Настаўнік і камбайнер... У гэтым няма нічога незвычайнага і дзіўнага. Ёсць жа такія людзі, якім адначасова падабаецца і на зямлі шчыраваць, і дзяцей вучыць, аддаючы ўсяго сябе любімай справе. Да іх ліку належыць і Уладзімір Фёдаравіч Нікалаюк, настаўнік фізічнай культуры і здароўя вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Пажэжынскай базавай школы Маларыцкага раёна. Лета для яго – гэта не толькі час для адпачынку. У ліпені-жніўні Уладзімір Фёдаравіч традыцыйна дапамагае ААТ “Рыта” ва ўборцы зерневых. Не стаў выключэннем і сёлетні год.

З пачаткам жніва Уладзімір Нікалаюк выйшаў у поле на зернеўборачным камбайне КЗС-1218 “Палессе-GS12”. Яго прафесіяналізм і вопыт дапамагаюць убіраць без страт нават “экстрэмальныя” палеткі. Да даручанай справы Уладзімір Фёдаравіч адносіцца заўсёды з адказнасцю, усведамленнем важнасці той справы, якую робіць. Ва ўсім ён любіць дысцыпліну, парадак і толк.
-Інакш ужо не магу, – прызнаецца Уладзімір Нікалаюк. – Я разумею, што праца на зямлі – справа надзвычай складаная і адказная. Яна не церпіць дылетантаў. Спрадвеку зямля любіць, каб на ёй працаваў сапраўдны гаспадар. Ураджайнасць у нас сёлета адносна невысокая. Аднак убраць без страт неабходна ўсе засеяныя палеткі. Настрой і жаданне працаваць ёсць, тэхніка ў парадку, спадзяёмся, што і надвор’е не падвядзе. Таму, пакуль свеціць сонца і на небе няма дажджавых хмар, выкарыстоўваем кожную пагодлівую хвіліну. Нездарма кажуць, што летні дзень год корміць.
Цягне, вабіць зямелька Уладзіміра Фёдаравіча. Ды і жаданне пакуль не знікла працаваць на ёй. З асалодаю і нейкім асаблівым хваляваннем, далікатна і беражліва кожны раз бярэ мужчына поўныя прыгаршчы зерня новага ўраджаю. Вабіць яго пах і важкасць.
-Гэта ж наш скарб, аснова дабрабыту, багацце краіны! І так хочацца засыпаць яго як мага больш ў засекі дзяржавы. Усе ж добра разумеюць: будзе хлеб – будзе і песня, і ўсё астатняе, – разважае Уладзімір Нікалаюк.
Працаваць на зямлі Уладзіміра Фёдаравіча прывучылі бацькі. Ён заўсёды дапамагаў ім па гаспадарцы. Пасля заканчэння Чарнянскай СШ паступіў вучыцца ў Кіеўскае ваеннае вучылішча. Аднак перадумаў і забраў дакументы. Неўзабаве яго прызываюць на службу ў армію. На два гады лёс закінуў юнака ў Кандагар. Афганскае пекла стала добрай школай жыцця, асэнсаваннем перажытага, часам сталення, узмужнення.
Пасля ў біяграфіі Уладзіміра Фёдаравіча былі падрыхтоўчыя курсы ў Брэсцкім дзяржаўным інстытуце імя А.С.Пушкіна, вучоба на спартыўным факультэце гэтай жа ўстановы адукацыі. На першае месца працы маладога спецыяліста накіравалі ў Пажэжынскую СШ. З таго часу ён і працуе ў гэтай установе адукацыі.
Любоў і адданасць роднай зямлі пастаянна прыцягвала і ніколі не пакідала Уладзіміра Нікалаюка. Таму падчас канікулаў ён, студэнт, прыходзіў на дапамогу гаспадарцы – уладкоўваўся на час жніва камбайнерам.
-Яшчэ ў час вучобы ў школе наведваў заняткі вучэбна-вытворчага камбіната, – гаворыць Уладзімір Фёдаравіч. – На службу ў армію пайшоў, маючы правы трактарыста-машыніста і шафёра.
Уладзімір Нікалаюк на педагагічнай ніве пачаў шчыраваць у 1991г., а на хлебаробчай – на два гады раней. Так і жыве, аддаючы частку сябе і туды, і туды. Між іншым, толькі ў 1989г., калі ён першы раз уладкаваўся ў калгас, быў памочнікам камбайнера. Кіраўніцтва гаспадаркі адразу звярнула ўвагу на ўдумлівага, стараннага, адказнага і разважлівага юнака, таму на другі год запрасіла яго ўжо на працу камбайнерам. З таго часу так і павялося, што на перыяд жніва амаль кожны год, за рэдкім выключэннем, Уладзімір Фёдаравіч з радасцю і задавальненнем мяняе настаўніцкую прафесію на “хлебна-калгасную”.
-Гэта надае сілы, моцы цялеснай, як бы зараджае станоўчай энергіяй, – упэўнены мой субяседнік. – Таму штогод заўсёды час жніва чакаю з нецярпеннем, загадзя рыхтуючы камбайн да выхаду ў поле.
-Уладзімір Фёдаравіч, што вам дае праца камбайнера?
-Напэўна, не толькі дадатковы заробак, але і маральнае задавальненне, усведамленне патрэбнасці іншым таго, што раблю ад душы і шчыра. А яшчэ, напэўна, нагадвае мне, што мая мара маленства ўсё ж такі збылася (усміхаецца). Хацелася ж у дзяцінстве, як і любому хлопчыку, быць лётчыкам і лятаць над аблокамі ці стаць мараком і плаваць на бязмежных прасторах акіянаў. Задуманае знайшло сваё ўвасабленне ў працы хлебароба, дзе я, камбайнер, як капітан “карабля” плыву па жытнёвым полі, пакідаючы за сабой скошанае ржышча. Сэрца напаўняецца ў такія хвіліны радасцю ад таго, што “за бартом” гайдаюцца важкія каласы збажыны, сінеюць валошкі. А побач лятаюць не чайкі, а буслы.

Мікалай Навумчык.