Ідзе час, але не згасаюць у памяці людзей гады вайны, веліч перамогі над нямецкім фашызмам. Цяжка пераацаніць яе значэнне ў гісторыі.
Адной з адметных рыс мінулай вайны была яе ўсенароднасць. За агульную справу змагаліся ўсе. Змагаліся на фронце, у партызанскім тыле, у прамысловасці, у сельскай гаспадарцы, дарослыя, пажылыя людзі, дзеці...
Дваццаць сем мільёнаў чалавечых жыццяў, велізарныя матэрыяльныя выдаткі – вось плата народа за яго самую цяжкую і велічную перамогу.
Педагогі-франтавікі. Гэта людзі асаблівага лёсу, асаблівага гарту. Ім выпала абараняць нашу Бацькаўшчыну ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў са зброяй у руках і вучыць, выхоўваць дзяцей у цяжкія пасляваенныя гады.

Гераізм і мужнасць, здабытыя ў жорсткай барацьбе з ворагам, сталі жывым прыкладам педагогаў для сваіх вучняў і цэлых пакаленняў. Вайна забрала многіх настаўнікаў заўчасна, аднак ніхто з іх не забыты і не былі абыдзеныя ўвагай і клопатам тыя, хто працаваў з намі разам, якіх мы ведалі.
Няўмольна бяжыць час, і вельмі шкада, што многія ўдзельнікі тых страшных і гераічных падзей пакінулі нас, нічога не змогуць расказаць маладому пакаленню пра сваё франтавое юнацтва. Мы з вялікай любоўю і павагай шануем і ўвекавечваем ўспаміны франтавікоў, занатоўваем іх на фотаздымках у школьным гісторыка-краязнаўчым музеі, бо гэта трэба будучым пакаленням, гэта трэба ўсім нам, як сонца, як свежае паветра, як вада.
У музеі ёсць экспазіцыя, прысвечаная педагогам-франтавікам, якія працавалі ў школах Дабромысленскага сельскага Савета.
Пасля ваеннага ліхалецця, закончыўшы навучальныя педагагічныя ўстановы перад вайной альбо пасля яе, працавалі настаўнікамі пачатковых класаў Сяргей Васільевіч Снітко ў Дабромысленскай сярэдняй школе, Віктар Паўлавіч Шырко, Захар Акімавіч Філонаў – у Сялецкай васьмігадовай школе, настаўнікамі рускай мовы і літаратуры Уладзімір Рыгоравіч Белаш у Сасноваборскай санаторнай школе, Георгій Васільевіч Міхееў у Югалінскай школе-інтэрнаце. Мы ганарымся іх выключнай вытрыманасцю, унутраным аптымізмам, жыццёвай мудрасцю. Усе яны – педагогі-франтавікі, якія змаглі ўсё сваё астатняе жыццё пасля вайны прысвяціць вялікай справе – вучыць і выхоўваць вучняў. На жаль, іх сярод нас няма. Але іх жыццё, вялікая любоў да сваёй прафесіі, павага да дзяцей і іх бацькоў уражвае нас, застаўляе яшчэ раз успомніць старонкі іх баявой і працоўнай біяграфіі. Іх ваеннае мінулае, нялёгкая настаўніцкая праца і актыўны ўдзел у жыцці сельскага Савета складаюць і жыццёвы шлях.
Выдатным чалавекам, педагогам па прызванню, таленавітым выхавальнікам, шырокаэрудыраваным настаўнікам быў Сяргей Васіьевіч Снітко. Ён стаяў у вытоках арганізацыі адукацыі ў нашым сельскім Савеце.
Жыццёвая дарога Сяргея Васільевіча пачалася 22 чэрвеня 1924 года ў вёсцы Любішчыцы Івацэвіцкага раёна ў звычайнай сялянскай сям’і. З маленства ён быў прывучаны да працы. Яму давялося быць вясковым пастушком. Вельмі любіў чытаць і маляваць, што пазней спатрэбілася яму ў жыцці. У яго была вялікая прага да ведаў.Таму бацькі заўважылі гэта і аддалі ягоў польскую школу. У 1939 годзе закончыў 7 класаў польскай школы. Гэта па тым часе была вялікая адукацыя. З 1939 года па 1944 год працаваў на сельскай гаспадарцы. Уліпені 1944 года быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі. Служыў у100 стралковым палку з ліпеня 1944 года па май 1945 года.
У яго франтавой біяграфіі было нямала эпізодаў, калі жыццё стаяла на мяжы жыцця і смерці. Часта Сяргей Васільевіч успамінаў ваенную аперацыю пры вызваленні Чэхаславакіі. Шмат яго сяброў загінула ў бітве каля Прагі . Быў цяжка паранены. Урачы некалькі месяцаў змагаліся за яго жыццё. Ім удалося выратаваць жыццё маладога салдата. Дэмабілізаваны быў у маі 1945 года інвалідам 2 групы. Узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны 1 ступені, медалямі “За баявыя заслугі”, “ За адвагу” і многімі юбілейнымі медалямі.
Пасля вайны не хапала педагогаў. А Сяргей Васільевіч марыў стаць настаўнікам. Паступае ў Ганцавіцкае педагагічнае вучылішча, якое заканчвае ў 1947 годзе. З 1948 года па 1984 год працуе настаўнікам пачатковых класаў у Дабромысленскай сярэдняй школе. Разам са сваёй сяброўкай жыцця Людмілай Мікалаеўнай выгадавалі і выхавалі дваіх дзяцей, далі ім вышэйшую адукацыю.
За гады працы ў школе Сяргей Васільевіч правеў шмат раённых метадычных аб’яднанняў настаўнікаў пачатковых класаў. Праз усё жыццё ён пранёс любоў да мастацтва. Не толькі вучыў дзяцей, але і пісаў карціны. Адна з іх ”Кастусь Каліноўскі” знаходзіцца ў школьным гісторыка- краязнаўчым музеі. Дзеці і бацькі любілі і паважалі свайго настаўніка.

