Да Дня маці на Жабінкаўшчыне праводзіўся конкурс вершаў пад назваю “Прыгожы свет любоўю мацярынскай”. Яго арганізатарамі выступілі раённае аб’яднанне арганізацый прафсаюзаў, што ўваходзяць у ФПБ, галіновыя райкамы і пярвічкі прафсаюзаў, аддзелы ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі, адукацыі, спорту і турызму, раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, рэдакцыя газеты “Сельскай праўды”.

 

Да удзелу былі запрошаны школьнікі (дзеці членаў прафсаюза), работнікі прадпрыемстваў і арганізацый (члены прафсаюза), непрацуючыя пенсіянеры, што знаходзяцца на прафсаюзным уліку.
Пераможцы вызначаліся ў трох узроставых катэгорыях: да 17 гадоў уключна, ад 18 да 55-ці ўключна, старэйшыя за 55 гадоў. Сярод найстарэйшых канкурсантаў лепшым прызнаны верш Марыі Лазавік, ветэрана педагагічнай працы. Пераможца ўзнагароджана дыпломам раённага аб’яднання прафсаюзаў і сертыфікатам.

Маме...

Прысвячаецца маёй маме Марыі Васільеўне Літвінкевіч, светлай яе памяці

– Мама! – кіну слова святое ў Сусвет,
– Што, дачушка мая? – у адказ не пачую,
Бо ўжо многа мінула зімкаў і лет,
Як матуля ад хаты далёка начуе...
Нібы птушка, у вырай зляцела далёкі,
Скуль назад не вярнуцца табе ўжо ніколі,
Мне з сястрой падарыла ты
крылы ў палёт наш высокі,
Хоць сама і не зведала ветлівай долі...
Маладзенькай дзяўчынкай у хустачцы белай
Ты ў лузе зялёным схавацца хацела.
І ад гулу ў небе з жахам трымцела,
Але ж птушцы жалезнай кулачком пагразіла!
У свой век малады засталася ўдавою,
Дзвюх дачок ты на ногі паставіла, мама,
Не баялася справы жаночай, мужчынскай,
Ім ласкавыя рукі свае падстаўляла.
І шкадую я вельмі, што рэдка казала,
Табе ветлыя словы, мая дарагая.
Хоць і позна пачуй, даражэнькая мама,
Маё шчырае дзякуй, прыветнае дзякуй...
                                                                                                                                                                           

                                                                                                                                                                                       Жабінкаўскі райкам прафсаюза