Штогод напрыканцы жніўня настаўнікі раёна збіраюцца на сваю галоўную педагагічную нараду, каб падвесці вынікі мінулагодняй працы і акрэсліць задачы на будучае.
Галоўнай тэмай раённай жнівеньскай нарады сёлета стала прафесійная арыентацыя дашкольнікаў і школьнікаў.

Пра асаблівасці арганізацыі работы па ранняй прафарыентацыі ва ўстанове дашкольнай адукацыі расказала загадчык ясляў-сада № 2 Жабінкі Таццяна Усціновіч.
Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце першай гарадской адзінаццацігодкі Таццяна Казей адзначыла, што важнейшым накірункам работы школы з’яўляецца прафесійная арыентацыя навучэнцаў. Настаўніку неабходна раскрыць здольнасці кожнага вучня не толькі на ўроках, але і пад час мерапрыемстваў, арганізаваных у шосты школьны дзень.
Аб правядзенні мэтанакіраванай прафарыентацыйнай работы сярод навучэнцаў гарадскога ліцэя распавёў дырэктар установы Аляксандр Паляшчук. Ён падкрэсліў, што на сённяшні дзень 95,4 % выпускнікоў ліцэя атрымалі ці атрымліваюць вышэйшую адукацыю. Найбольшая колькасць выпускнікоў установы штогод паступае ў тэхнічныя і педагагічныя ВНУ.
А вось дырэктар цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Кацярына Лугаўская спынілася на прафесійным самавызначэнні навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Кацярына Сяргееўна адзначыла, што колькасць дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі здароўя штогод павялічваецца і ў будучым паўстане пытанне іх працаўладкавання.
– За апошнія чатыры гады ў Жабінкаўскім раёне было выпушчана 14 навучэнцаў з АПФР, з якіх 13 паспяхова паступілі ў сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы нашай вобласці і трое ўжо працаўладкаваны на аб’екты сельскай гаспадаркі Жабінкаўшчыны. Мы вучым сваіх выхаванцаў паважаць людзей розных прафесій, даводзіць пачатую справу да канца, ставіць мэты ў жыцці і дасягаць іх.
Падводзячы вынікі раённай педагагічнай нарады, старшыня райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі ўзняў у сваім выступленні многія пытанні. Гэта і падрыхтоўка да новага навучальнага года Ленінскай сярэдняй школы і ясляў-сада. У сувязі з маючымі адбыцца ў аграгарадку раённымі “Дажынкамі” ў яе ўкладзена каля 60 тысяч рублёў. Гэта таксама і капітальны рамонт харчаблока трэцяй гарадской школы, бягучы – спартыўнага комплексу “Бадзёрасць” – установы, якая дае магчымасць аздараўлівацца і дзецям, і дарослым. Гаварыў кіраўнік раёна і аб тым, што з году ў год расходы на адукацыйную сферу павялічваюцца і сёлета, напрыклад, на падрыхтоўку ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года было патрачана больш за 500 тысяч рублёў з раённага бюджэту.
Адным з прыемных момантаў раённага педсавета стала ўзнагароджванне Прывітальным адрасам дырэктара Крыўлянскай сярэдняй школы Аляксандра Казюры, які 30 гадоў узначальвае сваю навучальную ўстанову. Прычым, што адметна, заўважыў Дзмітрый Гарадзецкі, 30 працэнтаў настаўнікаў Крыўлянскай школы – яе выпускнікі.
Жнівеньская педагагічная нарада засведчыла: настаўнікі – людзі, адданыя сваёй справе і творчыя ва ўсім. Гэта пацвердзілі выставы на пляцоўцы ля трэцяй гарадской школы, дзе кожная ўстанова адукацыі прэзентавала сябе, сваю разнапланавую дзейнасць.

Са старонкі газеты “Сельская праўда”