Аб тым, што педагогіка — гэта лёс, які не выбіраюць, а тым, хто любіць вучыцца і вучыць іншых, ён проста наканаваны, гаварыў амаль кожны з удзельнікаў святочнай сустрэчы, прымеркаванай да Дня настаўніка. Яе арганізавалі аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, раённы камітэт прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі разам з саветам ветэранаў педагагічнай працы.
Святочны агеньчык, на які запрасілі лепшых з лепшых былых і сённяшніх педагогаў раёна, праходзіў у шчырай, цёплай атмасферы дыялога. Вядучая праграмы – Ала Шабогіна, падрыхтавала кожнаму з удзельнікаў свята свае цікавыя і ў нейкай ступені каверзныя пытанні.

А ў цэлым атрымалася насычаная фактамі з асабістых біяграфій гісторыя адукацыі раёна. Загадчыца Хаціслаўскага дзіцяга сада Любоў Савчук, якая ў адукацыі ўжо 35 гадоў, успамінала, якім быў калектыў дашкольнай установы, калі 31 год назад прыйшла сюды загадчыцай і параўноўвала мінулае з сённяшнім днём, дэфектолаг яслі-сада №6, старшыня прафкама Наталля Макарук спынялася на самых яркіх момантах работы з дзецьмі, дырэктар Ляхавецкай школы Вера Казлова расказала пра творчы калектыў сваёй навучальнай установы, дырэктар Гвозніцкай школы Марыя Афанасенка разважала аб тым, у чым яно – самае вялікае настаўніцкае шчасце, былы дырэктар , а цяпер ужо настаўнік Лукаўская сярэдняй школы Тамара Сцепанюк успамінала аб тым, як дзевяць гадоў таму ў школе праводзіўся капітальны рамонт, які надаў навучальнай установе сучасны выгляд, які мае далёка не кожная з гарадскіх школ краіны. Гэтыя і многія іншыя ўдзельнікі святочнага агеньчыка былі ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі і Пісьмамі падзякі Брэсцкага і Маларыцкага раённага камітэтаў Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.
Асобнай старонкай праграмы стала ўшанаванне тых педагогаў, хто на час летняга водпуску прыходзіў на дапамогу сельгасарганізацыям раёна і на камбайнах убіраў з палёў ураджай. Настаўнік Пажэжынская базавай школы Уладзімір Нікаюк, настаўнік-дэфектолаг Олтушскага дзіцячага сада Наталля Ківачук і выхавальніца Хаціслаўскай сярэдняй школы Іна Грыцук сціпла, у некалькіх словах, расказвалі пра “бітву за ўраджай” і за працавітасць атрымалі падзякі і падарункі.
Не засталіся без увагі і ветэраны педагогічнай працы. Соф’я Якубчык, Галіна Пракапук, Вера Давыдзюк, Ніна Ярац і Галіна Баліцэвіч успаміналі свае настаўніцкія будні, давалі парады маладым педагогам.
Шчыра віншавалі са святам усіх удзельнікаў святочнай сустрэчы намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорта і турызму Вольга Бачай, старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Тамара Бурштын і старшыня раённага савета ветэраў педагічнай працы Соф’я Якубчык. А творчыя падарункі педагогам дарылі юныя салісткі Марына Караткевіч, Лізавета Назарэвіч, Марыя Ефлакова, а таксама артыстка размоўнага жанру Ганна Мірчук.
Святлана Максімук
Са старонкі раённай газеты “Голас часу”