К.Каліноўскі
Падчас працы ў школе быў старшынёй прафсаюзнага камітэта, выбіраўся дэпутатам сельскага Савета. Сяргей Васільевіч быў актыўным лектарам раённай арганізацыі “Веды”.Часта выступаў на бацькоўскіх сходах, сходах грамадзян, выпускаў бюлетэні ў чырвоных вугалках мясцовага калгаса. Быў актыўным удзельнікам мастацкай самадзейнасці, выступаў у настаўніцкім хоры ў 50-60 гады мінулага стагоддзя.
За сваю добрасумленную педагагічную і грамадскую працу ўзнагароджаны граматамі раённага, абласнога аддзелаў асветы, Ганарованай граматай Міністэрства асветы, а 30 верасня 1968 года - нагрудным знакам ”Выдатнік народнай асветы”.
Гэта быў чалавек гарачага сэрца, сапраўдны грамадзянін сваёй Айчыны.
Няма ўжо ў жывых Сяргея Васільевіча, гэтага выдатнага чалавека і педагога, не стала яго ў 2008 годзе, але памяць аб ім, яго жыцці і справах жыве ў нашых сэрцах.
Мы беражліва захоўваем у музеі яго апошні ліст, які ён адрасаваў сваім калегам, жывучы ўжо ў Слоніме, дзе ёсць такія словы:
- Няхай у вашых душах і сэрцах заўжды жыве любоў да дзяцей. Цаніце і любіце жыццё. Зычу ўсім вам шчасця, здароўя і душэўнай моцы. Няхай на зямлі заўжды будзе мір. Заховайце традыцыі школы, якія былі закладзены настаўнікамі старэйшага пакалення.

Сцяпан Куніцкі, старшыня прафкама ДУА ”Дабромысленскага дзіцячага сада-сярэдняй школы”