Раённы фестываль “Педагагічны дэбют” паклікаў у Цэнтр творчасці маладых настаўнікаў, якія ў сёлетнім навучальным годзе пачалі сваю працоўную біяграфію ў Жабінкаўскім раёне. З імі ў калектывах на працягу года былі вопытныя настаўнікі, адміністрацыя, кіраўнік “Школы маладога педагога”, старэйшыя калегі, што праводзілі кансультацыі, падказвалі, раілі, падтрымлівалі словам маладых спецыялістаў. У іх характарыстыках адзначана, што маладая змена – людзі творчыя, аб’ектыўна і добразычліва адносяцца да дзетак, намагаюцца самаўдасканальвацца, пераймаюць вопыт старэйшых калег, актыўна ўдзельнічаюць у раённых навучальных семінарах.

 І свой вопыт першага працоўнага года яны прадставілі на раённым фестывалі “Педагагічны дэбют”: абагульнялі зробленае, пісалі эсэ “Мае першыя крокі ў прафесіі”, аформілі партфоліа настаўніка.
У фестывалі прынялі ўдзел 11 маладых педагогаў з сямі школ і дзіцячых садоў раёна. Яны цікава і неардынарна сябе прэзентавалі: прапанавалі на суд журы калектыўную творчую справаздачу, тэатралізаваную пастаноўку, відэафільм і інш. Маладыя спецыялісты прадэманстравалі свае дасягненні, паказалі сябе знаходлівымі, эрудыраванымі, камунікабельнымі і творчымі людзьмі.
Нарэшце – хвалюючае і доўгачаканае аб’яўленне пераможцаў. У намінацыі “Самая крэатыўная” перамагла педагог-псіхолаг Ракітніцкай сярэдняй школы Таццяна Віктарава. “За душэўныя адносіны да дзяцей” былі ўзнагароджаны выхавальнікі ясляў-сада Аляксандра Цімашук і Ганна Барсукова. “За намаганне да поспеху” – настаўніца матэматыкі Святлана Аляшкевіч і англійскай мовы – Ганна Чайчыц са Старасельскай школы. Намінацыяй “Педагагічныя надзеі” ўганараваны Марыя Голад – настаўніца абслуговай працы і Крысціна Цюрко – англійскай мовы з трэцяй гарадской. Настаўніцы англійскай мовы са спецшколы-інтэрната Наталля Барысюк і рускай мовы з Крыўлянскай школы Вікторыя Багута атрымалі званне “За высокую адказнасць і аптымізм”. Таццяна Усачова, настаўніца пачатковых класаў СШ № 2, стала пераможцай у намінацыі “За намаганне да мэты”.
Намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Іна Тарасевіч цёпла павіншавала ўсіх удзельнікаў фестывалю, падзякавала за сумесную работу і пажадала маладым спецыялістам не спыняцца на дасягнутым і далей актыўна ўдзельнічаць у жыцці школ. Ад імя педагогаў моладзь павіншавала таксама намеснік дырэктара Крыўлянскай сярэдняй школы  Вольга Марчук. Яна пажадала ім далейшага творчага шляху.
Раённы фестываль стаў для маладых спецыялістаў яшчэ адной прыступкай лесвіцы прафесійнага поспеху, якая абавязкова прывядзе да вяршынь педагагічнага майстэрства.
Са старонкі газеты “Сельская прўда”