Зусім не перабольшу, калі скажу, што школа ў Гвозніцы – адна з лепшых навучальных устаноў ў Маларыцкім раёне. Школа адметная не толькі сваім прывабным знешнім выглядам, новы будынак якой з’явіўся ў 2012 годзе, але і навучальным і выхаваўчым працэсамі, праф¬арыентацыйнай дзейнасцю, якой тут займаюцца педагогі і выхавальнікі. Дзеці ўжо з дзіцячага садка знаёмяцца з асаблівасцямі той ці іншай прафесіі, а перад выпускнікамі не ўзнікае дылема: кім стаць ці куды пайсці вучыцца?

Сёння ў Гвозніцкім вучэбна-педагагічным комплексе дзіцячы сад-сярэдняя школа, які разлічаны на 120 месцаў, вучацца 49 хлопчыкаў і дзяўчынак, 17 – наведваюць дзіцячы садок. Пад кіраўніцтвам вопытнага педагога і арганізатара Марыі Афанасенкі (на здымку ў цэнтры) тут плённа працуюць 19 настаўнікаў. Вясковая школа сёння ні ў чым не ўступае гарадской, а нават наадварот, мае намнога больш пераваг. Па-першае, класы невялікія: ад трох да 6 вучняў. Гэта значыць, што, у адрозненне ад класа, які складаецца з 28 выхаванцаў, настаўнік мае магчымасць падчас урока займацца з кожным індывідуальна. Можа, у тым і заключаецца сакрэт паспяховасці гвозніцкіх школьнікаў, у якіх сярэдні бал на цэнтралізаваным тэсціраванні вышэй за рэспубліканскі. Летась выпускнікі школы набралі высокія балы па беларускай мове, біялогіі і геаграфіі. Напрыклад, Андрэй Афанасенка на ЦТ па геаграфіі набраў балаў больш за ўсіх абітурыентаў раёна – 76. Зараз юнак — студэнт геаграфічнага факультэта БДУ.
— Для нас галоўная задача – раскрыць патэнцыял дзіцяці, — расказвае дырэктар Марыя Афанасенка. – Калі мы заўважаем, што ў нашага выхаванца ёсць спартыўныя здольнасці, настаўнікі дапамагаюць яму развівацца ў гэтым накірунку. У нас няма платных факультатываў, усе дадатковыя заняткі са школьнікамі право¬дзяцца бясплатна. І што адметна, усе дзеці паступаюць без рэпетытараў як у вышэйшыя навучальныя ўстановы, так і ў сярэдне-спецыяльныя. Яшчэ ні разу не было такога выпадку, каб нехта з хлопцаў ці дзяўчат не паступіў вучыцца далей.
Сапраўды, тут вучацца адораныя дзеці, з якімі займаюцца па-сапраўднаму таленавітыя настаўнікі, здольныя зацікавіць маладое пакаленне, нават улюбіць яго ў свой прадмет. Далёка за прыкладам хадзіць не трэба. Летась сямікласніца Аляксандра Сухарэвіч удзельнічала ў раённай алімпіядзе па геаграфіі за 9 клас і заняла другое месца. Сёлета дзяўчынка, якая ходзіць у 8 клас, на раённым узроўні сярод дзевяцікласнікаў па гэтай дысцыпліне заняла першае месца і будзе прадстаўляць раён у вобласці.
Склалася так, што настаўнікі школы працуюць у біёлага-геаграфічна-экалагічным напрамку. Амаль чатырнаццаць гадоў таму Марыя Міхайлаўна выступіла ініцыятарам стварэння на базе школы лясніцтва, якое цяпер самае шматлікае ў раёне. Школьнае лясніцтва “Папараць-кветка” наведваюць 18 хлопчыкаў і дзяўчынак 8-10 класаў, якія ўдзельнічаюць у розных акцыях, высаджваюць дрэўцы, збіраюць шышкі і лекавыя травы, майструюць кармушкі, словам, спасцігаюць усе таямніцы лесаводства.
