Юбілейныя даты не застаюцца незаўважанымі ў калектыве нашай навучальнай установы. Вось і нядаўна свой 50-гадовы юбілей адзначыў наш калега – вясёлы, жыццярадасны і вельмі адказны чалавек, для якога не існуе невырашальных праблем, – Сяргей Сцяпанавіч Карабчук.
У школе настаўнікам чарчэння і тэхнічнай працы Сяргей Сцяпанавіч працуе 24 гады.

Ён з душой падыходзіць да сваёй справы і прымае актыўны ўдзел у жыцці калектыву узначальвае рэвізійную камісію прафкама нашай установы. Пасля заканчэння Чарнянскай школы Сяргей Сцяпанавіч працаваў у калгасе імя Крупскай трактарыстам. Па накіраванні райваенкамата навучаўся ў Брэсцкім добраахвотным таварыстве садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту. Наступны перыяд яго жыцця можна назваць самым неспакойным, але значным для загартоўкі мужчынскага характару. Два гады, пачынаючы з 1985 года, Сяргей Карабчук праходзіў службу ва Узброеных Сілах у Афганістане. Аб яго мужнасці і добрай службе больш за словы гавораць узнагароды: медалі “За адвагу”, “70 год УС СССР”, “Ад удзячнага афганскага народа”, нагрудны знак “Воін-інтэрнацыяналіст”.
Пасля армейскай службы Сяргей Сцяпанавіч зноў вярнуўся ў калгас, але вырашыў працягваць адукацыю і паступіў у Брэсцкі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна. Дыплом настаўніка ён атрымаў у 1993 годзе, з таго часу і працуе ў калектыве.

Таццяна КУРДЗЮК, старшыня прафкама ДУА “Ляхавецкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа”.
Са старонкі раённай газеты «Голас часу»