У дзяцінстве на наша выхаванне і развіццё ўплыў аказваюць не толькі родзічы і сябры, але і першыя настаўнікі. Таму так важна, каб вучняў малодшых класаў накіроўваў мудры педагог. Узорам дабрыні, адказнасці і адданасці сваёй прафесіі з’яўляецца Ніна Семянюк, якая доўгія гады працавала настаўнікам у Крыўлянскай сярэдняй школе. Гэтая жанчына адсвяткавала 90-гадовы юбілей!
Ніна Фёдараўна нарадзілася ў 1928 годзе. У школу дзяўчынка пайшла ў 8 гадоў. Дзяўчынка вучылася на “выдатна”, і ўсе школьныя прадметы ёй даваліся лёгка. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны Ніна Семянюк паспела скончыць усяго пяць класаў школы. А потым была нямецкая акупацыя.

Ужо пасля вайны Ніна скончыла шосты і сёмы класы. Падчас дзяржэкзаменаў захварэла на тыф, таму здавала толькі адзін. Бацькі і сястра хацелі, каб Ніна паступіла ў медвучылішча ў Бабруйску. “Спачатку я падала туды дакументы, але потым зразумела, што заўсёды хацела быць настаўніцай”, – з усмешкай расказвае жанчына. Так яна апынулася ў Бабруйскім педагагічным вучылішчы. Праз два гады яго пераўтварылі ў інстытут. Дзяўчыне прыйшлося перавесціся ў Слуцкае педвучылішча. У 1951 годзе скончыла вучобу. Яшчэ месяц праходзіла ў Гомелі курсы па рускай мове.
Па размеркаванні Ніна Семянюк трапіла ў Жабінкаўскі раён. У Крыўляны яе прывёз шафёр з калгаса. Ёй знайшлі кватэру. Школы ў Крыўлянах да гэтага часу не было. Яе пабудавалі ў 1951-м – якраз да прыезду маладых настаўнікаў. Калі Ніна Фёдараўна праводзіла першыя заняткі, у будынку не было вокнаў і дзвярэй.
Пятнаццаць гадоў Ніна Семянюк выкладала ў Крыўлянскай школе рускую мову і літаратуру. З 1967-га гэтыя заняткі праводзіла Марыя Марковіч. “Нас у школе сабралася чатыры мовазнаўцы. Каб не спрачацца з-за гадзін урокаў, я паступіла на аддзяленне пачатковых класаў і скончыла навучанне ў 1966 годзе, – расказала Ніна Фёдараўна. – Мне падабалася працаваць з малышамі. Дзяцей усё жыццё любіла і люблю зараз. У пачатковых класах я выкладала з 1966-га па 1987-ы”. Але Ніна Фёдараўна прызнаецца, што не заўсёды было лёгка. Даводзілася працаваць не толькі ў школе, але і ў калгасе. Так зараблялі корм для сваіх кароў. Часта прыходзілася наведваць вучняў дома. “Я баялася хадзіць па вечарах міма могілак. Муж мяне заўсёды сустракаў, – успамінае жанчына. – За дадатковую працу ніхто не плаціў. Але я ніколі не шкадавала, што выбрала гэтую прафесію”.
За свае заслугі Ніна Семянюк мае нагрудны знак “Выдатнік народнай асветы БССР”. У 1975 годзе ўзнагароджана знакам “Пераможца сацыялістычных спаборніцтваў”. Мае званне “Ветэран працы”.
У Крыўлянах жанчына абзавялася сям’ёй. Яна падарыла жыццё двум сынам. І сёння ў жанчыны шэсць унукаў і столькі ж праўнукаў.
“Трэба любіць сваю справу – і тады ўсё атрымаецца!” – такі жыццёвы дэвіз Ніны Семянюк. Маладым настаўнікам ёсць чаму павучыцца ў заслужанага педагога з Крыўлян.

Са старонкі газеты “Сельская праўда”