Нямецкі педагог і палітык Адольф Дыстэрвег сцвярджаў, што настаўнікам трэба нарадзіцца. Марыя Андрэеўна Гарэйка прыйшла ў гэты свет, каб “сеяць разумнае, добрае, вечнае”. Яна з гонарам гаворыць: “Прафесія педагога – мой лёс”. Выбрала сабе яе свядома, бо стаць настаўніцай марыла яшчэ з дзяцінства. “Мне падабалася вучыць іншых, аддаваць ім свае веды”, – гаворыць Марыя Андрэеўна.

Яна карэнная жабінкаўчанка з сялянскай сям’і, адсвяткавала 85-годдзе. Яшчэ падлеткам з малодшай сястрой засталася без бацькі, бо ён загінуў на вайне. Ад мамы і таты дзяўчынцы перадаліся такія важныя якасці, як справядлівасць, сумленнасць і цвёрдасць характару. Да вучобы дзяўчынка была здольная, таму пасля заканчэння 10 класаў у Жабінцы яна паступіла ў Брэсцкі педагагічны інстытут на факультэт гісторыі. “Чаму гісторыя?” – спытала я. “Мне са школы падабаліся гуманітарныя навукі. Гэты прадмет расказвае пра людзей, знаёміць з цікавымі падзеямі, што адышлі ў даўніну. Для мяне інтэлектуальнае захапленне – разбірацца ў тонкасцях палітыкі, гістарычнага мінулага”, – адказала Марыя Андрэеўна.
Па размеркаванні яна была накіравана ў Гарадзечненскую сярэднюю школу, што на Пружаншчыне. Менавіта тут у 1812 годзе адбылася вядомая бітва, якая падарвала моц напалеонаўскага нашэсця. Гэта быў жыватворны матэрыял для фарміравання патрыятызму ў вучняў. І Марыя Андрэеўна выкарыстоўвала яго ў сваёй працы.
Вось што ўспамінае былая вучаніца Гарадзечненскай школы Надзея Паўлаўна Неліповіч: “Урокі Марыі Андрэеўны былі змястоўныя і вельмі цікавыя. Прыемная і прыгожая мова настаўніцы зачароўвала нас, сказанае запаміналася. Яшчэ яна вучыла нас працаваць з падручнікам і дадатковай літаратурай. Патрабавальная, дзелавая і ўважлівая, яна карысталася заслужанай павагай у вучняў, бацькоў і калег”. А каб быць запатрабаванай і сучаснай, многа займалася самаадукацыяй. На працягу 10 гадоў Марыя Андрэеўна працавала завучам. У гэтай жа школе яна сустрэла свайго будучага мужа – настаўніка рускай мовы і літаратуры Мікалая Васільевіча Гарэйку. У маладой сям’і нарадзілася двое дзяцей: дачка Святлана і сын Віталь.20170325 150544 202x300
Потым бацькі набылі свой дом у Жабінцы і пераехалі ў гэты куток Берасцейшчыны. З 1976 года яе веды і вопыт былі запатрабаваны ў школе-інтэрнаце, дзе яна працавала спачатку ў ролі настаўніцы, пазней выхавальніцы. У гэтым калектыве заўсёды панавалі ўзаемаразуменне і паважаныя адно-сіны кіраўніцтва да работнікаў і паміж калегамі.
Хутка праляцелі тыя гады. Не стала мужа, і зараз яна адна, але жыве інтарэсамі сваіх дзяцей. Яе дачка Святлана працуе ў Маскве настаўніцай замежнай мовы, у Мінску – сын Віталь, які скончыў політэхнічны інстытут. Штомесячна ён наведвае маці, у госці да бабулі прыязджаюць унукі і праўнукі, а былыя вучні дасылаюць паштоўкі. Раней любіла вязаць і вышываць, але ўжо падводзіць зрок. Дзеці настойліва прапаноўваюць маме пераехаць да іх, але яна не хоча пакідаць сцены роднага дома, дзе ўсё нагадвае ёй пра былое жыццё. Ды і суседзі заходзяць дапамагчы і пагутарыць. Сустракаецца і мае зносіны па тэлефоне з калегамі, асабліва з Раісай Юрчук, Людмілай Кандрацюк, Раісай Андрасюк і іншымі. Усе гэтыя складнікі ў сукупнасці робяць Марыю Андрэеўну шчаслівым чалавекам.

Вера Мандрэнка, член карэспандэнцкай групы Совета ветэранаў