Яшчэ адна адметнасць Гвозніцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы — гэта тое, што тут рэалізуецца праект “Крок у прафесію”, які распрацавала намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Алёна Сухарэвіч. Варта адзначыць, што распрацоўка Алёны Аляк-сандраўны заняла другое месца ў абласным конкурсе і рэкамендавана Міністэрствам адукацыі для распаўсюджвання ў краіне.
— Прафарыентацыйная работа пачынаецца з дзіцячага садка, — тлумачыць Марыя Міхайлаўна, — і складаецца з некалькіх этапаў. Першы – “Прафесія, добры дзень!” — рэалізуецца сярод дашкалят. Другі – “Прафесія маёй сям’і” — разлічаны на вучняў 1-4 класаў, трэці праект “Крок у прафесію” — для 5-8 класаў, чацвёрты – “Свет прафесій” — апрабіруецца ў 9 класе і пяты – “Я ў свеце прафесій” — для адзінаццацікласнікаў. Эксперыментальна даказана, што для таго, каб вызначыцца ў сваёй будучай прафесіі, школьнікі павінны “пражыць адзін дзень з жыцця прадаўца, бухгалтара, настаўніка ці журналіста” і тады ўпэўніцца, што выбар наконт той ці іншай спецыяльнасці зроблены правільна.
Марыя Міхайлаўна не толькі займае пасаду дырэктара, яна яшчэ выкладае ў старэйшых класах хімію і актыўна займаецца грамадскай дзейнасцю. Настаўніца працуе плённа не толькі з вучнямі, але і з іх бацькамі. Вынік навідавоку: у Гвозніцкай школе няма ніводнай сям’і, дзеці ў якой знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
— Як толькі заўважаем, што нешта не так адбываецца ў сям’і, — расказвае Марыя Міхайлаўна, якая з’яўляецца дэпутатам абласнога Савета дэпутатаў, — не пакідаем сітуацыю на самацёк, працуем з бацькамі. Яшчэ нікому не адмовілі ў дапамозе і падтрымцы. Плён¬на супрацоўнічаем з прыёмнымі сем’ямі, у якіх выхоўваецца васьмёра дзяцей.
Баліць сэрца ў Марыі Міхайлаўны за Гвозніцу, перажывае яна за будучыню вёскі. З кожным годам змяншаецца колькасць вучняў. Сёлета толь¬кі трое дзетак сталі першакласнікамі. У наступным годзе прыйдуць 4 хлопчыкі і дзяўчынкі. Парадокс заключаецца ў тым, што многія маладыя сем’і, былыя выпускнікі школы, працуюць у мясцовай гаспадарцы, а жывуць у райцэнтры. Не хоча моладзь заставацца ў вёсцы, вабіць яе горад. Хаця зараз і ў сельскай мясцовасці можна жыць з гарадскімі выгодамі.
— На наступны год плануецца, што нарэшце ў Гвозніцу прыйдзе прыродны газ. З гэтым пытаннем да мяне як дэпутата абласнога Савета неаднаразова звярталіся вяскоўцы. Гвозніца – апошні аграгарадок, які пакуль застаецца без блакітнага паліва. Звярталіся наконт дарогі Збураж-Гвозніца, якую ў гэтым годзе заасфальтавалі, на наступны год запланаваны рамонт дарогі на Радзеж, — адзначае дырэктар.
Марыя Міхайлаўна расказвае пра сваю работу і грамадскую дзейнасць з такім захапленнем і замілаваннем, што разумееш: у такога дырэктара, настаўніка, дэпутата і проста прыгожай ды абаяльнай жанчыны ўсё атрымаецца. Галоўнае — трэба не толькі добра ведаць сваю справу, але і шчыра любіць і берагчы тое, чым займаешся, прыносячы карысць людзям і ўсяму свету.

Кацярына Яцушкевіч.