Кажуць, што выпускнікі-медалісты агульнаадукацыйных школ, гімназій, ліцэяў мала цяпер выбіраюць для сябе прафесію настаўніка. Юнакі і дзяўчаты рэдка ідуць у педагогі, бо лічылі гэтую прафесію непрэстыжнай. Аднак з такой думкай не пагаджаюцца ў СШ №2 г.Маларыта. І вось чаму.

У СШ №2 г.Маларыта неяк прайшоў тыдзень вучэбных прадметаў. Падчас яго было праведзена многа цікавых мерапрыемстваў. Аднак адным з самых запамінальных і яскравых стала сустрэча вучняў установы адукацыі з... настаўнікамі. Настаўнікамі, якія працуюць у гэтай жа школе.
- Наша ўстанова адукацыі ўнікальная і тым яшчэ, – гаворыць Любоў Куц, дырэктар, – што ў ёй цяпер выкладае 10 настаўнікаў, якія ў свой час закончылі сярэднія агульнаадукацыйныя школы з залатымі і сярэбранымі медалямі. Яны былі выдатнікамі вучобы, з’яўляліся гонарам той школы, у якой вучыліся. На іх раўняліся, з іх бралі прыклад...
Перакананы, каб вучыць на выдатна, трэба і самому прайсці гэты нялёгкі шлях – шлях выдатніка. Нішто так не ўздзейнічае і не пераконвае, як уласны прыклад педагога. Каб патрабаваць, неабходна самому быць на вышыні, адпавядаць пэўным крытэрыям.
Усё вышэйсказанае адносіцца да цяперашніх настаўнікаў СШ №2 г.Маларыта, былых выпускнікоў-медалістаў. Яны таленавітыя, дасведчаныя, крэатыўныя, абавязковыя ў сваёй працы, не ўяўляюць свайго жыцця без школы, вучняў, без жадання перадаваць ім свае веды, уменні, навыкі. Пазнаёмімся з імі.
Не адзін год на педагагічнай ніве шчыруе Сяргей Іванавіч Марашчук, настаўнік фізікі і астраноміі, залаты медаліст СШ №2 райцэнтра, і Святлана Аляксандраўна Улезла, настаўніца фізікі, інфарматыкі і матэматыкі, сярэбраная медалістка СШ №2 г.Маларыта. Разумнае, добрае, вечнае сеюць настаўніца абслуговай працы Наталля Анатольеўна Гарабінская, якая скончыла СШ №2 з залатым медалём, і Надзея Якаўлеўна Верыч, намеснік дырэктара СШ №2, настаўніца хіміі, якая з сярэбраным медалём скончыла СШ №1 г.Маларыта. Выхаванню і навучанню дзяцей прысвяцілі сабе Святлана Васільеўна Завадская, настаўніца матэматыкі, якая скончыла з залатым медалём СШ №1 райцэнтра, і Наталля Пятроўна Алесік, настаўніца нямецкай мовы, беларускай мовы і літаратуры, сярэбраная медалістка Збуражскай СШ. Педагагічную жыццёвую сцежку для сябе выбрала Аксана Міхайлаўна Галавей, настаўніца англійскай мовы, сярэбраная выпускніца Олтушскай СШ, і Наталля Міхайлаўна Струнец, намеснік дырэктара, настаўніца пачатковых класаў, сярэбраная медалістка СШ №3 г.Маларыта. Са школай свой лёс звязала Таццяна Васільеўна Давыдоўская, настаўніца пачатковых класаў, якая з сярэбраным медалём скончыла СШ №3 г.Маларыта, і Наталля Уладзіміраўна Бараноўская, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, сярэбраная медалістка СШ №3 г.Маларыта.
Вучыць і выхоўваць дзяцей – высокае мастацтва. Тонкае, далікатнае, якое патрабуе майстэрства, прафесіяналізму. Не аддасць педагог усяго сябе, не будзе і належнага выніку. Праўда, кожны з педагогаў выбірае свой шлях да сэрца вучня. Не выпадкова кажуць так: што зрабіў хлебароб, бачна на полі, тое, што чаму і як навучылі настаўнікі, бачна толькі праз гады. Тады, калі вучні вырастуць, закончаць установу адукацыі, пойдуць у самастойнае жыццё на свой хлеб. Так хочацца, каб яны знайшлі сваё месца ў дарослым жыцці і сталі сапраўднымі людзьмі.
-А для гэтага неабходна ўмець аддаваць сваю любоў таму, каго вучыш, а таксама разважлівасць, дысцыплінаванасць, патрабавальнасць да сябе, адказнасць за даручаную справу, нават самаахвярнасць, – гаворыць Надзея Якаўлеўна Верыч. – І, безумоўна, вопыт. Ён прыходзіць паступова, гэта – своеасаблівы насенны фонд. Кожнае зярнятка – вучань – можа стаць важкім коласам, калі трапіць на падрыхтаваную глебу, у добрыя рукі. Але гэтага мала, бо неабходны і належны штодзённы догляд.
-На свеце нічога няма вечнага, – кажа Таццяна Васільеўна Давыдоўская. – Гэта тычыцца і прафесій. Аднак пры выбары іх трэба перш за ўсё кіравацца прызваннем, грамадзянскім абавязкам і ўласным усведамленне таго, што гэта маё, гэта тое, чым я на самай справе магу і хачу займацца.
...Падчас сустрэчы настаўнікі СШ №2 адказвалі на шматлікія пытанні сваіх вучняў. Іх цікавіла, напрыклад, што неабходна для таго, каб закончыць школу з залатым ці сярэбраным медалём, што паўплывала на выбар прафесіі настаўніка, ці спатрэбіўся медаль у жыцці. Зайшла размова і аб прэстыжы настаўніцкай прафесіі сёння.
-Мая мама, Галіна Васільеўна Федчык, шмат гадоў узначальвала Збуражскі д/с-СШ, – успамінае Наталля Пятроўна Алесік. – Неяк у 4 класе я атрымала двойку. Мама доўга плакала. Не ведаю, з-за дрэннай маёй адзнакі ці па нейкай іншай прычыне. Аднак сабе дала слова, што маму больш крыўдзіць не буду. Старалася добра вучыцца, быць прыкладнай у паводзінах. У мамы вучылася парадку, дысцыпліне, адказнасці. Таму для сябе яшчэ ў пачатковых класах вырашыла, што стану настаўніцай.
У нашай краіне чалавек любой прафесіі ў пашане. Яна павінна быць выбрана па душы, павінна цікавіць чалавека, дапамагаць раскрыць яго здольнасці. Тады і стане любімай, будзе прыносіць задавальненне і радасць чалавеку.
- Толькі ад нас саміх, настаўнікаў, залежыць, ці будзе гэтая прафесія прэстыжнай, ці будуць настаўніка паважаць у грамадстве, – наўрад ці нельга не пагадзіцца з такім меркаваннем Любові Куц наконт прэстыжу прафесіі настаўніка.


Мікалай НАВУМЧЫК, намеснік дырэктара ДУА “Маларыцкая раённая гімназія”