На Жабінкаўшчыне адбыўся Адзіны дзень інфармавання насельніцтва, у якім удзельнічалі член інфармацыйна-прапагандысцкай групы Брэсцкага аблвыканкама Аляксандр Мурашкін, старшыня абласнога аб’яднання прафсаюзаў, а таксама дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ад Белавежскай выбарчай акругі № 8 Жанна Стаціўка. Госці разам з кіраўніком інфармацыйна-прапагандысцкай групы № 2 Жабінкаўскага райвыканкама, старшынёй райсавета Анатолем Шалтанюком наведалі трэцюю гарадскую школу. Паслухаць іх прыйшлі педагогі і тэхнічны персанал агульнаадукацыйнай школы і ліцэя.

З асноўнай тэмай дня “Прафсаюзныя арганізацыі Брэсцкай вобласці як гарант абароны правоў працоўных” выступіў Аляксандр Мурашкін. Аляксандр Андрэевіч узгадаў, што прафсаюз – добраахвотная грамадская арганізацыя, якая аб’ядноўвае работнікаў, звязаных агульнымі інтарэсамі ў дзейнасці: у вытворчай і невытворчай сферах, для абароны працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў сваіх членаў. Ён адзначыў, што на пачатак года ў вобласці дзейнічалі 22 галіновыя прафсаюзы, якія ўваходзяць у Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі, у тым ліку 14 з іх маюць кіруючыя абласныя органы і 2876 пярвічак. У краіне налічваецца 464989 сяброў прафсаюзаў.
Аляксандр Андрэевіч важнейшым накірункам у абароне правоў і сацыяльна-эканамічных інтарэсаў працоўных назваў сацыяльнае партнёрства і расказаў аб сумеснай рабоце, якую праводзяць прафсаюзы разам з наймальнікамі.
Потым перад калектывам СШ № 3 г. Жабінкі выступіла дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі ад Белавежскай выбарчай акругі № 8 Жанна Стаціўка, якая паведала пра дзейнасць беларускага парламента. Дарэчы, Жанна Уладзіміраўна з’яўляецца членам пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях, займаецца грамадска-палітычнай дзейнасцю, працуе з выбаршчыкамі. Яна заўсёды лічыла, што ў гэтым органе ўлады павінна быць больш жанчын, таму што пытанні сям’і, мацярынства і дзяцінства, дэмаграфіі, праблема сацыяльнага сіроцтва патрабуюць перш за ўсё жаночага разумення і ўдзелу. Дэпутат Жанна Стаціўка сказала, што на 2017 год да разгляду парламентарыямі запланавана 36 законапраектаў, падзялілася навіной – удалося адстаяць права жанчын на трохгадовы дэкрэтны адпачынак па доглядзе за дзіцём; цяпер, напрыклад, яна ў складзе міжведамаснай рабочай групы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны вывучае пытанне аб мэтазгоднасці заканадаўчага замацавання абавязковага сацыяльнага адпачынку для таты пры нараджэнні дзіцяці. Расказала пра плануемыя змены і дапаўненні ў Закон Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей”, закранула пытанні працаўладкавання грамадзян і аказання ім дапамогі з боку органаў дзяржаўнага кіравання і грамадскасці.

Са старонкі газеты “Сельская праўда”