30 лістапада ў Даманаўскім СДК прайшла прэзентацыя кнігі ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны, ветэрана педагагічнай працы ДУА “Даманаўская СШ”, выдатніка адукацыі Вікенція Іванавіча Мароза “Перажытае – незабытае”. Кніга ўспамінаў ветэрана, якая напісана у дакументальным фармаце, выйшла нядаўна ў Мінскім выдавецтве “Галіяфы”. А падрыхтаваў кнігу да выдання і напісаў прадмову сын аўтара, паэт, празаік, пыбліцыст, кінарэжысёр Уладзімір Вікенцьевіч Мароз, які разам са сваімі бацькамі прысутнічаў на гэтым урачыстым мерапрыемстве, паведаміў прысутным аб тым, як з’явілася на свет гэтае выданне, прачытаў некалькі сваіх вершаваных твораў, прысвечаных роднай зямлі і яе жыхарам.

Ивацевичский р н. 30.11.2017. Презентация книги. Фото0533

Нарадзіўся Вікенцій Іванавіч ў вёсцы Цякалаўшчына каля Нясвіжа. Вучыўся ў польскай школе і скончыў сем класаў. Калі ў 1939 годзе прышлі Саветы, скончыў яшчэ два класы. Затым пачалася вайна. У верасні 1943 года Вікенцій стаў навучэнцам Нясвіжскай гімназіі. У ліпені 1944 года Нясвіжскі раён вызвалілі ад нямецка-фашыстскіх захопнікаў і Вікенція Мароза прызвалі ў дзеючую Чырвоную Армію. А паколькі юнак ведаў польскую мову, то аказаўся ў польскім войску артылерыстам. Служба ў польскай арміі працягнулася да лютага 1947 года.
У 23 гады вярнуўся на радзіму. Паступіў ў Нясвіжскае педагагічнае вучылішча і ў 1948 годе атрымаў дыплом настаўніка пачатковых класаў. Сваю настаўніцкую працу Вікенцій Іванавіч пачаў у пачатковай школе вёскі Скураты нашага раёна. У гэты час сюды прыехала працаваць будучая жонка Дзіна Міцкевіч, ураджэнка вёскі Мікалаеўшчына Якуба Коласа. Тут маладыя педагогі ажаніліся, а праз год сталі працаваць настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры ў Косаўскай сярэдняй школе і паступілі завочна на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта.
Пасля двух гадоў працы ў Косаўскай школе Вікеція Іванавіча прызначылі завучам мясцовага дзіцячага дома, а потым і дырэктарам. Дзесяць гадоў працавала сямейная пара ў гэтай школе. Жылі на кватэры. Тут нарадзіліся тры сыны.
У 1961 годзе мнагадзетная сям’я Марозаў пераехала ў вёску Даманава. Вікенцій Іванавіч працаваў завучам ў мясцовай школе, а Дзіна Канстанцінаўна – настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Праз тры гады нарадзіўся чацвёрты сын. А яшчэ праз чатыры гады сям’я настаўнікаў атрымала трохпакаёвую кватэру, дзе жыве і цяпер.
Як педагогі, Марозы былі на высокіх прыступках. Вікенцій Іванавіч аддаў педагагічнай працы паўвека, стаў выдатнікам народнай асветы, атрымаў Ганаровую грамату Вярхоўнага Савета БССР і ЦК прафсаюза. Увесь працоўны час займаўся прафсаюзнай дзейнасцю. Быў старшынёй прафсаюзнага камітэта работнікаў адукацыі і навукі у Косаўскай, Даманаўскай СШ, Косаўскім дзіцячым доме, старшынёй Івацэвіцкага раённага савета ветэранаў педагагічнай працы. А яшчэ Вікенцій Іванавіч пазаштатны карэспандэнт раённай газеты “Кастрычнік”, а потым “Івацэвіцкі веснік”. Адзін з аўтараў кнігі “Памяць. Івацэвіцкі раён”.
У Дзіны Канстанцінаўны сорак гадоў работы ў школе, шмат грамат і падзяк ад дзяржавы. Але галоўнае – гэта памяць былых вучняў і сваіх дзяцей, чатырох хлопцаў: Алега, Уладзіміра, Мікалая і Ігара. Трое закончылі Даманаўскую СШ з залатым медалём. Мікалай стаў будаўніком, Ігар - медыкам, Алег - хімікам. Уладзімір пайшоў ў творчую прафесію: піша вершы, выдае паэтычныя зборнікі, працуе на кінастудыі “Беларусьфільм”, з’яўляецца аўтарам 40 дакументальных, навукова-папулярных і вучэбных кінафільмаў. З 1997 года – член Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Незабыўныя сустрэчы адбыліся ў жыцці Вікенція Іванавіча з таленавітымі і знакамітымі людзьмі нанай радзімы. У 1954 годзе на IV з’ездзе пісьменнікаў з Якубам Коласам, пісьменнікамі Піліпам Пестраком і Рыгорам Няхаем у Косаве, Іванам Навуменкам у БДУ, Іванам Шамякіным, Максімам Танкам і Барысам Сачанкам у Мінску, з Васілём Быкавым на з’ездзе беларусаў свету ў 1982 годзе.

Ивацевичский р н. 30.11.2017. Презентация книги. Фото0534
Аб гэтым і не толькі можна прачытаць у кнізе “Перажытае – незабытае”, якую Вікенцій Іванавіч пісаў усё жыццё у сваіх дзённіках настаўніка.
Вікенцій Іванавіч Мароз быў і застаецца ў свае 93 гады вельмі дружалюбным і,напэўна, шчаслівым чалавекам. Таму павіншавць яго з такой важнай падзеяй у жыцці прыйшлі жыхары вёскі, прыехалі прадстаўнікі раённай ветэранскай арганізацыі, аддзела адукацыі, спорту і турызму Івацэвіцкага райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, савета ветэранаў педагагічнай працы, рэдакцыі раённай газеты “Івацэвіцкі веснік”, Даманаўскага сельскага савета, Даманаўскай СШ.

 

Старшыня раённага савета ветэранаў педагагічнай працы Барысік Л.У.