25 гадоў прафесійнай і жыццёвай дарогі Аляксандра Кавальчука звязаны з Жабінкаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школай-інтэрнатам.

Яшчэ ў школе Саша Кавальчук вырашыў, што будзе настаўнікам. Толькі вагаўся, які прадмет у будучым выкладаць. У гісторыю ўлюбіў Мікалай Нічыпаравіч Дзяркач, падабалася на ўроках біялогіі ў Пятра Паўлавіча Кавальчука, геаграфіяй захапіла Надзея Гаўрылаўна Арол, якая да таго ж была яшчэ і класным кіраўніком.

Разам з ёю шмат падарожнічалі, пабывалі ў розных гарадах: Маскве, Краснадоне, Мінску, Варашылаўградзе, Роўне, Кіеве і многіх іншых. Яна сама многа ездзіла па краіне, шмат бачыла і потым цікава пра гэта расказвала сваім вучням. Пасля заканчэння ў 1985 годзе Хмелеўскай дзесяцігодкі Саша Кавальчук павёз дакументы ў Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.С. Пушкіна. Гістарычнага факультэта там тады яшчэ не было, і ён вырашыў паступаць на прыродазнаўчы. Выбраў спецыяльнасць “геаграфія, біялогія”. Паспяхова здаў экзамены і быў залічаны ў студэнцкую сям’ю будучых педагогаў.
Вучыцца падабалася. Цікавымі былі лекцыі і практычныя заняткі. Вытворчыя практыкі праходзілі на прадпрыемствах Краснаярска і Іркуцка: металургічным заводзе, лесапапяровай фабрыцы, іншых. Ездзілі на Байкал, вывучалі мясцовую прыроду, расліннасць тайгі, глебу, мінералы. Студэнты прыродазнаўчага факультэта шмат падарожнічалі, хадзілі ў турыстычныя паходы. З тых паездак прывозілі мноства фотаздымкаў, на якіх – вадаспады і рэкі, беласнежныя пікі гор, вершаліны таёжных соснаў.
Пасля двух гадоў навучання Аляксандра прызвалі ў армію. Трапіў у артылерыйскія войскі. Шасцімесячную вучэбку праходзіў у Барысаве (Печах), астатнія паўтара года служыў у Асіповічах. Пасля арміі вярнуўся ў інстытут, які скончыў у 1992 годзе.
Паводле размеркавання трапіў на родную Жабінкаўшчыну і быў накіраваны на працу ў школу-інтэрнат выхавальнікам. Маладога спецыяліста цёпла сустрэў тагачасны дырэктар установы – Анатоль Аляксандравіч Старыцкі, а таксама калегі, якія падтрымлівалі, падказвалі: Віктар Пятровіч Астроўскі, Сяргей Васільевіч Боўт, Васіль Аляксандравіч Літвінюк, Надзея Аляксандраўна Каўпак, Людміла Якаўлеўна Кандрацюк, з якою працавалі ў пары на класе, ды многія іншыя. Аляксандр Андрэевіч і зараз памятае сваіх шасцікласнікаў, з якімі пачынаў і якіх праз пяць гадоў ужо выпускаў. Далей працаваў толькі на старэйшых класах. Адначасова вёў урокі геаграфіі ў першай гарадской школе. Выхавальніцкай справе аддаў 14 гадоў. З многімі сваімі вучнямі Аляксандр Андрэевіч падтрымлівае сувязь і цяпер, цікавіцца іх жыццём, дасягненнямі, ведае, што скончылі, дзе працуюць.
Для работы з невідушчымі і слабавідушчымі дзецьмі патрабаваліся спецыяльныя веды. У 2004 годзе Аляксандр Кавальчук паступае ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка на дэфекталагічны факультэт на завочнае навучанне. Праз два гады атрымлівае спецыяльнасць “тыфлапедагог”.
2006 год стаў знакавым для Аляксандра Андрэевіча, і звязана гэта не толькі з атрыманнем другой вышэйшай адукацыі, але й з назначэннем яго дырэктарам Жабінкаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку. Рэкамендаваў свайго калегу на дырэктарства тагачасны кіраўнік установы Мікалай Мікалаевіч Грыневіч. Сёлета 6 жніўня споўнілася 11 гадоў, як Аляксандр Кавальчук займае гэтую пасаду.
У размове Аляксандр Андрэевіч расказаў, што зараз у школе-інтэрнаце 115 навучэнцаў з розных раёнаў Брэстчыны. Сярод іх інваліды па зроку, татальна сляпыя дзеці, часткова відушчыя, з глыбокім слабабачаннем і слабавідушчыя, сіроты і тыя, што засталіся без апекі бацькоў. З імі працуюць 52 педагогі, 23 з якіх прайшлі спецыяльную перападрыхтоўку для работы з дзецьмі з парушэннямі зроку. Акрамя таго, што хлопчыкі і дзяўчынкі ў школе-інтэрнаце навучаюцца і выхоўваюцца, яны атрымліваюць яшчэ і медыцынскае лячэнне.
Аляксандр Андрэевіч адзначыў, што, пачынаючы з 2006 года, у школе-інтэрнаце ідзе паступовая рэканструкцыя і рамонт будынкаў установы, добраўпарадкаванне тэрыторыі. Гэтыя работы праводзяцца як за кошт бюджэтных сродкаў, выдаткаваных абласным упраўленнем адукацыі, так і з дапамогай спонсараў – італьянскага міжнароднага дабрачынага фонду “Дапаможам ім жыць”. За гэты час адрамантаваны вучэбны і спальны карпусы, сталовая, харчаблок. На тэрыторыі ўстановы пакладзена тратуарная плітка, заменены бардзюры, асфальтавае пакрыццё, устаноўлена абсталяванне па безбар’ерным асяроддзі. Сёлета адрамантавалі камп’ютарны клас, сэнсарны пакой, пажарную сігналізацыю на харчаблоку, сістэму маланкааховы ў спальным і вучэбным карпусах (у апошнім замянілі дзверы).
Акрамя супрацоўніцтва з італьянскім фондам “Дапаможам ім жыць”, які займаецца і аздараўленнем навучэнцаў школы-інтэрната, установа мае цесныя стасункі з Брэсцкім дабрачынным мясцовым фондам “Новае пакаленне”, упраўленнем КДБ па Брэсцкай вобласці, праваслаўнай царквою, прафсаюзамі, Брэсцкай тыпаграфіяй, СТАА “Баншэ”, Брэсцкім аддзяленнем Беларускага дзіцячага фонду, ГА “БелТІЗ”, іншымі арганізацыямі.
Аляксандр Андрэевіч Кавальчук удзячны лёсу за тое, што на працягу многіх гадоў займаюся любімай справай – вучу і выхоўваю дзяцей, а на жыццёвай дарозе сустракаю добрых, сумленных людзей.

Са старонкі газеты “Сельская праўда”