Жанчына за штурвалам камбайна ў час жніва – з’ява, напэўна, рэдкая і ўнікальная для ўсёй краіны. Але Маларытчына ў гэтым плане з’яўляецца выключэннем на працягу некалькіх апошніх гадоў. Сёлета свой ужо пяты ўборачны сезон завяршае Наталля Ківачук, настаўнік-дэфектолаг Олтушскага дзяржаўнага дзіцячага сада. Наталля Юр’еўна на камбайне “Тукана-430” працуе разам са сваім мужам Аляксандрам Сяргеевічам.

Па стане на ранак 3 жніўня іх сямейны экіпаж быў лепшым на жніве-2017 у сумесным унітарным прадпрыемстве “Савушкіна”.
- Сёлета першы раз на камбайне на жніво выехалі 15 ліпеня, – расказвае Наталля Ківачук. – На нашым рахунку зерневыя зжаты на плошчы 160,2 га, намалочана больш за 590 тон. Да завяршэння ўборкі, зразумела, гэтыя лічбы зменяцца.
- Наталля Юр’еўна, жанчына-педагог і камбайнер у адной асобе – з’ява, напэўна, несумяшчальная?
- Мой прыклад паказвае, што сумяшчальная... Бацька заўсёды хацеў мець сына, аднак у яго 3 дачкі. Кожнай з нас ён “даў” нешта хлапечае. Меншая мая сястра – выдатны стралок, мае шмат узнагарод са спаборніцтваў рознага ўзроўню. Між іншым, бацька – заўзяты паляўнічы. Я і сярэдняя сястра водзім машыны.
За рулём Наталля Юр’еўна з 12 гадоў, кіраваць аўтамабілем вучылася на УАЗіку. Калі была вучаніцай 10 і 11 класаў Олтушскай СШ, то адначасова наведвала заняткі ў вучэбна-вытворчым камбінаце, якія былі арганізаваны пры ўстанове адукацыі. А потым здала экзамен і атрымала катэгорыю “А”, якая давала права кіраваць колавымі трактарамі.
Пасля заканчэння школы Наталля Юр’еўна паступіла вучыцца на філалагічны факультэт Брэсцкага дзяржуніверсітэта імя А.С.Пушкіна, атрымала дыплом настаўніка беларускай мовы і літаратуры. А ў 2009г. вырашыла набыць яшчэ спецыяльнасць настаўніка-дэфектолага ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Задуманае збылося.
Наталля Ківачук выдатна памятае пачатак чэрвеня 2012г. Яе бацька Юрый Пятровіч Парчэўскі, кладаўшчык склада гаруча-змазачных матэрыялаў СУП “Савушкіна”, тады рыхтаваў камбайн перад пачаткам уборкі. Не хапала механізатараў, аднаму працаваць цяжка, і ён, жартуючы, неяк вечарам спытаў у Наталлі:
- Можа, ты, дачушка, выручыш, пойдзеш да мяне ў памочнікі на камбайн?
Наталля быццам бы даўно чакала гэтага пытання. Таму, нават не раздумваючы, выпаліла: “А чаму б і не! З радасцю пайду”.
Юрый Парчэўскі такога адказу зусім не чакаў, але вырашыў: раз хоча, няхай паспрабуе нялёгкага хлеба механізатара. Ён быў упэўнены, што першы ж дзень жніва назаўсёды адаб’е ахвоту да хлебаробскай прафесіі. Аднак памыліўся.
Наталля Ківачук добра памятае свой першы выезд з бацькам у поле на жніво. Спёка. На небе – ні хмурынкі. Вакол лятаюць птушкі і матылькі, воддаль ходзяць буслы, якія пазляталіся на спажыву. Дзяўчыне здаецца, што поле збажыны бязмежнае. Ні канца яму, ні краю. Уяўляецца, што камбайн плыве па хлебнай ніве, быццам карабель у бяскрайнім моры. Яна заўважае лёгкія павевы ветрыку. Прабяжыць ён па полі – атрымліваюцца сапраўдныя хлебныя хвалі. Радасна на душы і шчасліва. Юрый Пятровіч заўважае рамантычны настрой дачкі і не перашкаджае гэтаму стану. Нечакана Наталля штурхае бацьку ў плячо і просіць спыніць камбайн. Яна лёгка саскоквае з апошняй прыступкі, бяжыць наперад і прыпадае да зямлі. Праз імгненне вяртаецца з букецікам валошак у руцэ.
