Для мяне, як педагога з амаль 40-гадовым стажам, галоўным святам заўсёды быў і застаецца Дзень настаўніка, нават цяпер, калі я ўжо даўно на заслужаным адпачынку. Ва ўспамінах і цяпер кветкі, віншаванні, а яшчэ мая першая настаўніца. Гэта Валянціна Мікалаеўна Козіч.

Яна не толькі навучыла мяне пісаць, чытаць, лічыць, але і імкнуцца да ведаў, быць добрай і міласэрнай, бачыць прыгажосць вакол. Зараз яна мае шаноўны ўзрост – ёй 88. Нягледзячы на гады, жанчына памятае імёны сваіх вучняў, дагэтуль цікавіцца іх жыццём. Наша сяброўства пачалося са школьнай парты. Яна знаходзіла час для кожнага вучня і па-за ўрокамі: часта наведвала нас дома, гутарыла з бацькамі, была неабыякавай да ўсяго, што з намі адбывалася. Валянціна Мікалаеўна стала сапраўдным сябрам для маёй сям’і і да гэтага часу застаецца ім. Штогод я наведваю сваю першую настаўніцу, віншую са святамі. Гэты верасень не стаў выключэннем. Мы доўга сядзелі ў яе прыгожым восеньскім садзе і ўспаміналі той час, калі яна была маладой настаўніцай, а я – яе вучаніцай.
Свой працоўны шлях Валянціна Мікалаеўна пачала ў Старасельскай сямігодцы. Сюды маладога спецыяліста накіравалі пасля заканчэння Пружанскага педвучылішча і праходжання перападрыхтоўкі. Праз год яна працавала ўжо ў Жабінцы. Мая сустрэча з Валянцінай Мікалаеўнай адбылася ў 1956 годзе, калі я была залічана да яе ў першы клас. Яна адразу пакарыла мяне розумам, дабрынёй, тактоўнасцю, уменнем знайсці падыход да кожнага. Гледзячы на яе, я таксама захацела ў будучым стаць настаўніцай. Яна знаходзіла час для ўсяго: выхавала не адно пакаленне вучняў, выгадавала дваіх уласных дзяцей. Дачка Ларыса і сын Васіль выраслі працавітымі і добрасумленнымі людзьмі. Яшчэ ў Валянціны Мікалаеўны чацвёра ўнукаў і сямёра праўнукаў. “Мая сям’я – маё галоўнае багацце”, – прызнаецца жанчына. Яна і зараз застаецца мудрым настаўнікам для сваіх праўнукаў. У гульнёвай форме навучае іх матэматыцы і пісьму, чытае казкі, прывівае любоў да кнігі, з якой не расстаецца і зараз. Вучыць любіць прыроду – разам яны ходзяць у здзітаўскі лес.
Нягледзячы на ўзрост, мая былая настаўніца і цяпер любіць працаваць на зямлі – завіхаецца на агародзе. Яна лічыць, што зямля дае сілу і здароўе. “Як толькі засумую, то адразу спяшаюся да сваіх раслін, яны зараджаюць мяне энергіяй”, – гаворыць Валянціна Мікалаеўна. Прырода аддзячвае добрай гаспадыні шчодрым ураджаем, якім жанчына ахвотна дзеліцца з роднымі і сябрамі. Акрамя садавіны і гародніны, вырошчвае лекавыя травы, а падворак у цёплую пару года патанае ў кветках.
Ёсць у Валянціны Мікалаеўны яшчэ адно захапленне: яна піша вершы на роднай мове. Не адзін прысвяціла сваёй малой радзіме – вёсцы Харкі Пружанскага раёна.
Ураджэнцаў сваіх старэнькіх
Па пальцах магу падлічыць.
А калі іх ужо не стане,
Хто будзе ў вёсачцы жыць?
Напэўна дачным пасёлкам стане –
Без памяці і без імя.
А спрадвеку Харкамі сябе называла
Родная вёска мая.
Шмат жыццёвых выпрабаванняў выпала на долю маёй настаўніцы. Прымала яна іх годна, не крыўдуючы на лёс, заставалася прыкладам і для нас, сваіх вучняў. У цяжкія хвіліны я не аднойчы звярталася да яе за падтрымкай і парадай – яна заўжды адгукалася, дапамагала словам і справай. Наша сувязь застаецца непарыўнай і цяпер. Даўгалецце – гэта ўзнагарода для тых, хто мае добрае і чулае сэрца.

 

Вера Лаўранюк, ветэран педагагічнай працы