Настаўнік фізічнай культуры ДУА “Сярэдняя школа № 3 г. Жабінкі” стаў пераможцай абласнога этапу конкурса прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”.

Вось што гаворыць Сяргей Аляксандравіч Карпук:
– Як і на раённым этапе, давялося прайсці псіхолага-педагагічнае тэсціраванне. Затым – публічнае выступленне – маналог-разважанне на тэму “Настаўнік: учора, сёння, заўтра”. Для мяне педагог мінулага – гэта гісторыя, якую патрэбна ведаць кожнаму, хто жыццё прысвяціў нялёгкаму настаўніцкаму хлебу. Сёння – гэта мой уласны погляд на тое, як вучыць і выхоўваць дзяцей у нашы дні. А будучыня – задачы, што патрэбна ставіць і вырашаць праз гады. Прычым, абавязкова неабходна абапірацца на вопыт папярэднікаў і напрацоўкі сённяшняга дня. У сваім выступленні акцэнтаваў увагу менавіта на гэтай частцы. Заключным іспытам сталі адказы на нестандартныя сітуацыі ў класе, паказаныя па відэа. Праз дзве хвіліны канкурсантам патрабавалася іх “разруліць” і выдаць параду, што рабіць, каб такое не адбывалася ў рэальнасці. Канечне, прыемна і адказна, што па выніках абласнога конкурсу давядзецца пазмагацца ўжо не толькі за раён, але й усю Берасцейшчыну.
Яго перамога – гэта вялізная радасць ад таго, што Жабінкаўшчына настолькі багатая на таленты. За апошнія гады ва ўсіх конкурсах прафесійнага майстэрства сярод педагогаў прадстаўнікі нашага раёна ўваходзілі ў фінал абласных спаборніцтваў: і “Малады настаўнік Брэстчыны” (Ганна Кулагіна ды Алена Наруш), і “Самы класны класны!” (Ірына Панфіла), і “Педагог дадатковай адукацыі” (Алена Філіповіч).
Мы ганарымся сваімі калегамі і жадаем Сяргею Аляксандравічу перамогі ў рэспубліцы. У ягоным поспеху бачым вялікую заслугу той вялікай групы падтрымкі трэцяй гарадской школы, што была разам з Сяргеем Карпуком пад час падрыхтоўкі да вельмі адказнага экзамену на педмайстэрства.Карпук
У дапаўненне сам Сяргей Аляксандравіч выказаў падзяку калектыву Крыўлянскай сярэдняй школы, дзе не толькі пачынаў працоўны шлях, але й “атрымаў веды, патрэбныя для жыцця”.
Гэта ўсяго другі выпадак, калі жабінкавец трапляе ў фінальную частку “Настаўніка года”. Першай у 2009-ым стала Віталіна Папковіч, якая, на жаль, пайшла з жыцця. Яна ж пакуль адзіная, хто стаў прызёрам рэспубліканскага этапу. Незадоўга да адыходу Віталіна Аляксандраўна напісала ў “Сельскую праўду”, пакінуўшы своеасаблівы запавет: “Творчага запалу вам і ўдачы, дарагія канкурсанты! Вялікі крышталёвы журавель чакае вас у сталіцы! (Маленькі ўжо ёсць на жабінкаўскай зямлі)”.
Сёлета нецярпліва будзем чакаць рэспубліканскага фіналу. Як у народзе кажуць: “Куранят па восені лічаць”. Крышталёвых жураўлёў таксама.

Старшыня райкама Н.М.Урбан