І. Згадзілася там, дзе нарадзілася
У прыканцы мая педагог, актыўны няштатны карэспандэнт “Сельскай праўды” Раіса Міхайлаўна Маргевіч адзначыла свой юбілей.
Так было наканавана лёсам, што яна нарадзілася ў Жабінцы і амаль усё жыццё пражыла ў родным горадзе. Словам, дзе нарадзілася, там і згадзілася.
Пасля школы Раіса падала дакументы ў Брэсцкі педінстытут, скончыўшы які, па размеркаванні прыехала ў Азяцкую сярэднюю школу выкладаць рускую мову і літаратуру. Раіса Міхайлаўна адносілася з вялікай адказнасцю як да ўрокаў, так і да грамадскай работы. Нездарма яшчэ ў кастрычніку 1958 года абласная газета “Заря” надрукавала вялікі артыкул пра педагога-прапагандыста з Азятаў.

 У школе знайшлася для дзяўчыны другая палавінка – калега Эдуард Маргевіч, з якім у каханні і згодзе Раіса пражыла шэсць дзясяткаў гадоў, разам вырасцілі дваіх цудоўных дзяцей: сын Вячаслаў – урач-тэрапеўт, а дачка Аліна прадоўжыла дынастыю педагогаў у расійскай сталіцы.
Як нарадзіўся Славік, Раіса Міхайлаўна папрасілася на працу ў Жабінку, каб яе маці магла памагаць расціць малога, а сама Раіса працягвала працаваць. І загадчык райана Аляксандр Іпатаў перавёў маладога педагога ў школу-інтэрнат, дзе затым знайшлося месца і Эдуарду Пятровічу. Колькі пакаленняў выпускнікоў магло сказаць з удзячнасцю Раісе Міхайлаўне: “Вы – мая любімая настаўніца!”

 DSC2786. 06.06.2018 Жабинка

ІІ. Няштатны карэспандэнт
– Не толькі пісалі пра мяне і раённая, і абласная газеты, – гаварыла з усмешкай Раіса Маргевіч, – але і сама я імкнулася пісаць. Бо колькі цікавых і цудоўных людзей жыве поруч, дый маладыя слаба ведаюць тое, што выпала на долю пакаленню дзяцей вайны. Першую публікацыю Раіса Міхайлаўна падрыхтавала яшчэ ў 1950-я гады для папярэдніка раённай газеты “Сельская праўда” – “Коммунистического пути”. У той час кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР балаціраваўся па Жабінкаўскай выбарчай акрузе Пётр Міронавіч Машэраў, а даверанай асобай у яго была Маргевіч. Жанчына выступала на сходах працоўных, а пасля змясціла ў газеце публікацыю пра слыннага савецкага і партыйнага дзеяча. Раіса Міхайлаўна бачыла, якое вялікае значэнне мае друкаванае слова, і працягвала супрацоўнічаць з газетамі.
Яе артыкул “Пра што расказала карта” разам з публікацыяй гісторыка і журналіста Анатоля Бензерука “Жабінка ў “казцы” і старой карце” вяртаюць чытачоў у наш горад на восемдзесят-сто гадоў назад. Раіса Маргевіч пісала таксама пра трагедыю жабінкаўскага гета, іншыя гераічныя старонкі нашай гісторыі і, вядома, пра спецшколу-інтэрнат, якой аддала многія гады свайго жыцця. А нядаўна “Сельская праўда” надрукавала артыкул Маргевіч пра экскурсію ў гісторыка-экспазіцыйны комплекс развіцця меліярацыі земляў, размешчаны на тэрыторыі Жабінкаўскай ПМК № 19. Для Раісы Міхайлаўны такія паняцці, як “памяць”, “прыгажосць” і “праўда”, даўно маюць канкрэтнае значэнне. Яна з захапленнем распавяла пра цудоўныя вышыванкі настаўніцы Эміліі Смалюк, якой, на жаль, няма ўжо з намі; пра народны ветэранскі хор “Тонус” і інш. Але найбольш любіць расказваць пра людзей, іх незвычайныя лёсы. Няштатны карэспандэнт пісала пра настаўніцу Галіну Леанідаўну Нікіціну, якая ў час вайны вучыла дзетак у Жабінцы; пра нялёгкую долю Яўгеніі Іванаўны Качко, што зведала ў малалецтве жахі канцлагераў “Майданэк” і “Маўтхаўзен”, але выжыла-такі і доўгі час у нашым горадзе вяла ўрокі музыкі; пра ветэранаў вайны і многіх-многіх цікавых сучаснікаў.
ІІІ. Каб ведалі і памяталі
Ці шмат сустрэнеш сёння людзей, якія памяталі б наш горад перадваенны, у час ліхалецця і пасля вызвалення? Раіса Маргевіч адна з тых нямногіх, чыя відушчая памяць захавала жыццёвыя факты далёкай пары. Яна ахвотна распавядае пра час і людзей, нават згаджаецца вадзіць экскурсіі па горадзе.
Летась такая паездка была арганізавана для педагогаў-ветэранаў працы. Раіса Міхайлаўна расказвала, якой была Жабінка ў пару яе дзяцінства, як прырастала навакольнымі вёскамі, як будаваліся прадпрыемствы і дамы на пяць паверхаў, каб у 1970 годзе ўрэшце набыць статус горада, а зусім нядаўна – і горада-спадарожніка Брэста. Экскурсанты былі ў захапленні ад яе аповеду.
Раіса Маргевіч – адзін з самых актыўных сяброў клуба “Суразмоўнік”, што тры дзясяткі гадоў існуе пры раённай бібліятэцы. На яго пасяджэнні запрашаюцца цікавыя людзі, і ў першую чаргу пісьменнікі, асабліва калі яны прыходзяць да чытача з новымі кнігамі. На такіх вечарынах Раіса Міхайлаўна выступае цікава і доказна. Пастаянная падпісчыца “Сельскай праўды”, яна выбірае ў літстаронках “Плынь” лепшыя творы мясцовых аўтараў, вучыць на памяць і чытае ў клубе. Годна ацаніла вершы Івана Арабейкі ды Васіля Сахарчука, Івана Дацкевіча ды Васіля Гадулькі, іншых “плынеўцаў”. Раіса Маргевіч лічыць, што творы друкаваліся для таго, каб іх ведалі нашы чытачы, і імкнецца даносіць да іх. Непарыўнай была і застаецца повязь пакаленняў. Наканавана доўжыць яе гісторыкам, журналістам, педагогам, перадаваць здабыткі юным у спадчыну. Раіса Міхайлаўна Маргевіч, ствараючы “галерэю” партрэтаў цікавых асоб і вывучаючы гісторыю роднага краю, вызначыла сваё прызначэнне ў гэтай справе:
– Я хачу, каб усе памяталі тое, што ведалі мы!..

Са старонкі газеты “Сельская праўда”