29 верасня, у гарадскім Доме культуры адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню настаўніка. Яно сабрала вялікую педагагічную сям’ю Жабінкаўшчыны: тых, хто шмат гадоў прысвяціў навучанню і выхаванню дзяцей, а таксама маладых спецыялістаў, якія сёлета прыйшлі ў раён на працу.
Мерапрыемства пачалося з цікавага відэа, якое выклікала ў прысутных шмат пазітыўных эмоцый. У ім вучні разважалі і выказвалі свае меркаванні наконт таго, хто такі настаўнік і якім ён павінен быць.

Затым на сцэне загарэлася святло, і на яе выйшлі ўрачыста апранутыя хлопчыкі і дзяўчынкі, якія прыгожымі вершаванымі радкамі прызналіся ў любові сваім настаўнікам, а потым спусціліся ў залу і падарылі ім восеньскія лісточкі з пажаданнямі.
Першымі на свяце віталі маладых спецыялістаў. Да іх звярнулася старшыня раённага савета ветэранаў педагагічнай працы Тамара Барысюк. Тамара Дзмітрыеўна падкрэсліла, што маладыя калегі прыйшлі ў настаўніцкую сям’ю Жабінкаўскага раёна, якая славіцца сваімі традыцыямі, таленавітымі педагогамі, і выказала ўпэўненасць, што сёлетняе папаўненне стане іх годнымі прадаўжальнікамі. Яна пажадала маладым настаўнікам Жабінкаўшчыны яркага насычанага жыцця, мэтанакіраванасці, аптымізму, творчага натхнення, ніколі не саромецца вучыцца, заўжды мець у сэрцы павагу да вучня і любоў да сваёй прафесіі. Пад гучныя апладысменты маладыя спецыялісты спусціліся ў залу разам са сваімі старэйшымі калегамі.
З прафесійным святам работнікаў сістэмы адукацыі раёна павіншавалі старшыня райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Жанна Стаціўка. старшыня раённага Савета дэпутатаў Анатоль Шалтанюк, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Галіна Бурко.
На свяце гучалі добрыя словы ў адрас тых работнікаў сістэмы адукацыі раёна, хто акрамя сваёй прафесійнай дзейнасці займаецца яшчэ і грамадскай. Яны актыўна працуюць ва ўчастковых выбарчых камісіях, дапамагаюць працаўнікам вёскі ва ўборцы ўраджаю, удзельнічаюць у розных творчых конкурсах, надаюць пільную ўвагу пытанням аховы працы. Іх дзейнасць была адзначана на мерапрыемстве граматамі раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, якія ўручыла актывістам яго старшыня Наталля Урбан.
Словы ўдзячнасці за самаадданую працу на карысць развіцця і ўмацавання сістэмы адукацыі Жабінкаўскага раёна гучалі са святочнай сцэны ў адрас начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама з 2007 года па ліпень 2015-га Святланы Янусік; яго намесніка з верасня 2006-га па верасень 2015-га Кацярыны Сіда; загадчыка ясляў-сада № 3 Жабінкі да верасня 2017 года Таццяны Мельнічук; намесніка дырэктара сярэдняй школы № 3, якая працавала ва ўстанове з дня яе адкрыцця, са жніўня 1988 года па верасень 2017-га, Людмілы Пшанай; намесніка дырэктара сярэднай школы № 1 з 2004 года па верасень 2017-га Марыі Гаркалюк.
Пад час мерапрыемства музычныя падарункі дарылі педагогам вакальны калектыў “Вясёлкавы мікс”, ансамблі “Веліканы” і “Фа-солька”, узорны ансамбль народнага танца “Каруначкі” і танцавальны калектыў раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Гарэзы”, а таксама выхаванка Жабінкаўскай школы-інтэрната Вераніка Анташок і педагог Ленінскай адзінаццацігодкі Вераніка Кукса.

Са старонкі газеты “Сельская праўда”