- Сесці першы раз за штурвал камбайна не баялася, – прызнаецца мая субяседніца. – Хоць трохі і перажывала, думала, што не спраўлюся з кіраваннем. Аднак падтрымка бацькі надала ўпэўненасці. Безумоўна, фізічна цяжка гэта, але асалоду і задавальненне атрымліваю, калі зерне залатой крыніцай з напоўненых бункераў высыпаецца ў кузаў аўтамабіляў. У тым, што ў кожнага з нас штодзень ёсць на стале хлеб, – частка і маёй працы. І гэта ганарова!
З бацькам на жніве Наталля Ківачук памочнікам камбайнера працавала 3 гады. І вось ужо другі сезон – разам са сваім мужам. Калі пачалося жніво, яны доўга не вагаліся, а адразу сур’ёзна і з адказнасцю ўзяліся за справу.
Сакрэт поспеху сямейнага эпіпажу Ківачукоў у іх вопыце, зладжанасці працы, прафесіяналізме, а яшчэ – у пастаянным адчуванні надзейнага пляча адно аднаго, у разуменні ўсяго з паўслова.
- Праца з бацькам для мяне стала выдатнай школай станаўлення як хлебароба, – гаворыць Наталля Юр’еўна. – Ён навучыў усяму, што неабходна ведаць і ўмець камбайнеру. Падказваў, раіў, дапамагаў. Жаданне вучыцца было і ў самой. Таму ў 2015г. прайшла курсы перападрыхтоўкі і адкрыла катэгорыю “D”, якая дала права кіраваць самаходнымі машынамі сельскагаспадарчага прызначэння.
Неабходна дадаць, што цяпер Наталля Юр’еўна выдатна кіруе легкавым аўтамабілем, любіць з ветрыкам праехацца на матацыкле і скутэры, але не ліхачыць.
Бацька шчыра радуецца за дачку з зяцем, іх поспехам на ўборцы. І калі працуюць на адным палетку, Юрый Пятровіч спадцішка пазірае ў бок камбайна “Тукана-430”, які жне непадалёку, і ганарыцца дачкою, справаю, якую яна робіць. “Бацькава навука не прайшла дарам, – цешыць сябе ён. – Усе паказчыкі жніва вытрымлівае. Кожную хвіліну выкарыстоўвае рацыянальна. Малайчына!”
- Наталля Юр’еўна, вы з мужам з ранку да вечара аддаяце сябе высакароднай справе – шчыруеце на жніве. А як уласная гаспадарка?
- Ва ўсім дапамагае дачка Анастасія, якая скончыла 6 класаў. Таму прыкладна на месяц, пакуль мы з мужам заняты на ўборцы, дачка ў нас дома за галоўную.
Цяпер для Наталлі Юр’еўны, што сесці за штурвал камбайна, што правесці занятак з дзецьмі – амаль адно і тое ж. І на жніве яна прафесіянал, і сярод дзяцей – майстар. Ніякай працы не баіцца: ні фізічнай, ні разумовай. На любым месцы свае абавязкі выконвае добрасумленна і старанна. На добрым рахунку Наталля Ківачук у Олтушскім дзяржаўным дзіцячым садзе, дзе працуе, а што датычыцца СУП “Савушкіна”, дык гектары ўбранай плошчы і тоны намалочанага зерня красамоўна гавораць самі за сабе.
У мінулым годзе сямейны экіпаж Ківачукоў у ліку першых у раёне намалаціў тысячу тон збожжа. На абласным фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі “Дажынкі – 2016”, які прайшоў у г.Драгічын, яны былі адзначаны ўзнагародай Брэсцкага абкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу за ІІІ месца ў абласным спаборніцтве сярод сямейных экіпажаў на жніве.
- Наталля Юр’еўна, колькі за дзень намалочвае зерня ваш сямейны экіпаж?
- Па-рознаму бывае, дзень на дзень не прыпадае. На жніве мы знаходзімся ў залежнасці ад многіх фактараў, у тым ліку – ад надвор’я, культуры, якую ўбіраем, палетка... Бывае, напрыклад, што ў дзень намалочваем і 30 тон збожжа, а бывае, што і за 60.
- Наталля Юр’еўна, у наступным годзе ваш сямейны экіпаж таксама выйдзе на жніво?
- Спадзяюся, што так і будзе. З выбранай жыццёвай сцежкі мы з мужам ніколі не імкнемся збочваць.


Мікалай Навумчык