэтай настаўніцай калегі, бацькі. У калектыве Ганну Анатольеўну параўноўваюць з сонейкам, якое з усімі дзеліцца сваім цяплом. Ёй ні для каго не шкада ўсмешкі, яна дорыць радасць і цяпло, настрой усім, хто знаходзіцца побач. Ды як не захапляцца такой настаўніцай, у рэшце рэшт, жанчынай, шматдзетнай маці, якая жыве з дэвізам: “Жыццё цудоўнае!”.
Што тычыцца вучняў, то на просьбу расказаць пра сваю настаўніцу яны наперабой гавораць: “Добрая, ласкавая, пяшчотная”. Яны даражаць ёю, цэняць яе намаганні. Абсалютна відавочна, што з навічка ў прафесіі Ганна Анатольеўна стала майстрам сваёй справы і што ў калектыве Пажэжынскай школы працуе талент у яе асобе.
Хто сцвярджаў, быццам моладзь не жадае працаваць у школах, асабліва сельскіх?- Памыляецеся! Маладых педагогаў не палохаюць цяжкасці, былі б любоў і жаданне, а адміністрацыі трэба наладжваць справу так, каб людзям дапытлівым, творчым, авангардным лягчэй дыхалася, плённа працавалася і лепш жылося.

Марыя НАЎРОСЬ, ветэран педагагічнай працы


Са старонкі раённай газеты “Голас часу”